Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія СМІ спрабуюць «зьляпіць злыдня» з Лукашэнкі, — Калачоў


Канстанцін Калачоў
Канстанцін Калачоў

Нягледзячы на напружаныя адносіны паміж Менскам і Масквой, а таксама складаную эканамічную сытуацыю ў дзьвюх краінах, хаваць праект Эўразійскага эканамічнага саюза заўчасна.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў.

Камэнтуючы вынікі сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Казахстана зь Пятром Парашэнкам, Канстанцін Калачоў зьвяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка і Назарбаеў наведалі Кіеў не адначасова, і рэакцыя на гэтыя візыты з боку расейскіх «афіцыйных і напаўафіцыйных асобаў» была розная. Напрыклад, кіраўнік Камітэту па міжнародных справах Дзярждумы Расеі Аляксей Пушкоў, перасьцерагаючы прэзыдэнта Беларусі ад сяброўства з ЗША, нагадаў яму пра лёс Мілошавіча, Кадафі і Хусэйна.

«То бок, відавочна, што візыт Лукашэнкі ў Кіеў быў ініцыятывай самога Лукашэнкі. Магчыма, ён паведаміў пра свой намер расейскаму боку загадзя, але ў дадзеным выпадку цалкам відавочна, што ён дзейнічаў як самастойны палітык. Зусім іншая гісторыя, і зусім іншая рэакцыя была на візыт Назарбаева, які адразу пасьля гэтага сустракаўся з Пуціным і якога шмат хто бачыць у ролі пасярэдніка. Частка расейскіх экспэртаў лічыць, што візыт Назарбаева ў Кіеў быў узгоднены з Пуціным і што Назарбаеў выклаў Парашэнку тую пазыцыю Пуціна, якую сам Пуцін па нейкай прычыне ня можа выкласьці сам — мабыць, гаворка ідзе пра пошук кампрамісных рашэньняў па Данбасе», — кажа палітоляг.

Але, безумоўна, гэта не выключае таго факту, што Казахстан зьяўляецца сувэрэннай дзяржавай, і ў гэтай дзяржавы ёсьць свае інтарэсы ў адносінах з Украінай, кажа экспэрт.​

Пры гэтым, на думку Калачова, і Казахстан, і Беларусь працягваюць шукаць процівагу Расеі. Назарбаеў будзе імкнуцца разьвіваць адносіны з Кітаем, а Лукашэнка хацеў бы заручыцца калі не падтрымкай, дык ва ўсякім выпадку нэўтралітэтам Эўразьвязу і ЗША напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка вітаецца зь Пятром Парашэнкам, Кіеў, 21 сьнежня
Аляксандар Лукашэнка вітаецца зь Пятром Парашэнкам, Кіеў, 21 сьнежня

Наагул імкненьне балянсаваць паміж Захадам і Усходам — гэта традыцыйная тактыка беларускага лідэра, падкрэсьлівае палітоляг. Тым больш у Лукашэнкі, паводле слоў Калачова, ёсьць «цалкам законныя падставы для крыўдаў на Расею». Расейскія СМІ сёньня спрабуюць «зьляпіць злыдня» з Лукашэнкі, што ўжо неаднаразова рабілася і раней.

«Зразумела, што адносіны на постсавецкай прасторы вельмі пэрсаніфікаваныя. Шмат залежыць ад асабістых сымпатыяў і антыпатыяў паміж лідэрамі краінаў. Бачна, што Лукашэнка і Пуцін асаблівых сымпатыяў адзін да аднаго ня маюць, а паміж Пуціным і Назарбаевым — сытуацыя трошкі іншая», — канстатуе экспэрт.

Пры гэтым відавочна, што Эўразійскі эканамічны саюз, які павінен пачаць дзейнічаць зь 1 студзеня 2015 году, стартуе ня ў самых лепшых умовах — і гэта тычыцца ня толькі напружаных адносінаў паміж Менскам і Масквой, але і эканамічных цяжкасьцяў у краінах. Але пра правал гэтага праекту казаць, безумоўна, нельга.

«Безумоўна, праект пачынаецца зусім ня з тых зыходных пазыцыяў, якіх чакалі. Сьвята, відавочна, сапсаванае. Цяпер шмат нэгатыўных прагнозаў што да Эўразійскага эканамічнага саюза. Але нягледзячы на тое, што сьвята не атрымалася, хаваць саюз заўчасна. Пры гэтым, я думаю, што ЭАЭС у большай ступені неабходны Беларусі, чым Казахстану: у гандлёвым абароце Казахстана Расея займае не настолькі значнае месца, а вось для Беларусі Расея — гэта галоўны рынак збыту. Я думаю, што якімі б ні былі асабістыя адносіны, якія б ні былі асьцярогі ў дачыненьні да Расеі з боку Беларусі і Казахстану, але губляць выгады эканамічнага супрацоўніцтва ніхто не захоча», — упэўнены палітоляг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG