Аляксандар Лукашэнка заклікаў «супакоіцца» тых, хто хоча яго «адшыхтаваць». «Лукашэнку абраў беларускі народ, ён стане прэзыдэнтам, калі ён гэтага захоча», — заявіў кіраўнік Беларусі сёньня ў Маскве на прэсавай канфэрэнцыі па выніках саміту Эўразійскага эканамічнага савету. Чаму Лукашэнка раптам загаварыў пра прэзыдэнцкія выбары? Каму адказваў беларускі кіраўнік, з кім ён вёў завочную палеміку? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.
—У Маскве Аляксандар Лукашэнка завочна адказаў тым, хто хоча яго «отстроить». З кім завочна дыскутаваў беларускі кіраўнік, каму ён адказваў, адкуль ідзе гэтая пагроза?
— Паказальна, што Лукашэнка найперш думае пра выбары, хаця фармальна на саміце гаварылі пра эканоміку, мытныя бар’еры, пастаўкі прадуктаў. Але акурат гэтыя пытаньні зьвязаныя ў ягоным усьведамленьні з наступнай прэзыдэнцкай кампаніяй. Бо чым горай будзе сытуакцыя ў эканоміцы, тым цяжэй будзе весьці гэтую кампанію, і тым болей будзе спакуса ў ягоных праціўнікаў калі не адхіліць яго ад улады, то «отстроить».
У ягоным адказе (хаця фармальна ён згадаў пра ўвесь сьвет) была палеміка зь нейкімі неназванымі расейскімі палітолягамі і журналістамі. Але я думаю, што стрэмкай у Лукашэнкі сядзела недыпляматычнае выказваньне расейскага амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, які выказаў сумнеў, што ўвогуле беларускі прэзыдэнт пойдзе на наступныя выбары. І гэта было ўспрынята як такі званочак ад Масквы. Дык вось, прагучаў «наш адказ Чэмбэрлену» — маўляў, нічога ў вас не атрымаецца, усё адно пайду на выбары і выйграю.
— Чаму Лукашэнка вырашыў, што ўжо можна гаварыць пра выбары? Здавалася, дагэтуль ён намагаўся пра выбары шмат не казаць, паказваючы сябе як кіраўніка, які перш за ўсё клапоціцца пра эканоміку. А тут у разгар валютнага крызісу ён узгадвае выбары. Ці гэта наўмысна ці тут проста эмацыйная рэакцыя?
— Я думаю, тут пэўны ланцужок. Выйсьце з эканамічнага крызісу (ці хаця б адцягваньне пэўных наступстваў) палягае праз тое, што Масква ў нейкай форме павінна дапамагчы. А перамовы на гэты конт сёньня, мяркуючы па ўсім, былі цяжкія. Сам расейскі рынак сьціскаецца, рубель таньнее — вось што падкошвае беларускі экспарт. А зноў даваць новыя крэдыты і датацыі Масква, як выглядае, надта ня рвецца.
З гэтага вынікае, што выбарчая задача для Лукашэнкі становіцца ўсё болей вострай. І ён прагаворвае тое, што яго найперш непакоіць. Ён ужо думае пра наступныя выбары, пра тое, што здарыцца праз 11 месяцаў, а можа быць, і хутчэй. Бо на тле сёньняшняй сытуацыі вэрсія пра набліжэньне выбараў не здаецца ўжо такой фантастычнай.