Украіна і Расея дамовіліся часова разблякаваць рух грузавікоў па сваёй тэрыторыі. Так званы рэжым «еду дадому» ўводзіцца з 16 да 25 лютага.
Пра гэта па выніках перамоваў зь Міністэрствам транспарту РФ паведамляе Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны.
Цяпер украінскія фуры, якія з-за прыпыненьня транзыту засталіся на тэрыторыі Расеі або ў краінах Азіі на мяжы з Расеяй, бесьперашкодна змогуць вярнуцца ва Ўкраіну.
Наўзамен украінскі бок абяцае зьняць блякаду і дазволіць праезд па ўкраінскай тэрыторыі расейскім грузавікам, якія чакаюць вяртаньня дадому з краін ЭЗ.
«Гэта дазволіць вярнуць дадому больш за 600 украінскіх кіроўцаў, у якіх заканчваюцца харчы і паліва на абаграваньне аўтамабіля. Прынятае рашэньне дазволіць украінскім кіроўцам вярнуцца да сваіх сем’яў, а іхнім працадаўцам — вярнуць свае аўтамабілі і мінімізаваць неэфэктыўны прастой на тэрыторыі трэціх краін», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскага ведамства.
Аналягічна каля 600 расейскіх аўтамабіляў змогуць вярнуцца ў Расею з краін Эўразьвязу. Украінскі бок забясьпечыць суправаджэньне калён расейскіх аўто да мяжы з Расеяй або Беларусьсю.
Намесьнік міністра інфраструктуры Ўкраіны Аксана Рэйтэр заклікала грамадзкіх актывістаў у бліжэйшыя 10 дзён не перашкаджаць перамяшчэньню грузавых расейскіх аўтамабіляў дадому.
«Гэта зарука таго, што нашы ўкраінскія кіроўцы змогуць бесьперашкодна дабрацца да Ўкраіны», — адзначыла Рэйтэр.