Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хацеў пасекчы людзей» — Сьледчы камітэт распавёў пра хлопца з бэнзапілой


Першакурсьнік, без матэрыяльных праблемаў, за тры гадзіны да трагедыі выпіў 150 грамаў гарэлкі — падрабязнасьці пра хлопца з бэнзапілой і сякерай распавялі на адмысловай прэсавай канферэнцыі ў Сьледчым камітэце.

«Яго раздражняла ўсё, раздражняў вялікі збор людзей, злосьць на самога сябе — і такім чынам ён хацеў гэтую злосьць спагнаць», — ахарактарызаваў падазраванага першы намесьнік старшыні СК Аляксей Волкаў.

Ён паведаміў, што сьледчыя дзеяньні ў справе злачынства ў ГЦ «Новая Эўропа» працягваюцца. Праца сьледчай групы на месцы злачынства доўжылася 13 гадзінаў, і на гэты момант вызначаныя тры пацярпелыя ад дзеяньняў падазраванага.

43-гадовая жанчына загінула, 46-гадовая жанчына знаходзіцца ў шпіталі, і яшчэ адна пацярпелая зь менш цяжкімі пашкоджаньнямі не была шпіталізаваная. Дзьве апошнія ўжо далі свае паказаньні сьледзтву.

Агульная карціна здарэньня вызначаная, у тым ліку і з запісаў камэраў назіраньня.

«Падазраваны быў адзін, гэта аб’ектыўна высьветлены факт, — заявіў Аляксей Волкаў, адрынуўшы шматлікія падазрэньні карыстальнікаў сацыяльных сетак пра тое, што нападнікаў было некалькі. — Гэтыя чуткі і домыслы ня маюць пад сабой аніякіх падставаў».

Паводле Волкава, прыблізна ў 17.20 падазраваны зайшоў у ГЦ «Эўропа». Ён меў чахол ад гітары, дзе была сякера. «Сякера досыць масіўная, тронак даўжэйшы за мэтар, цяжкі, кшталту калуна, — апісаў сякеру Волкаў. — У левай руцэ была заведзеная бэнзапіла».

Прайшоўшы па залі каля пяцідзесяці мэтраў, хлопец зьняў чахол ад гітары, паклаў яго на канапу, дзе сядзелі наведнікі.

«Побач знаходзіліся дзьве жанчыны, яны пачалі ад яго сыходзіць. Ён заведзенай бэнзапілой нанёс цялесныя пашкоджаньні ў зоне сьпіны адной зь іх. Яна ўпала, тады ён кінуў бэнзапілу, дастаў сякеру і нанёс ёй ня менш за тры ўдары. У выніку ўсяго гэтага пацярпелая памерла», — распавёў Аляксей Волкаў.

Далей падазраваны зайшоў у памяшканьне піцэрыі, дзе нанёс другой пацярпелай ня менш за тры ўдары сякерай.

Як мяркуе Волкаў, чуткі пра некалькіх нападнікаў узьнікаюць праз тое, што калі падазраваны рушыў зь сякерай, пачалася паніка. Людзі крычалі пра чалавека зь сякерай і чалавека з бэнзапілой, таму складалася ўражаньне, што нападнікаў некалькі.

«Наведнікі гандлёвага цэнтру і прадаўцы пачалі чыніць актыўны супраціў. Калі ён рухаўся па калідорах, ад пяці да пятнаццаці перасьледнікаў спрабавалі яго спыніць і аказвалі супраціў», — кажа Волкаў. Калі нападнік рухаўся па калідоры, ён паспрабаваў нанесьці ўдар трэцяй пацярпелай. «З улікам таго, што жанчына спартыўная, ёй удалося ўхіліцца, удар патрапіў у зону рукі, і была нанесеная рэзаная рана», — распавядае Волкаў.

«Хачу падзякаваць нашым грамадзянам, — кажа Волкаў. — Наведнікі гандлёвага цэнтру сапраўды ўзялі самы актыўны ўдзел у перадухіленьні ягоных дзеяньняў. І ён сам пра гэта кажа: яму не ўдалося зрабіць больш, бо яго ўвесь час перасьледавалі і ён быў вымушаны абараняцца».

