Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У актывістак хочуць канфіскаваць кватэру і дом за пікет


Пікет на плошчы Свабоды 31 сакавіка
Пікет на плошчы Свабоды 31 сакавіка

Судовыя выканаўцы наклалі арышт на кватэру Тамары Сяргей у Менску, а таксама на прыватны дом Валянціны Каваленкі ў Бабруйску. Гэткім чынам улады намагаюцца спагнаць з грамадзкіх актывістак штрафы, прысуджаныя за ўдзел у пікеце на плошчы Свабоды ў Менску 31 сакавіка. Вулічнай акцыі папярэднічалі тры дзясяткі безвыніковых спробаў актывістаў трапіць на асабісты прыём да кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.

«Намаганьні канфіскаваць маёмасьць — гэта адказ кіраўніка краіны на звароты грамадзян», — камэнтуе сытуацыю Тамара Сяргей.

«Чыноўнікі кіруюцца ўласнымі паняткамі і загадамі, але не законамі»

Тамара Сяргей — юрыстка і каардынатарка грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў пракуратуры і судах». Тацяна Каваленка — актывістка гэтай ініцыятывы, сябры якой — у пераважнай бальшыні пэнсіянэры. З плякатамі «Патрабуем ад чынавенства выкананьня Канстытуцыі краіны», «Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак», «У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам патрэбныя ў жыцьці» яны выйшлі на плошчу Свабоды 31 сакавіка на свой страх і рызыку. Бо Менгарвыканкам чарговым разам не дазволіў вулічную акцыю:

«Пікет доўжыўся каля гадзіны, і ўвесь гэты час нас фільмавалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. А празь некаторы час пяць удзельнікаў пікету пачалі атрымоўваць паведамленьні, што на іх складзеныя пратаколы аб парушэньні Адміністрацыйнага кодэксу», — расказвае Тамара Сяргей.

Тамара Сяргей і Васіль Хацько — актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах»
Тамара Сяргей і Васіль Хацько — актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах»

«Пры гэтым былі парушаныя безьліч працэсуальных нормаў: падчас пікету да нас не падыходзілі супрацоўнікі міліцыі і не спрабавалі спыніць „неправамерныя“, на іх погляд, дзеяньні, не рабілі ніякіх заўвагаў, ад мяне не ўзялі тлумачэньне перад складаньнем пратаколу. Я напісала скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі кіраўніцтву Цэнтральнага РУУС, але, не зважаючы на гэта, пратакол перадалі ў суд, а гэта таксама парушэньне».

Паводле Тамары Сяргей, судзьдзя Цэнтральнага суду Вікторыя Шабуня на першым паседжаньні прыняла гэты факт да ўвагі, але, не зважаючы, што скарга так і засталася без разгляду, ужо на наступным паседжаньні вынесла рашэньне пакараць яе штрафам у 40 базавых велічыняў (420 даляраў).

«Гэтыя факты — сьведчаньне таго, што прадстаўнікоў улады не цікавяць законапаслухмяныя паводзіны грамадзян, бо яны самі дзейнічаюць ня ў рамках закону, а паводле ўласных паняткаў і загадаў. Чыноўнікі, якія ствараюць заканадаўчую базу, дзейнічаюць неправамерна, а законы — гэта для нас. Чыноўнікі кіруюцца толькі ўласнымі паняткамі і загадамі, але не законамі», — кажа юрыстка.

«Па залаты ўнітаз прыйшлі не па адрасе — зьвярніцеся ў Дразды»

На сёньня Тамара Сяргей намагаецца абскардзіць штраф, а тым часам судовыя выканаўцы пасьпелі накласьці арышт на яе кватэру і хочуць апісаць усю маёмасьць.

«Гэта адбывалася ўжо двойчы. Прычым судовыя выканаўцы прыйшлі адначасна да маёй кватэры ў Менску і да варот прыватнага дому ў Бабруйску Валянціны Каваленкі, якой за гэты ж пікет таксама быў прысуджаны штраф у 20 базавых велічыняў, і на яе прыватны дом таксама ўжо накладзены арышт. Я ня веру ў выпадковасьць такіх супадзеньняў і мяркую, што гэта сплянаваная акцыя», — кажа Тамара Сяргей.

«Прычым судовыя выканаўцы маюць магчымасьць спагнаць з нас штрафы іншымі шляхамі, чым адбіраць маёмасьць. На маё пытаньне, чаму гэтак пасьпешліва яны адрэагавалі, — маўляў, хочам паглядзець: а раптам у вас дома залаты ўнітаз стаіць, а вы ня хочаце сплочваць штраф. Я адказала, што па залаты ўнітаз яны прыйшлі не па адрасе — зьвярніцеся лепш у Дразды».

«Масіраванае запалохваньне — гэта адказ кіраўніка краіны на звароты грамадзян»

Актывісты «Супраць беззаконьня ў пракуратуры і судах» — пэнсіянэры, якія намагаюцца адстаяць свае правы ў спрэчках зь дзяржаўнымі органамі і патрабуюць ад уладаў захаваньня законнасьці. Выходзіць з плякатамі на вуліцу іх змушаюць дзеяньні чыноўнікаў, пракуратуры і судоў, якія парушаюць іхнія правы — працоўныя, жыльлёвыя, маёмасныя. Спробы канфіскацыі маёмасьці праз штрафы — новая форма здушэньня грамадзкай актыўнасьці, кажа Тамара Сяргей.

«Гэта значыць, што вось такім чынам нас вырашылі масіравана запалохаць. Каб мы нават і не падумалі выйсьці на вось гэтую плошчу. І гэта своеасаблівы адказ кіраўніка краіны на шматлікія звароты грамадзян у абарону сваіх правоў. Ён даў нам зразумець, што ён не жадае чуць і бачыць нас на гэтай плошчы. Ён хоча, каб мы замаўчалі, засталіся са сваімі праблемамі і яго не турбавалі».

Ніна Багінская
Ніна Багінская

Тамара Сяргей кажа, што спробы канфіскаваць маёмасьць у актывістаў руху «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» і мэтадамі, і мэтай нагадваюць справу з канфіскацыяй маёмасьці вядомай грамадзкай актывісткі Ніны Багінскай.

«Ніна Багінская прыцягнутая да адказнасьці за тое, што яна публічна выходзіць па вуліцу пад бел-чырвона-белым сьцягам — гістарычным сьцягам, пад якім прымаў прысягу першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Яна ня чыніць ніякага адміністрацыйнага правапарушэньня. Яна ня чыніць шкоды ні дзяржаве, ні грамадзянам. А адбіраньне маёмасьці паводле незаконных пастановаў за адміністрацыйныя справы, за накладзеныя штрафы дае права сьцьвярджаць пра матэрыяльны і псыхалягічны ціск з боку дзяржавы з мэтай спыніць грамадзкую актыўнасьць грамадзян».

Тамара Сяргей таксама спрабуе абскардзіць дзеяньні судовых выканаўцаў, якія супраць яе волі намагаюцца трапіць у кватэру, каб перапісаць у ёй усю маёмасьць.

У справе канфіскацыі лецішча грамадзкай актывісткі Ніны Багінскай на 17 жніўня прызначаны аўкцыён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG