Удзельнікі: расейскі журналіст Вадзім Дубноў з Масквы і палітычны аглядальнік інтэрнэт-парталу tut.by Арцём Шрайбман зь Менску.
Што стаіць за візытамі прэзыдэнтаў Беларусі і Казахстану ў Кіеў?
Валер Карбалевіч: «Як раз перад самітамі АДКБ і Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету прэзыдэнты Беларусі і Казахстану зладзілі візыты ў Кіеў. Гэта такая дэманстрацыя Расеі, якая знаходзіцца ў канфлікце з Украінай. Як гэта можна пракамэнтаваць?»
Вадзім Дубноў: «У Назарбаева і Лукашэнкі падчас гэтых візытаў былі розныя матывы. Прэзыдэнт Казахстана такім крокам імкнецца падняць свае стаўкі на постсавецкай прасторы, падцягнуцца па ўплыву да Расеі. Візыт Лукашэнкі — гэта тактычны, крок, які ўкладваецца ў ягонае лякальнае супрацьстаяньне з Масквой».
Арцём Шрайбман: «Назарбаеў трохі зайдросьціць лаўрам пасярэдніка ў расейска-украінскім канфлікце, якія атрымаў Лукашэнка. А візыт прэзыдэнта Беларусі, сапраўды, можна разглядаць у рэчышчы канфлікту паміж Менскам і Масквой. Такім чынам Лукашэнка хацеў падвысіць свае стаўкі перад паездкай у Маскву. Такая тактыка ў мінулым давала свой плён».
Чаму абвастрыліся супярэчнасьці паміж Менскам і Масквой?
Карбалевіч: «Апошнім часам беларуска-расейскія адносіны ўвайшлі ў канфліктнае поле. Тут і харчовая вайна, і іншыя праблемы. 11 сьнежня МЗС Беларусі паскардзіўся амбасадарам ЭЗ на Маскву. І вось гэты візыт Лукашэнкі ў Кіеў. Што стаіць за гэтым канфліктам Беларусі і РФ?»
Шрайбман: «Харчовая вайна — гэта толькі адзін з чыньнікаў канфлікту. Другая прычына — фінансавы крызіс у Расеі, які адмоўна паўплываў на Беларусь. І ўсё гэта напярэдадні выбараў. Раней РФ была крыніцай дапамогі Беларусі, а цяпер яна — крыніца праблем для Беларусі. І гэта раздражняе Лукашэнку».
Карбалевіч: «У Беларусі канфлікт паміж Менскам і Масквой жыва абмяркоўваецца як у дзяржаўных, так і недзяржаўных мэдыях. А ці заўважылі гэты канфлікт у Расеі? І ў чым бачыцца яго прычына?»
Лукашэнка для Масквы — гэта проста прыкрая недарэчнасьць, якая не зьяўляецца нечаканасьцю
Дубноў: «Лукашэнка сёньня не галоўны герой у Расеі, якая ўступіла ў канфлікт амаль з усім сьветам. А Лукашэнка для Масквы — гэта проста прыкрая недарэчнасьць, якая не зьяўляецца нечаканасьцю. Да гэтага канфлікту кіраўніцтва РФ ставіцца спакойна, але з жалем. Лукашэнка заўсёды выкарыстоўвае на сваю карысьць усе ўскладненьні Расеі на міжнароднай арэне. Але зьмяніўся кантэкст. Бо ніколі раней Расея не ўступала ў такі доўгі і сыстэмны канфлікт з Захадам. І да таго ж цяпер Масква не зьяўляецца крыніцай фінансавай дапамогі Беларусі. Такую крыніцу Лукашэнку давядзецца шукаць у іншым месцы».
Калі адбудуцца перамовы паміж Лукашэнкам і Пуціным?
Карбалевіч: «Яшчэ адна інтрыга. 9 сьнежня Лукашэнка прымаў дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Рапоту. З заяваў прэзыдэнта Беларусі вынікае, што Расея прапанавала правесьці паседжаньне вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы 23 сьнежня ў адзін дзень з самітамі АДКБ і Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету. Лукашэнка не пагадзіўся, бо лічыць, што накапілася „куча пытаньняў“, таму трэба больш часу. Цяпер не зразумела, калі адбудзецца гэтае паседжаньне. Другі момант: Пуцін сустракаецца ў Маскве з Назарбаевым, але не сустракаецца з Лукашэнкам. Што ўсё гэта значыць?»
Шрайбман: «Каб урэгуляваць канфлікт, асабістая сустрэча прэзыдэнтаў не абавязковая. Гэта магчыма зрабіць і з дапамогай тэлефанаваньня, гэта можна зрабіць і падчас перамоваў на ніжэйшым узроўні. Па-другое, адмова Пуціна сустракацца з Лукашэнкам — гэта ўжо дэманстрацыйны крок Масквы. Верагодна канфлікт будзе вырашаны метадам «спусканьня на тармазах».
Дубноў: «Досьвед публічнага вырашэньня канфлікту з Беларусьсю для Пуціна выявіўся няўдалым. Таму Масква імкнецца не пераносіць канфлікт у публічную прастору, хоча вырашыць усё кулюарна. Сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам адзін на адзін павышаюць значнасьць беларускага лідэра. Таму Крэмль будзе ад гэтага ўстрымлівацца».