Волкаў зьвяртае ўвагу, што ўсе пацярпелыя ў гандлёвым цэнтры — жанчыны. «Ён (нападнік — РС) выбіраў жанчынаў, бо яны не маглі аказаць яму супраціў, а дзякуючы таму што мужчыны чынілі актыўны супраціў, стала магчыма яго хутка затрымаць», — кажа Волкаў. А вось факт удзелу аховы гандлёвага цэнтру ў затрыманьні не пацьверджаны:

«Аналізуюцца відэазапісы з камэраў назіраньня, але супрацоўнікаў аховы мы чамусьці там не пабачылі», — заявіў прадстаўнік СК.

«Паводле паказаньняў падазраванага, намер учыніць злачынства ў яго ўзьнік незадоўга да падзеяў учорашняга дня. У межах падрыхтоўкі да гэтага забойства ён набыў у адной з крамаў гораду Менску бэнзапілу, сякеру і сродкі абароны пры працы з бэнзапілой — ахоўную яркую куртку, балаклаву, ахоўныя акуляры. Акуляры масіўныя, прыкладам, як выкарыстоўваюць гарналыжнікі, таму шмат хто казаў, што ён быў у масцы. Плюс на ім былі ахоўныя навушнікі, досыць масіўныя, з абаронай верхняе часткі галавы», — так апісаў прадстаўнік СК экіпаваньне падазраванага.

Асоба маладога чалавека высьветленая. «Грамадзянін Рэспублікі Беларусі, жыхар гораду Менску, малады чалавек 1998 году нараджэньня, студэнт першага курсу адной з ВНУ нашай сталіцы, — кажа Волкаў. — Малады чалавек з досыць добрай забясьпечанай сям’і. Нейкіх матэыряльных праблемаў абсалютна не было. Як матыў зьдзяйсьненьня злачынства няма падставаў гэта разглядаць».

Гэта, кажа Волкаў, пацьвярджае і факт, што нападнік змог свабодна купіць дарагую пілу і абсталяваньне. Жыў малады чалавек самастойна, у асобнай кватэры.

Падставаў меркаваць, што ён знаходзіўся ў стане наркатычнага ап’яненьня і ўзьдзеяньня псыхатропных рэчываў, няма. Але адпаведная экспэртыза вядзецца. «Сам ён прызнае, што перад тым як зьдзейсьніць злачынства, дома выпіў каля 150 грамаў гарэлкі. Але гэта было за тры гадзіны да таго, што здарылася», — паведамляе Волкаў.

У той жа час псыхічны стан падазраванага выклікае абгрунтаваныя сумневы — прызначаная стацыянарная мэдыка-псыхіятрычная экспэртыза.

«Калі цытаваць даслоўна ягоныя паказаньні, „хацеў пасекчы людзей“, — адказаў Волкаў на пытаньне Радыё Свабода пра матывы зьдзяйсьненьня злачынства. — Злосьць на самога сябе... Першае — ягоны псыхічны стан выклікае аб’ектыўныя сумневы. Другое — як ён кажа, яго раздражняла ўсё, раздражняў вялікі збор людзей, злосьць на самога сябе. І такім чынам ён хацеў гэтую злосьць спагнаць — пайсьці і пасекчы людзей».

«Злосьць, адсутнасьць самарэалізацыі на фоне псыхічных адхіленьняў», — падводзіць выснову афіцыйная прадстаўніца прэсавай службы СК Юлія Ганчарова. — Але канчаткова пра матывы можна казаць, калі будзе прааналізаваны ўвесь масіў зьвестак«.

«Усе магчымасьці для гэтай рэалізацыі ў яго былі, — кажа Аляксей Волкаў. — Адно што ён іх не хацеў выкарыстоўваць».

Юлія Ганчарова паведаміла, што вялікая колькасьць людзей, якая была ў момант здарэньня ў гандлёвым цэнтры, ужо апытаная. Аднак відавочцы, якія маюць важныя зьвесткі, могуць зьвяртацца на тэлефон (017) 3895002.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG