«Усе ў шоку» — так рэагуюць знаёмыя Ўлада К. на трагедыю, якая здарылася ў гандлёвым цэнтры «Эўропа» 8 кастрычніка. Апошнія 2 гады Ўлад К. вучыўся ў менскай школе № 27. Пра яго Радыё Свабода распавялі некалькі аднаклясьнікаў.
«Калі ён прыйшоў да нас у школу, мы спыталіся, чаму менавіта да нас, — кажа адзін зь іх. — Ён сказаў, што яго больш ніхто не хацеў браць».
«Калі яго запытаць, то адказваў ён спакойна і адкрыта. Увесь кляс зь ім камунікаваў патроху», — апісвае Ўлада К. другі.
Паводле знаёмых, з настаўнікамі ва Ўлада канфліктаў не было, вучыўся ён нармальна.
«Сярэдні бал быў 8, — кажа крыніца. — Чым ён захапляўся, сказаць не магу. Вельмі хацеў паступіць у МІТСО на юрфак».
Раней тэлеканал «Беларусь 1» паведаміў, што Ўлад К. два гады таму лячыўся ў псыхіятрычнай клініцы. У школе пра гэта таксама ведалі. Некаторым знаёмым ён казаў, што трапіў на лячэньне пасьля «трох спробаў суіцыду».
«У канцы 11-га кляса ён стаў нейкі падазроны, недзе ў красавіку-траўні, — кажа іншая крыніца. — Хадзіў нейкі няўпэўнены, нібыта нешта здарылася». Аднак на пытаньні аднаклясьнікаў адказваў, што ўсё нармальна.
Аднаклясьнікі кажуць, што ўжо ў школьныя гады Ўлад жыў адзін. Дзяўчыны ў яго не было, кампутарнымі гульнямі ён нібыта таксама не захапляўся. Пасьля выпускнога ні з кім на кантакт не выходзіў, але аднаклясьнікі ведалі, што ён паступіў у МІТСО.
8 кастрычніка 17-гадовы першакурсьнік напаў з бэнзапілой і сякерай на людзей у гандлёвым цэнтры «Эўропа». 43-гадовая жанчына загінула на месцы, 46-гадовая атрымала траўмы і знаходзіцца ў рэанімацыі. Яшчэ адна пацярпелая зь нязначнымі пашкоджаньнямі застаецца дома.