Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Акупацыйная ўлада Крыму хоча выцесьніць крымскіх татар з паўвострава», — Чубараў


Рэфат Чубараў
Рэфат Чубараў

Днямі ў Крыме адбылася новая хваля ператрусаў у дамах крымскіх татараў. Чатырох чалавек затрымалі паводле рашэньня суду да 8 красавіка — быццам бы за тое, што яны ўдзельнічалі ў дзейнасьці забароненай мусульманскай арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр».

Тым часам «пракурор» анэксаванага Расеяй Крыма Натальля Паклонская ўручыла намесьніку старшыні Мэджлісу крымска-татарскага народа Нарыману Джэлялаву копію «пазову аб забароне дзейнасьці арганізацыі». Як паведамляе ТАСС, пазоў накіраваны ў Вярхоўны суд Крыма артыкула «Аб супрацьдзеяньні экстрэмісцкай дзейнасці». Яна патрабуе таксама забараніць выкарыстаньне крымска-татарскага нацыянальнага сьцяга злачынцамі актывістамі, якія ажыцьцяўляюць блякаду паўвострава.

Пра тое, чым выкліканыя такія рэпрэсіі, мы размаўлялі са старшынём Мэджэлісу крымскататарскага народу, народным дэпутатам Украіны Рэфатам Чубаравым.

— Якая мэта ў цяперашніх рэпрэсій? Гэта проста запалохваньне ці ёсьць нейкія глыбокія прычыны?

— Шквал рэпрэсіяў пачаўся з 11 лютага. 12 нашых чалавек затрыманыя, чацьвёра чакаюць на гэтак званы суд, які працягне іх арышт. Іх абвінавачваюць у стварэньні і дзейнасьці тэрарыстычных груповак. Зразумела, што расейская акупацыйная ўлада пачала этап загадзя заплянаванае імі правакацыі, канчатковая мэта якой — поўнамаштабныя рэпрэсіі супраць крымскататарскага народа, магчыма, да поўнага выцясьненьня яго з паўвострава. І гэтыя рэпрэсіі будуць ажыцьцяўляцца пад выглядам барацьбы з ісламскім тэрарызмам — для таго каб падмануць заходняе грамадзтва і схаваць свае сапраўдныя мэты. Цяпер па шэрагу актуальных тэмаў, у прыватнасьці з-за вайны ў Сырыі, сьвет настроены на барацьбу з тэрарызмам. Расейская акупацыйная ўлада спрабуе паказаць свае рэпрэсіі супраць непакорлівага крымскататарскага народа як барацьбу з тэрарыстамі — гэта такі яркі элемэнт гібрыднае вайны, якую ажыцьцяўляе Расейская Фэдэрацыя.

— Скажыце, за апошні час былі нейкія тэрарыстычныя акты ў Крыме — ці акупацыйная ўлада змагаецца з «тэрарызмам без тэрактаў»?

— Ні пасьля абвяшчэньня сувэрэнітэту Ўкраіны, ні ў першыя гады акупацыі не было ніякіх дзеяньняў з боку крымскіх татараў, якія і ўкраінская ўлада, і акупацыйная трактавалі б як тэрарыстычныя акты. Ні з боку крымскіх татараў, ні з боку мусульман наагул такіх дзеяньняў не адбывалася!

— Цяпер праходзяць мітынгі з патрабаваньнем да МЗС Украіны паўплываць на сытуацыю. Якая павінна быць адэкватная рэакцыя, каб прымусіць Расею спыніць гэтыя дзеяньні?

— Нельга сказаць, што актывізацыі дзейнасьці МЗС у адказ на такія дзеяньні не адбываецца. Гэта, у прыватнасьці, ініцыятывы прэзыдэнта Ўкраіны па стварэньні міжнароднай пляцоўкі «Жэнэва плюс» — каб прыцягваць іншыя краіны да абмеркаваньня пытаньня дэакупацыі Крыму. Гэта ўсё выдатна, але калі цэлы дзень на тэрыторыі ўкраінскае дзяржавы — хай і акупаванай — адбываюцца такія масавыя рэпрэсіі — зразумела, што ўкраінскае грамадзтва, уключаючы ўладу, павінна рэагаваць больш дынамічна. Крымскія татары, якія па меры сваіх магчымасьцяў адпрэчваюць расейскую акупацыю, заслугоўваюць таго, каб прынамсі маральна іх падтрымлівалі.
Палітычная карыкатура Аляксея Кустоўскага
Палітычная карыкатура Аляксея Кустоўскага

— Ці павінна быць бліжэйшым часам адкрыта місія па правох чалавека ў Крыме?

— Няма такой місіі, адбыўся аднаразовы візыт адмысловага пасланьніка Генэральнага сакратара Рады Эўропы. Гэты пасланьнік — Жэрар Штудман — знаходзіўся ў Крыме 5 дзён у студзені, сустракаўся з рознымі слаямі грамадзтва. Мы ня ведаем ягоных высноваў наконт сытуацыі з правамі чалавека, аднак ведаем, што ў канцы лютага сваю справаздачу ён накіруе да Генэральнага сакратара. Які будзе яе далейшы лёс — цяжка сказаць. Неабходнасьць прысутнасьці сталае міжнароднае місіі пад эгідай ААН — гэта наша патрабаваньне, наша прапанова, мы працуем над гэтым. Але Расея не дапускае нават найменшых шанцаў таго, што ў Крыме будуць знаходзіцца такія паважаныя міжнародныя інстытуты.

— Як вы думаеце: ці няма сувязі паміж рэпрэсіямі супраць крымскіх татараў і жаданьнем расейскіх уладаў дапячы Турцыі?

— Усё тое, што можа адбывацца ў галовах крамлёўскіх кіраўнікоў, могуць ведаць толькі псыхіятры, я не магу разважаць пра такія вэрсіі. Тое, што вы зараз агучылі, — гэта менш верагодна, бо ўсё, што робіць Расея цяпер супраць крымскіх татар, ужо было ў гісторыі, і яно паўтараецца. Ім ня трэба неляяльнага да Масквы насельніцтва — а гэта выключна карэнны народ Крыму, крымскія татары. Таму рэпрэсіі адбываюцца супраць крымскіх татараў, а таксама часткі людзей іншага этнічнага паходжаньня, але якія дэманструюць выключна праўкраінскія пазыцыі. Таму, калі Расея чаго-небудзь хоча дасягнуць сваімі рэпрэсіямі — то ў першую чаргу пакараць тых, хто выступае супраць расейскае прысутнасьці, а таксама навучыць Украіну, прывучыць увесь сьвет, што Крым — гэта нібыта ёсьць расейская тэрыторыя. Гэта і ёсьць задача крамлёўскіх правадыроў.

Рэпрэсіі супраць крымскіх татараў пачаліся ўжо 3 сакавіка 2014 году, калі ў цэнтры Сімфэропаля быў выкрадзены шматдзетны бацька Рэшат Аметаў, які выйшаў на пікет супраць акупацыі паўвострава. 15 сакавіка яго труп са сьлядамі катаваньняў знайшлі за горадам. Пасьля таго дзясяткі крымскіх татараў былі выкрадзеныя, забітыя, арыштаваныя. Крымска-татарскія СМІ апынаюцца пад рэпрэсіямі, забарона пагражае прадстаўнічаму органу народу — Мэджэлісу. Старшыні Мэджэлісу Рэфату Чубараву забаронена ўяжджаць на кантраляваны Расеяй паўвостраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG