Падчас гутаркі ў перадачы «Буйным плянам» на тэлеканале «Беларусь-1» міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч заявіў, што пасьля таго, як п’яны начальнік Баранавіцкай ДАІ насьмерць зьбіў пешахода, супрацоўнікаў ДАІ пачалі масава правяраць на дэтэктары хлусьні.
Зь 700 чалавек, якіх ужо праверылі, траціна праваліла працэдуру, зь імі не працягнуць кантракт, і Шуневіч гатовы ахвяраваць «тымі 2 адсоткамі», якія ня пройдуць дэтэктар хлусьні. Таксама Шуневіч прыгразіў, што тых, хто адмовіцца ад добраахвотнага абсьледаваньня, будуць звальняць.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька на Facebook задаўся пытаньнем, ці прайшоў працэдуру на дэтэктары хлусьні сам Шуневіч, ягоныя намесьнікі і начальнікі ўпраўленьняў.
«Я думаю, грамадзянам было б таксама цікава, а што пакажа паліграф пры адказе кіраўніцтва міністэрства на пытаньне, ці супрацоўнікі міліцыі бяруць саўдзел у фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на выбарах? — піша Лябедзька. — А яшчэ я б прапанаваў прапусьціць праз дэтэктар хлусьні амапаўцаў — на прадмет, ці кажуць яны праўду, калі выступаюць у судах у якасьці сьведкаў?
А як бы клясна было выкарыстоўваць паліграф пры атэстацыі судзьдзяў, кіраўніцтва пры прыняцьці рашэньня не паводле законаў, а „тэлефонным правам“! Так, краіна на нейкі час магла б застацца без судзейскага корпусу і АМАПу, але затое ў пэрспэктыве ў ёй зьявілася б сапраўды незалежная судовая сыстэма і міліцыя, якой давяраюць людзі».
У час выступу Шуневіч зноў згадаў, што супраць міліцыі нібыта ідзе «інфармацыйная вайна». І «каляровыя рэвалюцыі», кажа Шуневіч, «пачыналіся з дыскрэдытацыі ўлады і найбольш моцных яе галінаў». Пра доўгі шэраг нібыта ўчыненых праваахоўнікамі пабояў і магчымых забойстваў апошняга году, што пералічвалі ў пэтыцыі да Шуневіча, ён ня згадваў.