Пра збор сродкаў у «Фэйсбуку» паведаміў сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Мікола Шарах.
«Ініцыятыва паходзіла ад супольнасьці „Курапаты“ — каб там усталяваць крыжы ад розных гарадоў. І ператварыць Курапаты ў мэмарыял для ўсёй Беларусі. Бо, верагодна, і з Полацку там нехта ляжыць расстраляны, ня толькі зь Менску. Напэўна, апроч Курапатаў, у нас і месца такога сымбалічнага больш няма, дзе б былі пахаваныя ахвяры сталінізму з усяе Беларусі», — кажа Шарах.
Да гэтай справы было вырашана далучыць і жыхароў Наваполацку — гораду, які не зазнаў сталінскіх рэпрэсіяў у сілу сваёй маладосьці, але найбліжэйшага да Полацку. Мясцовыя сябры КХП БНФ, якія ўзяліся зьбіраць сродкі на крыж, усё ж вырашылі вырабіць яго ў Менску. Бо ён павінен быць вялікі, ня менш як 6 мэтраў вышынёй, і транспартаваць крыж такога памеру з Полацку, нават разабраны, досыць складана. Таксама пастанавілі, што крыж павінен быць драўляны — няхай не такі даўгавечны, як жалезны, затое прасьцей будзе ўсталёўваць.
Усе дэталі гэтага працэсу Мікола Шарах ведае з уласнага досьведу. Зь ягоным удзелам у Полацку і ваколіцах ужо ўсталявалі чатыры крыжы.
3 лістапада 1990 г. у памяць пра ахвяраў сталінізму ўсталявалі першы крыж у Бельчыцах
Першы крыж, таксама ў памяць расстраляных у сталінскія часы нявінных ахвяраў, зьявіўся 3 лістапада 1990 году каля могілак у прыгараднай вёсцы Бельчыцы.
«Гэта былі зусім іншыя часы, у СССР ішла перабудова, тэма сталінскага генацыду шырока і публічна абмяркоўвалася. І мясцовыя ўлады, калі мы з Васілём Падасетнікавым падалі заяўку ад імя Полацкай Рады БНФ на шэсьце з крыжам, яе задаволілі. Праўда, толькі часткова: мы вырашылі несьці крыж ад плошчы Свабоды, дзе калісьці была турма НКУС, аднак гарвыканкам дазволіў шэсьце толькі ад малаказаводу да бельчыцкіх могілак».
Мітынг тады правялі калі цяперашняй музычнай школы. Раней там была турма. Пасьля рушылі калёнай у паўсотні чалавек.
«Паперадзе несьлі крыж, ён быў драўляны, але цяжкі, і было вырашана несьці яго папераменна. Аднак наваполацкі „фронтавец“ Васіль Храмцоў, цяпер ужо нябожчык, тады катэгарычна адмовіўся ад зьмены: сказаў, што панясе са свайго боку гэты крыж усю дарогу... Так і пранёс», — згадвае падзеі больш як 25-гадовай даўнасьці Мікола Шарах.
Яшчэ чалавек 200–300 чакалі калёну ў Бельчыцах. Раённыя ўлады паспрыялі ініцыятыве БНФ: узгаднілі прапанаваны праект, напярэдадні па загадзе райвыканкаму было прывезена 4 машыны жвіру. Да таго ж праклалі асфальтаваную дарожку да мэмарыяльнага месца — рэшткі яе відаць яшчэ й дагэтуль. Крыж на ўскрайку могілак асьвяцілі сьвятар Полацкай праваслаўнай япархіі й рыма-каталіцкі сьвятар зь Мёраў, ксёндз Уладас Пятрайціс.
А вось за шэсьце па цэнтры Полацку спадару Шараху давялося потым адказаць у судзе. Судовы працэс быў маўклівы, а вынікам стала адміністрацыйнае папярэджаньне, успамінае актывіст:
«Падчас шэсьця нас суправаджалі міліцыянты, і быў сярод іх намесьнік начальніка міліцыі. Калі прыйшлі ў Бельчыцы, я нават спытаўся: ці ёсьць да нас нейкія прэтэнзіі? Сказалі, што не, няма. Ажно неўзабаве да мяне дадому завітала міліцыя. Кажуць: „Вас трэба тэрмінова даставіць у суд“. У судзе я сказаў, што не разумею па-расейску і хачу, каб судзьдзя размаўляў са мной па-беларуску. Той замест гэтага замоўк увогуле, не сказаў больш ані слова. Аказалася, што на нас напісалі скаргу тагачасныя сябры КПСС, і міліцыя была вымушана распачаць справу. Я яшчэ спытаўся: „Што ж вы робіце? Вы ж павінны закону служыць, а ня ўладам“. А міліцыянт мне адказвае: „Вось будзеце вы ўладай, дык мы й вам будзем служыць“».
Крыж у Бельчыцах ратавалі ад вандалаў мясцовыя жыхары
На адкрыцьці мэмарыяльнага крыжа карэнныя жыхары Бельчыцаў дзяліліся ўспамінамі. Расказвалі, што ў лесе за могілкамі і адбываліся расстрэлы. Там быў раней суцэльны лес, а потым частку яго зьнішчылі — калі пракладалі шашу з Полацку на Менск. Яна, выходзіць, ляжыць на чалавечых костках...
