Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году беларускія ўлады прынялі шэраг заканадаўчых актаў, якія ў незалежных мэдыях атрымалі назву «антырэвалюцыйных». І гэта было цалкам зразумела. Толькі што ва Ўкраіне пераможна завяршылася «Памаранчавая рэвалюцыя», беларуская апазыцыя не хавала, што хацела б выкарыстаць досьвед украінскага Майдану.
Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году, наадварот, назіралася палітычная «адліга». У момант распачатага дыялёгу з Захадам афіцыйны Менск імкнуўся прадэманстраваць «касмэтычную лібэралізацыю».
Цяпер, напярэдадні новай прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году, таксама назіраюцца спробы размарозіць дачыненьні з ЗША і ЭЗ. Некаторыя экспэрты кажуць, што ў зьвязку з гэтым Лукашэнка і цяпер паспрабуе прапанаваць Захаду нейкую гульню ў дэмакратыю.
Але тое, што мы назіраем, сьведчыць пра зусім іншую тэндэнцыю. Сытуацыя хутчэй нагадвае час напярэдні кампаніі 2006 году, чым 2010 год. Я кажу нават не пра палітвязьняў, якіх ніхто не зьбіраецца вызваляць. І не пра тое, што любыя спробы апазыцыйнай публічнай актыўнасьці сталі больш жорстка перасьледавацца. Напрыклад, Юрася Беленькага штрафуюць за шэсьце на Дзяды, чаго не рабілі мінулымі гадамі. Пачалі прыцягваць да адказнасьці за групавы фатаздымак, разьмешчаны ў інтэрнэце. Ці вось раптам вядомага журналіста Аляксандра Алесіна аб’явілі шпіёнам, хоць ён не зьяўляецца носьбітам сакрэтнай інфармацыі.
Але зьвярнуў бы ўвагу, што назіраецца выразнае жаданьне дзяржавы кантраляваць і «заціскаць» тыя сфэры грамадзкага жыцьця, якія ніяк не зьвязаныя з апазыцыяй.
Вось, напрыклад, барацьба з дармаедамі. Яна ахопіць каля 500 тысяч чалавек. Пачнуцца татальныя праверкі, хто дзе працуе. Вялікія маштабы набудзе прымусовая праца.
Ці той жа дэкрэт аб «запрыгоньваньні» намэнклятуры. Ён тычыцца сотняў тысяч чыноўнікаў, якім можа быць перакрытая дарога ў прыватны бізнэс.
Ці вось, здавалася б, добрая справа: улада нарэшце зьбіраецца пачаць барацьбу з наркаманіяй. Але ў беларускіх умовах любы пазытыў, як звычайна, мае і супрацьлеглыя наступствы. Вось і цяпер Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях плянуецца дапоўніць нормай, якая прадугледжвае «адказнасьць за знаходжаньне ў стане, выкліканым ужываньнем наркатычных сродкаў без прызначэньня лекара». То бок, адказнасьць за ўжываньне. Ва ўсім сьвеце караюць за распаўсюд і захаваньне наркотыкаў. І толькі ў Беларусі дадумаліся караць яшчэ і за ўжываньне. То бок, наркаман становіцца апрыёры злачынцам. Хіба ж можа быць па-іншаму ў паліцэйскай дзяржаве?
З чым улады ні змагаюцца — ці то з тэрарызмам, ці са шпіянажам, ці з наркаманіяй — усё адно выходзяць на палітычных апанэнтаў, на незалежнае грамадзтва
Але гэта яшчэ ня ўсё. Сачыце за рукамі. Выкарыстоўваючы як нагоду барацьбу з наркаманіяй, міністар ўнутраных спраў Ігар Шуневіч прапанаваў забараніць доступ усіх інтэрнэт-карыстальнікаў да сайтаў, уключаных у сьпіс абмежаванага доступу. То бок, да сайтаў Хартыя-97, «Беларускі партызан», праваабарончага цэнтру «Вясна» ды іншых.
З чым улады ні змагаюцца — ці то з тэрарызмам, ці са шпіянажам, ці з наркаманіяй — усё адно выходзяць на палітычных апанэнтаў, на незалежнае грамадзтва. Гэтая дзяржава так запраграмаваная. Што ні робіць — усё адно атрымоўваецца аўтамат Калашнікава.
Яшчэ прыклад. Палата прадстаўнікоў рыхтуецца прыняць закон «Аб забароне гей-прапаганды». Расея ж прыняла нешта падобнае, як жа можна адстаць. У зьвязку з гэтым плянуецца ўнясеньне зьменаў і дапаўненьняў у законы «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі», «Аб сродках масавай інфармацыі», «Аб выдавецкай справе» і іншае. Чамусьці ёсьць упэўненасьць, што пад гэту нагоду будуць уведзены новыя абмежаваньні на свабоду слова і інфармацыі.
А ўсе кажуць: выбараў няма, апазыцыя слабая, уладам няма чаго баяцца. А вось жа баяцца!