Пэнсіянэры па адным выходзілі з самаробнымі плякатамі на плошчу Свабоды, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да парушэньня законнасьці ў адміністрацыйнай вэртыкалі, а таксама на розных узроўнях праваахоўнай сыстэмы.
Усе ўдзельнікі акцыі — актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры», якія дзясяткі гадоў дамагаюцца аднаўленьня сваіх працоўных, маёмасных і іншых правоў.
Як паведаміла Свабодзе каардынатар ініцыятывы Тамара Сяргей, у 2017-м споўніцца дзесяць гадоў, як грамадзяне пэнсійнага веку абʼядналіся ў ініцыятыву «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры», але дамагаюцца справядлівасьці і дагэтуль. У выніку некалькіх папярэдніх пікетаў супраць удзельнікаў акцыі вядуцца чатыры адміністрацыйныя працэсы.