Першы крыж, пранесены праз увесь Полацак, празь некалькі год зламалі вандалы. Прыкруціць зламанае дротам спрабавалі мясцовыя жыхары. Актывісты ж паставілі за ім новы крыж, таксама драўляны — замовілі яго цесьлярам, якія працавалі на адной з бліжэйшых фэрмаў.
Але праз колькі часу ўсё ж пастанавілі, што крыж павінен быць больш трывалы — жалезны.
«Дэмакратычныя актывісты супольна набылі жалезныя трубы, і крыж зрабіў зваршчык, які тады працаваў у касьцёле. Здаецца, задарма зрабіў, нават грошы за працу ня ўзяў. Крыж быў зроблены паводле прапорцыяў крыжа Эўфрасіньні Полацкай, толькі ў маштабе 1 да 10. Над зямлёй ягоная вышыня 5 мэтраў 20 сантымэтраў, а яшчэ паўтара мэтра — пад зямлёй. Працы было шмат: спачатку капалі яму, залівалі ў яе бэтон. У яго спачатку ставілі жалезную трубу большага дыямэтру, а потым ужо ў яе ўстаўлялі крыж. Было гэта 18 траўня 1998 году, мне якраз у той дзень споўнілася 40 гадоў», — кажа Мікола Шарах.
Самадзейны мэмарыял вядомы ў Полацку. Апрача шыльды са словамі «Ахвярам генацыду ад нашчадкаў, ня страціўшых памяць», умацаванай у падножжы крыжа, нехта ўмацаваў сваю, «сямейную» — зь імем расстралянага ў 1937-м сваяка.
Да крыжоў у Бельчыцах актывісты і вернікі грэка-каталіцкай канфэсіі прыходзяць штогод па некалькі разоў — на Дзяды, на Радаўніцу, на Тройцу, якую на Полаччыне адзначаюць нават больш масава, чым іншыя памінальныя сьвяты. Тут прыбіраюць, ладзяць малебны, а міліцыя так і ня ведае, што зрабіць з гэтай завядзёнкай. З аднаго боку, выходзіць нібыта несанкцыянаваная масавая акцыя, а з другога — хто ж просіць дазволу, каб схадзіць на могілкі ды памаліцца ля крыжа...
Дакладна такі самы крыж сустракае пілігрымаў у вёсцы Струньне.
Крыж у Бельчыцах мае свайго «брата» ў вёсцы Струньне. Зроблены акурат па тых самых мерках, жалезны крыж зьявіўся тут у канцы верасьня 1997 году. Ён усталяваны там, дзе некалькі стагодзьдзяў месьцілася рэзыдэнцыя ўніяцкіх мітрапалітаў. Ці прыблізна там — бо ў мінулую вайну ў часткова зруйнаваных будынках колішняй рэзыдэнцыі былі склады боепрыпасаў, і потым некалькі разоў здараліся няшчасныя выпадкі — на снарадах і мінах падрываліся людзі. Таму крыж паставілі ўзбоч дарогі, якая вядзе зь Віцебску на Полацак, на пагорку над ручаём, у які ператварылася рэчка Струнка.
Па гэтай дарозе штогод ходзяць удзельнікі традыцыйнай пілігрымкі ў памяць пяцёх манахаў-базыльянаў, забітых 11 ліпеня 1705 году расейскім царом Пятром І у полацкім Сафійскім саборы. Пілігрымка пачынаецца ад памятнага шасьціканцовага крыжа на Ўсьпенскай горцы ў Віцебску, дзе быў забіты Язафат Кунцэвіч. А ў апошні дзень пілігрымы праходзяць празь вёску Струньне. Тут ля памятнага крыжа служаць паніхіду за спачылых мітрапалітаў, біскупаў, сьвятароў і вернікаў.
Традыцыя шанаваць продкаў — падстава для кансалідацыі беларусаў
Полацкія грэка-каталікі пасадзілі некалькі дрэўцаў, каб паабапал дарогі да крыжа зь цягам часу ўтварылася алейка. Мікола Шарах, таксама грэка-каталік, упэўнены, што менавіта традыцыя шанаваць памяць продкаў здольная абʼяднаць усіх беларусаў:
«Некалі ў Полацку было шматлікае і моцнае прадстаўніцтва Беларускага Народнага Фронту. Але раскалоўся Фронт, цяпер дзеляцца на часткі партыі, рухі, грамадзкія ўтварэньні... Але толькі разам мы мацнейшыя, і я перакананы, што ў грамадзтве павінен быць абʼяднаўчы пачатак — тое, што ў нас ёсьць агульнага. Беларуская традыцыя шанаваньня продкаў — унікальная, вельмі зьмястоўная, і менавіта яна можа стацца абʼяднаўчай ідэяй, каштоўнай для ўсіх і кожнага».
Менавіта таму спадар Шарах абвясьціў збор сродкаў на крыж у Курапатах, каб усталяваць яго ад імя жыхароў Полацку і Наваполацку. Ён кажа, што грошай, па вялікім рахунку, трэба няшмат. Усяго каля чатырох мільёнаў «старымі», калі не лічыць транспартаваньня крыжа і дробных выдаткаў на працу. Але самае галоўнае — каб кожны, хто захоча, змог спрычыніцца да агульнай справы: ці грашыма, ці падтрымкай.