Прымаючы нядаўна міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, Аляксандар Лукашэнка казаў: «Мы пачынаем новы год у прынцыпе без праблемаў у нашых адносінах, нават дробных. Мы дамовіліся па ўсіх пытаньнях».
Не прайшло і дзесяці дзён, як беларускі лідэр выбухнуў такім фаервэркам лаянкі на адрас Расеі, якіх мы ня чулі ўжо шмат гадоў. Бадай што з часоў «Хроснага бацькі», з той інфармацыйнай вайны напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Зь ягоных слоў вынікае, што Расея беларусаў «прасуе», «шчэміць», «душыць». «Мы ж не шчанюкі, каб нас за каўнер вадзіць», — абурыўся кіраўнік дзяржавы.
Мяркуючы па ўсім, у беларуска-расейскіх дачыненьнях пачалася чарговая вайна. Гэтым разам харчовая.
Дзеяньні Расеі сапраўды выглядаюць брутальнымі. Калі ўжо Беларусь займаецца кантрабандай харчаваньня з Эўропы, то няхай бы выставілі мытныя пасты на мяжы і не прапускалі тавараў, якія выклікаюць падазрэньні. Але ж РФ забараніла экспарт мяса з большасьці беларускіх мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў. І гэта перад самым пачаткам працы эканамічнага саюзу (ЭАЭС пачынае функцыянаваць з 1 студзеня 2015 г.).
Абурэньне кіраўніка Беларусі тым большае, што Расея ладзіць такія крокі ў момант, калі яна ўступіла ў канфрантацыю фактычна з усім сьветам, што Лукашэнка відавочна не ўхваляе. Лукашэнка разглядае цяперашні беларуска-расейскі канфлікт менавіта ў гэтым кантэксьце.
«У мяне складаецца ўражаньне, што на прыкладзе Беларусі чарговым разам, узяўшыся то за газавую трубу, то за нафтавую, а цяпер за харчовыя пытаньні, хочуць паказаць некаму або ўсяму сьвету, правучыць кагосьці», — кажа ён.
Зноў жа, згадваючы міжнародную сытуацыю, у якую трапіла Расея, Лукашэнка як бы кажа: навошта вы сварыцеся з апошнім саюзьнікам?
«Сяброў у нас у сьвеце вы ведаеце колькі. І вы ведаеце, якая пазыцыя ў іншых дзяржаў. Таму давайце не губляць плячо адзін аднаго», — падкрэсьліў беларускі лідэр.
Гэта сказана павучальна, з вышыні свайго палітычнага досьведу. Маўляў, калі селі ў лужыну, то чаго ўжо нешта строіць зь сябе? («Выпендрывацца перад сьветам» — казаў Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў 17 кастрычніка.)
Аднаўленьне Расеяй мытных пастоў на мяжы — гэта адкіданьне працэсу інтэграцыі назад больш як на тры гады, калі яшчэ не існавала Мытнага саюзу
Паводле старой традыцыі, Лукашэнка пераносіць беларуска-расейскі канфлікт з кулюараў у публічную сфэру. Ранейшы досьвед паказвае, што такая мэтода эфэктыўна працуе на карысьць афіцыйнага Менску.
Вось і цяпер Лукашэнка апэлюе да расейскай грамадзкасьці. Як спрактыкаваны папуліст ён імкнецца даказаць, што пастаўкі харчаваньня зь Беларусі вядуць да паніжэньня цэнаў на харчаваньне ў Расеі. Цягам свайго сьпічу ён тройчы вяртаецца да гэтай тэмы:
«Я не разумею: вы што, спэцыяльна гэта робіце, каб падхвоснуць кошты ў Расейскай Фэдэрацыі? Мы ж пастаўляем вам прадукцыю па самых нізкіх коштах. Але дэфіцыт тавараў, асабліва мясной прадукцыі, на рынках Расеі, — гэта ж рост коштаў. Навошта вы гэта робіце?... Сёньня расейцам нялёгка, кошты падымаюцца кожны дзень». І параіў расейскаму боку разабрацца «з рознага выгляду жульлём, якое на гэтым жыруе, з гандлярамі ды іншымі».
І, нарэшце, пагрозы: «Мы вымушаныя будзем рэагаваць»; «Я цярпець ня буду»; «Ня трэба думаць, што Беларусь меншая за Расею і яна ні на што ня здольная. Мы вельмі нават многае можам».
Галоўная выснова з гэтага канфлікту палягае ў тым, што рэалізацыя грандыёзнага інтэграцыйнага праекту па ўтварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу нічога не зьмяніла ў двухбаковых адносінах. Кожны бок прытрымліваецца толькі тых правілаў і палажэньняў ЭАЭС, якія яму выгадныя. Аднаўленьне Расеяй мытных пастоў на мяжы — гэта адкіданьне працэсу інтэграцыі назад больш як на тры гады, калі яшчэ не існавала Мытнага саюзу. І што б там ні падпісвалі прэзыдэнты, ні ратыфікавалі парлямэнты, усё, як і раней, адбываецца паводле «паняцьцяў».