Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст таксістаў: чаму яны (не?) лудыты


Таксі Uber. Фота Shutterstock
Таксі Uber. Фота Shutterstock

Старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац даручыў 8 лютага «прааналізаваць» працу сэрвісу Uber. За два дні да таго каля 80 менскіх таксістаў сабраліся на стыхійную сустрэчу, дзе выказвалі, сярод іншага, незадаволенасьць сваім новым канкурэнтам, сэрвісам Uber X, які запусьціўся ў сталіцы ў лютым.

Падобныя пратэсты супраць Uber адбываліся ці ня ў кожнай краіне, дзе той пачынаў дзейнасьць, дзе-нідзе даходзіла да пагромаў. Даўжэзны сьпіс прэтэнзіяў да Uber у розных краінах ёсьць, напрыклад, на Вікіпэдыі па-ангельску.

Адрозьненьне беларускага пратэсту ад шмат якіх іншых у тым, што, як таксоўшчыкі сьцьвярджалі на сходзе, «Uber стаў апошняй кропляй».

Менскі таксіст і актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў распавёў Свабодзе, што цэны на таксі апошні раз цэнтралізавана падвышаліся, калі даляр быў па 8 тысяч, а «шашачкі» на машыне дзейнічаюць як прынада для падатковай і кантрольных органаў. За апошні год у сувязі з крызісам людзі сталі езьдзіць на таксі значна меней, дадае ён. На сходзе таксістаў гучалі патрабаваньні стварыць роўныя ўмовы для ўсіх перавозчыкаў, узмацніць адказнасьць за нелегальную працу, арганізаваць у горадзе легальныя стаянкі таксі, аслабіць кантроль з боку дзяржаўных органаў і дамовіцца аб узгодненым падвышэньні тарыфаў усімі перавозчыкамі.

Таксісты ня маюць выразнага лідэра — прынамсі, пакуль.

Гісторыя дыялёгу з уладамі прафсаюзу «Менскае таксі» ў нечым нагадвае гісторыю прадпрымальнікаў і «Пэрспэктывы», але да цяперашніх хваляваньняў таксоўшчыкаў гэты прафсаюз, як і яшчэ адзін менскі прафсаюз таксоўшчыкаў, пакуль не далучаўся. Некаторыя мітынгоўцы ў суботу казалі, што тым саюзам ня вераць і лічаць іх «фармальнымі», асобныя прапаноўвалі перакрыць МКАД на знак пратэсту. Як распавёў Свабодзе старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка, таксоўшчыкі нават запрашалі яго на свой сход, хоць сваім лідэрам, вядома, не прызнавалі.

Нягледзячы на шматлікія патрабаваньні, самыя заўважныя прэтэнзіі таксоўшчыкаў скіраваныя да ўласна Uber — усясьветнай кампаніі, на траціну даражэйшай за «Газпром». Кіроўцы Uber, як лічаць таксоўшчыкі, ня плоцяць падаткі ў тым жа аб’ёме, ня маюць належных ліцэнзіяў, страховак на сябе і пасажыраў — і выстаўляюць ніжэйшыя тарыфы.

Таксоўшчыкі ня вераць у выкананьне кіроўцамі Uber усіх нормаў, Uber абвяргае прэтэнзіі таксоўшчыкаў — і таму Шорац абяцаў праверку Uber.

Ад пачатку дзейнасьці ў Uber сьцьвярджаюць, што юрыдычным асобам і ІП, каб падключыцца да сыстэмы Uber, патрэбныя ліцэнзіі, тэхпашпарты, страхоўкі на сябе і машыну, яны таксама плоцяць падаткі. Uber X мае цэны, параўнальныя з таксі, Uber Black — заўважна даражэйшы. UberPOP, які прадстаўляе паслугі перавозкі безь ліцэнзіі, у Беларусі не працуе.

У ролі лічыльніка Uber выступае мабільная праграма, якую сам кіроўца практычна ня можа «падкруціць». Яшчэ да выкліку яна папярэджвае кліента пра прыблізны кошт паездкі. Хаміць пасажыру ня варта — калі пасажыры выставяць перавозчыку сярэднюю адзнаку ніжэй за 4,7 з 5 (напрыклад, занадта гаваркому ці занадта неахайнаму), таго адключаць ад Uber. Машыны для Uber павінны быць не старэйшыя за пяць гадоў, кіроўцам рэкамэндуюць вытрымліваць строгі дрэс-код, патрабуецца, каб не было судзімасьцяў.

У сацсетках таксоўшчыкаў пачалі параўноўваць з лудытамі.

Маўляў, як і праціўнікі прамысловай рэвалюцыі, якія грамілі станкі ў Ангельшчыне XIX стагодзьдзя, таксісты нібыта змагаюцца не зь несправядлівасьцю, а з прагрэсам. Пасты ў падтрымку таксоўшчыкаў адшукаць пакуль цяжка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG