Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лёгкі» тарыф выклікаў пратэст таксоўшчыкаў у Гомелі


З 1 лютага гомельская служба таксі «Аўтаміг 181» увяла ў дзённы час аблегчаны тарыф на перавозку пасажыраў. Гэта выклікала пратэст у кіроўцаў — многія адмаўляліся працаваць паводле «лёгкага» тарыфу, а паўтара дзясятка чалавек скасавалі зь фірмай свае дамовы на супрацоўніцтва.

Кіраўнік аддзелу транспарту «Аўтаміга 181» дзівіцца такому дэмаршу кіроўцаў, бо лічыць, што зьмяншэньне платы за падачу таксоўкі на 5 тысяч рублёў — ня тая сума, каб страйкаваць. Акцыя ж робіцца дзеля гараджанаў, прычым дзейнічае яна нават ня цэлыя суткі, а ўсяго сем гадзін — з 10.00 да 17.00:

«Цяпер, калі далёка ня ўсім гараджанам жывецца соладка, мы вырашылі падтрымаць насельніцтва, падтрымаць прадпрымальнікаў, якія страйкуюць. Людзі ня так шмат зарабляюць, таму мы й праводзім такую акцыю».

Арганізатар перавозак лічыць, што з-за пяці тысяч ня варта шум падымаць, бо за гэткія грошы цяпер нават бохан хлеба ня купіш.

Самі таксоўшчыкі не пагаджаюцца з такімі тлумачэньнямі.

«Гэтая акцыя, па сутнасьці, праводзіцца за наш кошт. Апэратар перавозак ня зьменшыў нам абанэнцкую плату — яна так і засталася мільён 200 тысяч. Няхай бы сказаў: хлопцы, зьмяншаем вам плату на дзьвесьце тысяч, а вы ўжо са свайго боку бярыце з пасажыраў на пяць тысяч менш за пасадку ў таксі і на тысячу менш за кілямэтар шляху. Але ж нас ніхто ня чуе. У „Аўтамігу“ паступаюць проста: ня згодны з расцэнкамі — дамова аўтаматычна касуецца», — тлумачыць сытуацыю кіроўца Андрэй.

На думку кіроўцы, дыспэтчарскай арганізацыі варта было ўзгадніць зьмену тарыфаў з самімі перавозчыкамі. І рабіць гэта трэба было да 26 студзеня — дня, калі бярэцца папярэдняя аплата:

«Мы ж ня сталі больш зарабляць. У нас падатак з сакавіка павялічваецца, унёсак у фонд сацыяльнай абароны ўжо вырас. Нам жа ніхто нічога не скідае, ніякай ільготы не дае».

Машына «Аўтаміга 181»
Машына «Аўтаміга 181»

Яшчэ адзін кіроўца, які не схацеў афішаваць сваё імя, дадае:

«У лютым у нас заўсёды цяжка з заказамі. І што „Аўтаміг“ абвясьціў такую акцыю, пасажыраў не дабавіць. Хто карыстаўся таксоўкамі, той і будзе карыстацца. Я ж асабіста губляю на гэтай акцыі за дваццаць дзён працы каля паўтара мільёна рублёў. Падлічым. У дзень я выконваю прыкладна дзесяць заказаў, палова зь іх паступае ад абанэнтаў, а палова — не. У сярэднім я губляю на адной замове сем з паловай тысяч рублёў, за дзень — 75 тысяч.За дваццаць дзён — паўтара мільёна. Такая вось арытмэтыка».

Таксоўшчыкі, якія страцілі цэнтралізаваныя замовы на паслугі таксі, бяз працы, вядома, не застануцца. Яны альбо пяройдуць да іншага дыспэтчара, альбо самі працуюць «ад крайка» — гэта значыць, ад любога прыпынку.

Некаторыя перавозчыкі наагул лічаць, што зьмяншэньне на 5 тысяч платы за падачу таксоўкі і на тысячу — за кілямэтар паездкі, — звычайны прамоўшэн дыспэтчарскай фірмы, бо нейкай рэальнай эканоміі пасажыру гэта не прынясе. Паездкі ж у горадзе на таксоўцы абмяжоўваюцца 5–10 кілямэтрамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG