Свабода пратэставала новы сэрвіс таксі, які ад учорашняга дня даступны ў Менску.
«Яндэкс.Таксі» цяпер працуе ў 19 расейскіх гарадах і ў Менску. У беларускай сталіцы партнэрам кампаніі стала служба таксовак 135, але да працы з сэрвісам дапушчаны ня ўсе аўтамабілі: выбіралі аўто, не старэйшыя за пяць год, і лепшых кіроўцаў.
Пакуль тарыфы ідэнтычныя 135: мінімальны кошт паездкі — 40 тысяч, у гэтую суму ўваходзяць першыя тры кілямэтры, далей кілямэтар у горадзе каштуе 5900, па-за горадам — 8900. Цяпер даступна 200 аўтамабіляў эканом-клясы, у будучыні магчыма зьяўленьне даражэйшых мадэляў.
Каб скарыстацца «Яндэкс.Таксі» трэба ўсталяваць праграму на тэлефон і пацьвердзіць свой нумар. Пры жаданьні можна прывязаць банкаўскую картку. У Uber гэта адзіны спосаб аплаты, а тут разьлічвацца можна і гатоўкай.
Таксі з шашачкамі
Аб 11 раніцы на маршруце было 86 машын. «Яндэкс.Таксі» абяцае прыбыцьцё таксоўкі празь пяць хвілін, на практыцы ж аказалася 16: першы кіроўца прыняў выклік і сем хвілін стаяў на месцы (замоўленае аўто і яго рух бачныя на мапе). Пасьля выклік адмяніўся кампаніяй.
Наступны кіроўца даехаў за дзевяць хвілін. Прыехаў не дакладна туды, дзе стаў кліент — прыйшлося званіць, нумар кіроўцы ёсьць у СМС, якая прыходзіць пасьля замовы. Трэба прызнаць, што gps-лякацыя аналягічна працуе і ў Uber.
На выклік прыяжджае таксоўка з жоўтымі нумарамі і шашачкамі. У Uber аўтамабіль выглядае як звычайны, ніякіх апазнавальных знакаў няма.
Працуе лічыльнік, можна атрымаць чэк — гэта таксама адрозьненьне ад амэрыканскага канкурэнта. Стан аўтамабіля правяраецца кожныя тры дні— кіроўца павінен зрабіць 15 фотаздымкаў і даслаць іх апэратару, каб той пракантраляваў зьнешні выгляд і чысьціню салёна. Прадстаўнікі кампаніі плянуюць у будучыні пазначаць свае аўтамабілі адмысловым чынам, пакуль жа гэта проста таксоўкі з лога 135.
Даехаць ад вуліцы Гастэлы да мэтро «Парк Чалюскінцаў» абышлося ў 70 тысяч. Прыкладная сума вылічваецца яшчэ да паездкі, праўда, са значкам расейскага рубля. У Uber паездка па тым жа маршруце каштуе на 10 тысяч даражэй. Пасьля ня трэба падпісваць дамову, як гэта робіцца ў амэрыканскім сэрвісе, і можна атрымаць папяровы чэк, а не электронны на пошту. Гэта дае сэрвісу перавагу ў вачах тых, хто карыстаецца таксоўкаю па працы ці ў камандзіроўках.
«Яндэкс.Таксі» працуе па фіксаваных тарыфах. У Uber яны могуць падвышацца ў сьвяты, у кепскае надвор’е ці нават у гадзіны пік.
Пасьля паездкі якасьць паслугі можна ацаніць, у кампаніі абяцаюць строга сачыць за рэйтынгамі кіроўцаў. Плянуюць увесьці дадатковыя опцыі пры замове — дзіцячы фатэлік, кіроўца, які ня курыць.
Чаму «Яндэкс.Таксі» ня Uber?
- працуюць зь фірмай таксі, якая ўжо існуе
- плаціць можна, як у звычайнай таксоўцы, і па тых жа коштах
- пасажыр атрымлівае звычайны чэк і бачыце кошт паездкі на лічыльніку
- працуюць па фіксаваных тарыфах
- можна замовіць таксоўку на пазьнейшы час, на наступны дзень
Чаму таксісты не пратэстуюць супраць «Яндэкс.Таксі»?
- яны не ствараюць свайго аўтапарку (пакуль што)
- вядомасьць кампаніі і рэкляма дазволяць павялічыць колькасьць кліентаў, але толькі для адной фірмы
- яны працуюць у тых самых юрыдычных умовах, што і іншыя таксі
- нічога новага — мабільныя праграмы ёсьць і ў іншых кампаніяў