Разгляд пазову сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі, былога афіцэра міліцыі Ўладзімера Няпомняшчых да трох гомельскіх амапаўцаў — маёра Сяргея Лукʼянцава, прапаршчыкаў Ігара Ючко і Міхаіла Аленічава — перанесены на 12 сьнежня.
Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка вырашыла накіраваць у рэгіянальную ўправу КДБ запыт наконт таго, ці праводзіліся адносна Ўладзімера Няпомняшчых 12 верасьня апэратыўна-вышуковыя дзеяньні.
Актывіст на судовым паседжаньні выказаў меркаваньне, што яго затрыманьне амапаўцамі ў верасьні перад ад’ездам у Менск на акцыю пратэсту «Патрабуем сапраўдных выбараў» і абвінавачаньне ў нецэнзурнай лаянцы не былі выпадковымі:
«Думаю, што перамяшчэньне маё адсочвалася, бо як толькі я выйшаў з тралейбуса на Прывакзальнай плошчы, тут жа, як з табакеркі, зьявіліся амапаўцы».
Судзьдзя запыталася: «Хто сачыў?». Грамадзкі актывіст і выказаў меркаваньне, што гэта, хутчэй за ўсё, рабілі супрацоўнікі ўправы КДБ — ніяк ня Менск.
Прынамсі, прадстаўніца УУС Гомельскага аблвыканкаму Валянціна Радзівонава заявіла, што па лініі абласной міліцыі зь першага верасьня па кастрычнік ніякіх апэратыўных дзеяньняў адносна Няпомняшчых не вялося.
«Я дваццаць гадоў сам працаваў у міліцыі і ўпэўнены, што затрыманьне мае не было выпадковым. Мяне й раней затрымлівалі нібыта выпадкова, калі я выпраўляўся ў Менск на акцыі пратэсту. І таксама вінавацілі ў дробным хуліганстве, штрафавалі або нават саджалі за краты», — кажа Ўладзімер.
Гэтыя верасьнёўскія падзеі — затрыманьне і пакараньне Ўладзімера Няпомняшчых на падставе міліцэйскіх пратаколаў штрафам у тры базавыя велічыні нібыта за лаянку й непадпарадкаваньне міліцыі — і сталіся прычынай таго, што Няпомняшчых падаў пазоў да амапаўцаў Сяргея Лукʼянцава, Ігара Ючко й Міхаіла Аленічава. Грамадзкі актывіст за іхнія незаконныя дзеяньні, ілжэсьведчаньні патрабуе спагнаць зь іх па адной капейцы, а з управы ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму празь Міністэрства фінансаў — 9900 рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду.
Прысутныя на судзе праваабаронцы Алесь Яўсеенка і Віктар Адзіночанка лічаць, што судзьдзя Дамненка праз запыт ва ўправу КДБ наважваецца стварыць бачнасьць аб’ектыўнага разгляду пазову.
«Калі б гэта было так на самой справе, — заўважае Алесь Яўсеенка, — нашмат прасьцей было б не адхіляць хадайніцтва Няпомняшчых, а выпатрабаваць запіс з камэры відэаназіраньня, якая ў рэжыме рэальнага часу фіксуе падзеі на Прывакзальнай плошчы. Аднак ні цяперашні суд, ні папярэдні, які аштрафаваў Няпомняшчых за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі, гэтага не зрабілі. І цяпер Няпомняшчых заяўляе, што ня лаяўся, а трое амапаўцаў цьвердзяць — „выражался нецензурной бранью“».
Падчас судовага разбору Ўладзімер Няпомняшчых нават запытаў у маёра Лук’янцава: «Вы даяце слова афіцэра АМАПу, што я нецэнзурна лаяўся?»
І той уголас мовіў: «Даю слово — выражались нецензурной бранью».
Прысутныя ў судовай залі жанчыны адразу ж адрэагавалі: «На паліграф яго, як даішнікаў». А пазоўнік Няпомняшчых патлумачыў суду, што ня мае больш пытаньняў ні да кога з амапаўцаў: «Хачу спыніць гэтае шоў».
«Вы адмаўляецеся ад пазову?» — удакладніла судзьдзя.
«Ад пазову не адмаўляюся», — быў адказ пазоўніка.
12 сьнежня мае быць чарговае, хутчэй за ўсё, заключнае паседжаньне паводле пазову грамадзкага актывіста да амапаўцаў, якія, як сказана ў пазове, «прымусілі адчуць безабароннасьць перад беззаконьнем і ўсёдазволенасьцю супрацоўнікаў міліцыі».