Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чавусах ня хочуць у казакі


Сьцяг дагары нагамі. Чавусы. Дзень Канстытуцыі
Сьцяг дагары нагамі. Чавусы. Дзень Канстытуцыі

«Што ў вас можна паглядзець?» — карэспандэнт Радыё Свабода зьезьдзіў у Чавусы, якім ці не паўтысячы гадоў, адкуль паходзяць продкі галівудзкіх зорак Кірка і Майкла Дугласаў. Але мясцовыя параілі паглядзець рэстаран, гатэль і новую праваслаўную царкву. І гэта той самы горад, сымбалем якога хочуць зрабіць казака.

У малых райцэнтрах няшмат засталося ад даўнейшых часоў. Бальшыню тутэйшых архітэктурных адметнасьцяў зруйнавалі. Цэлыя пласты культуры пазьнікалі, нібы іх і не было. Замест зьнішчанага пабудавалі тыпавыя безаблічныя шматпавярховікі. Ацалелае параскідана па паселішчы — не адшукаць. Ня кожны жыхар можа прыгадаць і паказаць, чым жа адметны ягоны родны горад.

Райцэнтар Чавусы — адзін з такіх. Для горада з гісторыяй магдэбурскага права, эўрапейскай сымболікай і традыцыямі спрабуюць падшукаць брэнд. Прапануюць за такі сымбаль — казака.

Нядзельным ранкам у Дзень Канстытуцыі Чавусы сустракаюць нешматлюднымі, вымеценымі вуліцамі. Райцэнтар шчыльна забудаваны прыватнымі сядзібамі. Нямала новабудоўляў. На ўезьдзе — помнік з савецкай самаходкай. Яна глядзіць гарматаю на захад — на Магілёў. Непадалёк ад танка — новы цагляны касьцёл. У глыбіні між дамамі відаць цыбуліны новай праваслаўнай царквы.

Знак на ўезьдзе ў Чавусы
Знак на ўезьдзе ў Чавусы

Самаходка — адна зь цікавостак райцэнтру
Самаходка — адна зь цікавостак райцэнтру

Касьцёл, каля яго пустынна
Касьцёл, каля яго пустынна

«Я б параіла вам наведаць наш краязнаўчы музэй. Там ёсьць і сувэнірная крамка», — адказвае жанчына сталага веку на пытаньне: «Што варта прыежджаму найперш пабачыць у Чавусах?».

Пабываць у мясцовым краязнаўчым музэі ня выпала. У нядзелю ён не працуе.

Найстарэйшы будынак Чавусаў — у ім музэй
Найстарэйшы будынак Чавусаў — у ім музэй

Цагляны будынак музэю — ці не найстарэйшы ў райцэнтры. Побач райвыканкам і помнік Леніну. Насупраць — стары парк з мэмарыялам савецкіх часоў.

Плошча перад райвыканкамам і помнікам Леніну. У нядзелю бязьлюдная
Плошча перад райвыканкамам і помнікам Леніну. У нядзелю бязьлюдная

«Ды няма чаго ў нас глядзець», — рэагуе на пытаньне пра цікавосткі Чавусаў яшчэ адна кабета.

«Раней Чавусы выглядалі занядбанымі. Цяпер жа нашмат лепей, — выказваецца суразмоўніца. — Але раней жыцьцё было лягчэйшае. Пэнсіянэрам яшчэ добра. Вось пэнсія ў мяне амаль тры мільёны. А нявестка мая зарабляе мільён дзевяцьсот. Дык паспрабуй пражыві»

Напярэдадні Дня Канстытуцыі ў райцэнтры быў Дзень здароўя
Напярэдадні Дня Канстытуцыі ў райцэнтры быў Дзень здароўя

«Раней у нас былі старыя дамы, але многае разбурылася. Не прыглядалі за імі як сьлед», — са скрухай выказваецца яшчэ адна суразмоўніца. Яе сяброўка пярэчыць: «Не, гэта ў вайну ўсё разбурылася».

Дзьве кабеты хваляцца дагледжанасьцю райцэнтру і дзякуюць мясцовай камунальнай службе. «Я бываю ў Магілёве, дык там вуліцы больш засьмечаныя за нашы. Цэнтар дагледжаны, а вось ускрайкі — то не. А ў нас усё роўненька, чысьцютка — самі бачыце».

Від на поплаў рэчкі Проні. Гэтак званае Зарэчча
Від на поплаў рэчкі Проні. Гэтак званае Зарэчча

Чавусы сталі горадам у 1604 годзе. Праз тры дзясяткі гадоў кароль і вялікі князь Уладыслаў Ваза надаў паселішчу магдэбурскае права і герб з выявай сьвятога Марціна. Да 400-годзьдзя гэтай падзеі ўсталяваны памятны знак. Ён схаваны ў глыбіні паселішча. На ім герб, але не са сьвятым Марцінам. У 2001 годзе зацьвердзілі іншы, нададзены расейскай імпэратрыцай Кацярынай, са скрыжаванымі мячом і шпагай. Чыноўнікі тлумачылі, што гэты гарадзкі сымбаль найбольш адпавядае мэнталітэту жыхароў райцэнтру. Гэты герб і фігуруе на памятным знаку.

