Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі патрэбныя сьмелыя мужчыны, а не міліцыянты, — Казлоў пра напад з бэнзапілой


Мікалай Казлоў, архіўнае фота
Мікалай Казлоў, архіўнае фота

8 кастрычніка ў гандлёвым цэнтры «Эўропа» ў Менску 17-гадовы юнак зь сякерай і бэнзапілой напаў на наведнікаў. У выніку адна жанчына загінула, яшчэ дзьве атрымалі раненьні.

Матывы нападніка пакуль невядомыя. Заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 139 часткі 2 КК Беларусі («Забойства»). Прозьвішча і імя нападніка не паведамляюцца. Вядома толькі, што ён грамадзянін Беларусі, жыве ў Менску і вучыцца на першым курсе ВНУ.

Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў лічыць, што нападнік – вар’ят-адзіночка, прадугледзець і прадухіліць дзеяньні якога вельмі складана:

«Рана казаць пра тое, што трэба рабіць, каб не дапусьціць такіх выпадкаў. Хутчэй за ўсё злачынца — не зусім нармальны чалавек. Таму папярэдзіць такія выпадкі надзвычай цяжка. Таму што гэта не арганізаваная злачыннасьць, а псыхалягічны крызіс, які праявіўся такім чынам».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Такога шматлікага Міністэрства ўнутраных справаў няма нідзе ў Эўропе, але гэтыя 140 тысяч супрацоўнікаў за кошт колькасьці не гарантуюць людзям бясьпеку ў такіх сытуацыях, лічыць Казлоў:

«Вынікае, што няма неабходнасьці мець такое шматлікае МУС, але ёсьць вялікая неабходнасьць мець больш сьмелых, мужных мужчын — як той прадавец, які ў выніку нэўтралізаваў забойцу. Таму што хоць міліцыі ў нас як нідзе, у выніку злачынцу затрымлівае цывільны чалавек».

Разам з тым Мікалай Казлоў лічыць, што ня варта вельмі моцна канцэнтравацца на парадах, як паводзіць сябе ў надзвычайных сытуацыях, і пастаянна чакаць нападу ненармальнага чалавека:

«Калі чалавек ня здольны супрацьстаяць нападніку, то адзінае, што ён павінен рабіць, — гэта ратаваць сваё жыцьцё. Той, хто больш падрыхтаваны, мусіць зрабіць захады, каб абараніць тых, хто побач. Але змагацца з запушчанай бэнзапілой непадрыхтаваны чалавек наўрад ці здолее, таму тут лепш не рызыкаваць.

Што тычыцца парадаў, як паводзіць сябе ў людных месцах, то тут таксама ня трэба ўчыняць гістэрыку. Напрыклад, раяць ў кавярнях садзіцца так, каб заўсёды бачыць выхад. Дык а што будзе, калі ўсе наведнікі будуць сядзець менавіта так? Атрымаецца нейкая шызафрэнія. Чакаць, што кожную сэкунду зьявіцца ненармальны чалавек і пачне забіваць, таксама ня трэба. Праводзіць сваё жыцьцё так, што ў кожную хвіліну можа зайсьці ненармальны, таксама ненармальна».

Кветкі ў гандлёвым цэнтры «Эўропа»
Кветкі ў гандлёвым цэнтры «Эўропа»

Тое, што адукацыя і мэдыцына ня ўгледзелі ў 17-гадовым падлетку забойцу, — вынік агульнага крызісу ў Беларусі, кажа Казлоў:

«У нас крызіс ва ўсіх сфэрах жыцьця. Адукацыя, псыхіятрыя тут не выключэньне. Думаю, што гэты факт таксама нейкім чынам тут паўплываў. Калі гаварыць канкрэтна пра гэтага 17-гадовага хлопца, то зусім верагодна, што нейкія сыгналы пра яго псыхалягічны стан і былі, але адрэагаваць на іх адэкватна ні наша сыстэма адукацыі, ні мэдыцына не змаглі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG