У Магілёве ўзяліся беларусізаваць назвы прыпынкаў грамадзкага транспарту. Амаль усе яны дагэтуль падаваліся на расейскай мове. Рупліўцы беларушчыны спадзяюцца, што паволі расейскамоўныя назвы прыпынкаў заменяць на беларускамоўныя.
На тое, што ў Магілёве пачалі перапісваць на беларускую мову назвы прыпынкаў грамадзкага транспарту, зьвярнуў увагу гісторык Ігар Пушкін. Ён не хавае: убачыўшы тое, дужа зьдзівіўся.
«У вочы кідаецца ня столькі назва самога прыпынку, колькі словы „Прыпынак“ і „Остановка“, — кажа суразмоўца. — Гэта дужа заўважна і закладвае ў мэнталітэт аснову для маўленьня і мысьленьня».
Жыве навуковец у адным са спальных раёнаў абласнога цэнтру. Некаторыя тутэйшыя прыпынкі, кажа, беларусізавалі. Беларускамоўныя назвы, дадае ён, зьяўляюцца на адрамантаваных прыпыначных паветках.
Падыход транспартнікаў да падачы назваў прыпынкаў на беларускай мове, заўважае Ігар Пушкін, абвяргае довады, што пераход на беларускую мову павінен абавязкова адбывацца на жаданьне гараджан.
Суразмоўца згадвае нядаўнюю сустрэчу чыноўнікаў з прадстаўнікамі грамадзкасьці, на якой абмяркоўвалі стан беларускамоўнага школьніцтва ў Магілёве. На гэтай сустрэчы гаварылі, што ў бацькоў няма жаданьня, каб іхныя дзеці вучыліся па-беларуску, таму няма і беларускамоўных клясаў. Ігар Пушкін на такія аргумэнты рэагуе: бацькоў адпачатку пазбаўляюць выбару:
«Напрыклад, бацькам прапануецца: на якой мове яны б хацелі, каб іхнае дзіця вучылася? Гэтак нібыта высьвятляецца пазыцыя бацькоў. А павінен быць выбар: вось табе беларуская кляса, а вось расейская. А далей павінна быць жаданьне таго ж гарадзкога аддзелу адукацыі адкрыць беларускую клясу. Калі жаданьне ёсьць, то такая кляса зьявіцца», — тлумачыць суразмоўца.
«Вось жа зьявілася жаданьне ў транспартнікаў, і ніхто не запытваўся ў гараджан — на якой мове яны хочуць, каб былі напісаныя назвы прыпынкаў, — працягвае Ігар Пушкін. — У нас дзьве мовы дзяржаўныя. Калі ласка, вам напісана і на беларускай».
Суразмоўца адзначае, што беларускамоўныя назвы прыпынкаў у ягоным раёне чаргуюцца з расейскамоўнымі. На адным баку вуліцы назва прыпынку на беларускай мове, удакладняе ён, а на другім — на расейскай.
У аддзеле транспарту і камунікацыяў Магілёўскага гарвыканкаму пацьвердзілі: назвы прыпынкаў сапраўды пачалі пісаць па-беларуску.
«Ёсьць такая тапанімічная камісія пры гарвыканкаме, і па яе рэкамэндацыі вырашылі, што назвы прыпынкаў павінны быць на беларускай мове», — паведаміла супрацоўніца аддзелу.
Ейны калега дадаў:
«Гэта зьвязана з тым, што ў нас дзьве мовы дзяржаўныя — і беларуская, і расейская. Гэта не азначае, што назвы будуць перапісвацца. Але калі адбываецца афармленьне прыпынку па-новаму, тады пішацца на беларускай мове. Вы ж разумееце, афармленьне таксама каштуе грошай».
Сябра тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме, гісторык Аляксандар Агееў згадвае: на адно з пасяджэньняў прыходзіў супрацоўнік транспартнага аддзелу па параду, як падаць назву прыпынку — «Тэатар лялек». Раней ён называўся «Плошча Леніна», але тэатар папрасіў, каб прыпынак перайменавалі, і просьба была выканана.
«Тады мы і зьвярнулі ўвагу, што назвы прыпынкаў напісаныя ў Магілёве спрэс па-расейску і гэта не нармальна», — згадвае Аляксандар Агееў.
«Пазыцыю камісіі падтрымаў тады намесьнік старшыні гарвыканкаму, — дадае суразмоўца. — Ён прызнаў, што ў горадзе сапраўды перакос у гэтай справе і яго трэба выпраўляць. Дужа цешыць, што ў супрацоўнікаў гарвыканкаму, якія ўваходзяць у камісію, не было пярэчаньняў наконт падачы назваў прыпынкаў на беларускай мове. Нават была прапанова, каб назвы ўсіх прыпынкаў падаваць, як у Менску, па-беларуску».
Пакуль жа назвы бальшыні прыпынкаў, у тым ліку цэнтральных, у Магілёве застаюцца расейскамоўнымі. Беларусізацыя да іх яшчэ не дайшла. Вылучаецца хіба што згаданы прыпынак «Тэатар лялек». Ён у цэнтры гораду і аточаны расейскамоўнымі назвамі «Площадь Ленина». Яшчэ адна назва прыпынку ў цэнтры гораду спалучае ў сабе і беларускую, і расейскую мовы: «Остановка „Чырвоная Зорка“».