Знак да 400-годзьдзя Чавусаў
Знак да 400-годзьдзя Чавусаў

«У нас што прыгожае ў раёне, дык гэта прырода. Дужа шмат месцаў, куды можна выехаць ды адпачыць. А так, каб на што паглядзець, дык нічога няма», — адказвае маладая суразмоўніца, зьбянтэжаная пытаньнем журналіста пра мясцовыя славутасьці.

Акрамя музэю, жыхары Чавусаў прыежджаму раілі паглядзець школу мастацтваў, вялікія крамы, рэстаран, гасьцініцу, новую праваслаўную царкву ды гарадзкі парк.

Парк з пліткай на ходніках
Парк з пліткай на ходніках

Ніводзін жыхар райцэнтру не згадаў пра казакоў і мясцовую гісторыю казацтва. Некаторыя прыгадвалі газэтныя публікацыі на гэтую тэму, аднак дэталі пазабывалі. Знакаў пра мясцовае казацтва ў райцэнтры няма.

«Пра казакоў мы нічога ня чулі. Маці ж мая казала, што Чавусы паходзяць ад цыгана Чавусовіча. Быў такі некалі. А што насамрэч было, то схадзіце ў музэй, там усё раскажуць», — параіла чарговая суразмоўніца.

Пра казакоў згадаў настаяцель мясцовай праваслаўнай царквы. Сьвятар панаракаў, што жыхары райцэнтру ня надта пабожныя, бо ня ходзяць рэгулярна да царквы і на ягоную ініцыятыву стварыць казацкую суполку не адгукаюцца. На думку суразмоўцы, казакі — шчырыя і адданыя праваслаўю людзі.

Нядаўна ўзьведзеная праваслаўная царква
Нядаўна ўзьведзеная праваслаўная царква

Вестку пра тое, што брэндам Чавусаў можа стаць казак, разьнесьлі дзяржаўныя СМІ, у тым ліку і «Советская Белоруссия». Камэнтары да публікацыяў пераважна крытычныя. Артыкуламі ў дзяржаўных газэтах чыноўнікі не задаволеныя. Заяўляюць, што канчатковага рашэньня пра брэнд не прынята.

«Ёсьць гістарычны факт, што казакі былі на чавускай зямлі, але ніхто не перасьледуе мэты зрабіць для іміджу гораду вобраз казака-разбойніка, як цяпер мусіруецца ў інтэрнэце», — абураюцца ў райвыканкаме.

Штукарствы мясцовых жыхароў — ці то расейцы, ці то цыганы
Штукарствы мясцовых жыхароў — ці то расейцы, ці то цыганы

«Ёсьць зьбіральны вобраз Чавусовіча. Ён можа стаць прэтэндэнтам на малую архітэктурную форму, якая будзе ўсталяваная насупраць музэю. Што прыжывецца больш — казак ці проста казак-селянін — пакажа час», — тлумачыла супрацоўніца райвыканкаму.

«Ідэя казацтва чужая Чавусам і Беларусі», — выказаў меркаваньне жыхар райцэнтру. Ён спаслаўся на вядомыя яму крыніцы і заявіў, што казацтва ў тутэйшых краях праіснавала нядоўга і не пасьпела прыжыцца.

«Гэта ўсё нам чужое. Беларусы прывязаныя да сваёй зямлі. Яны ня могуць яе не ўрабляць. Гэта для беларуса аснова жыцьця. А казакі, наколькі я ведаю, зямлю не ўраблялі. Казацтва чужое і ў сьвятле апошніх падзеяў ва Ўкраіне. Нам бліжэйшая, няхай сабе і далёкая, гісторыя пра радзімічаў. Кажуць, што ў Чавускім раёне была іхная сталіца. Вось гэты сюжэт і павінен стаць нашым брэндам», — выказваецца жыхар Чавусаў.

Такіх утульных мясьцін некалькі ў Чавусах. У райцэнтрах любяць млыны і ветракі
Такіх утульных мясьцін некалькі ў Чавусах. У райцэнтрах любяць млыны і ветракі

Праз дваццаць гадоў пасьля наданьня гораду магдэбурскага права Чавусы захапілі войскі маскоўскага князя Аляксея Міхайлавіча. Зь яго дазволу і пачалі фармаваць казацкі полк зь мясцовых сялян і дробнай шляхты. Сьцьвярджаецца, што тутэйшая казацкая вольніца са сваімі законамі праіснавала ажно да падзелу Рэчы Паспалітай. Тая вайна, разьвязаная маскоўскім уладаром, скончылася для Чавусаў і навакольля спусташэньнем. Маскоўцаў тады перамаглі.

Былі ў Чавусах багатыя касьцёлы ды цэрквы. Нават узьвялі тут ратушу. Пра гэта жыхары райцэнтру не згадалі. Больш казалі пра герояў Айчыннай вайны і сацыялістычнай працы. Праўда, іхныя імёны прыгадвалі па назвах вуліц.

Чавусы
Чавусы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG