Пры канцы мінулага тыдня ў Ватыкане Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з папам Рымскім Францішкам. Афіцыйныя беларускія СМІ паведамілі, што кіраўнік дзяржавы запрасіў папу Францішка наведаць Беларусь. Наколькі сурʼёзным было запрашэньне і ці ёсьць верагоднасьць, што папа наведае Беларусь?
Доктар тэалёгіі і доктар філязофіі Ірына Дубянецкая мяркуе, што пакуль цяжка сказаць, ці прыме папа Рымскі запрашэньне наведаць Беларусь, бо гэта ня толькі рашэньне і жаданьне самога папы, гэта яшчэ і вялікая палітыка. Але ў Беларусі ёсьць надзвычайны шанец і нагода ў 2017 годзе — 500-годзьдзе выхаду нацыянальнай Бібліі, мяркуе Ірына Дубянецкая:
«Візыт папы Рымскага, безумоўна, прыцягнуў бы ўвагу да Беларусі, увагу пазытыўную. Рэч у тым, што папа Рымскі — гэта вельмі вялікая постаць ex officio ў сьвеце ў любым выпадку, незалежна ад таго, хто займае гэтую пасаду. Папа Рымскі — гэта ня толькі лідэр адной з хрысьціянскіх канфэсіяў. Ён лідэр усяго хрысьціянскага сьвету. А папа Францішак — адзін з самых вядомых папулярных, пазнавальных, прычым пазытыўна пазнавальных, шанаваных людзей у сучасным сьвеце. І зразумела, што кожны візыт папы ў любое месца — гэта загалоўкі навінаў, гэта вялікая ўвага да таго месца. Увага сьвету сапраўды скіроўваецца туды, куды скіроўваецца папа Рымскі. І зразумела, што для ўзьняцьця іміджу Беларусі, для падняцьця статусу гэта было б вельмі важна. І таму для кіраўніка беларускай дзяржавы гэта быў бы гонар — прымаць у сябе папу Рымскага. Паўтаруся: незалежна ад таго, хто ёсьць папа Рымскі — гэта заўсёды гонар для краіны.
І другая істотная рэч. Наперадзе 2017 год, год 500-годзьдзя беларускай Бібліі. Гэта вельмі значная, вельмі вялікая дата, важнасьць якой, як мне здаецца, не зусім разумеюць у Беларусі. 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня — гэта вельмі вялікая і прыгожая дата, але для Эўропы гэта не надзвычайная падзея. А 500-годзьдзе нацыянальнай Бібліі — гэта надзвычайная падзея. Таму што гэта сапраўды адна зь першых перакладзеных Біблій у эпоху рэфармацыі, гэта першы аўтарскі пераклад. І для папы Рымскага гэта было б нагодай наведаць Беларусь. Прычым нагода гэтая вельмі яркая, і, па вялікім рахунку, гэта мог бы быць год Беларусі. 2017 год надае верагоднасьць, калі б яшчэ беларуская дзяржава на гэтым зрабіла акцэнт, на гэтым згуляла, што гэта год беларускай адметнасьці. Канечне, у любым часе візыт папы Рымскага ў Беларусь будзе супэрпадзеяй. Але калі гэта сумясьціць з 500-годзьдзем нацыянальнага перакладу Бібліі, гэта стала б энэргетычным і духоўным кластэрам падзеяў, і гэта было б вельмі прыгожа. У гэтым выпадку дзяржава можа адыграць вельмі пазытыўную ролю. Тут бы дзяржава разам з краінай, з гісторыяй, з духоўнымі патрэбамі краіны і народу была б.
А вось ці наведае папа Рымскі Беларусь бліжэйшым часам, сказаць цяжка. Я думаю, папа ня супраць, але гэта вялікая палітыка, таму што Беларусь не ўспрымаецца як самастойная адзінка. І гэтую палітыку вызначае шмат людзей, а ня толькі сам папа Рымскі».
Палітоляг і тэоляг Натальля Васілевіч параўнала чарговае запрашэньне Лукашэнкам папы Рымскага з жуйкай, узгадаўшы, як у дзяцінстве, калі жуйка была дэфіцытам, яе жавалі-перажоўвалі шмат разоў:
«Аднойчы ў дзяцінстве я разам зь сябрам глядзела ў кінатэатры фільм. Раптам бачу, мой сябра нешта жуе. — Што гэта? — цікаўлюся ў яго. — Жуйка! — з гонарам паведамляе мне ён. — Ого! — з зайздрасьцю кажу я, — а дзе ты яе ўзяў? — Ад крэсла адляпіў, магу табе потым даць пажаваць, — адказаў мне сябар.
Я ўспамінаю гэтую гісторыю шторазу, калі беларускія ўлады вырашаюць адляпіць ад крэсла ўжо шмат разоў жаваную-перажаваную ватыканскую жуйку ў выглядзе чарговых запросінаў чарговага папы ў госьці на падведамную тэрыторыю, а таксама абяцаньняў канкардату, які ўжо ня першы год амаль-амаль гатовы і вось-вось будзе дапрацаваны і падпісаны.
Што такое канкардат? Калі каротка, то гэта гарантыі з боку дзяржавы таго, што яна будзе забясьпечваць правы і аўтаномію каталіцкай царквы на тэрыторыі краіны. Звычайна гэта тычыцца права на ажыцьцяўленьне незалежнай ад дзяржавы кадравай палітыкі, магчымасьці стварэньня навучальных установаў усіх узроўняў (падкрэсьлю — не духоўных!), функцыянаваньня каталіцкіх багаслоўскіх факультэтаў, дзейнасьці каталіцкіх капэлянаў у арміі ды г.д. Заключэньне зьмястоўнага канкардату сапраўды змагло б даць каталіцкай царкве ў Беларусі больш свабоды, адпаведна, зьменшыўшы кантроль за яе дзейнасьцю з боку ўладаў.
Ці патрэбны такі канкардат беларускім уладам? Ці гатовыя яны адмовіцца ад часткі сваіх кантрольных паўнамоцтваў? Ці гатовыя яны даць больш свабоды і мэханізм, каб гэтую свабоду адстойваць, аднаму з буйных субʼектаў грамадзянскай супольнасьці, які і так нярэдка выказваецца самастойна і не ў падтрымку ўладаў? Не.
Ці беларускія ўлады хочуць заключыць дэклярацыйную „дамову аб намерах“, якая ніякіх гарантыяў і ніякіх рэальных мэханізмаў каталіцкай царкве не дае? Але тады навошта такая прыгожая, але пустапарожняя паперчына Ватыкану?»
Сьвятар Беларускай праваслаўнай царквы Аляксандар Шрамко ня лічыць, што Лукашэнка сурʼёзна запрашаў папу Рымскага. На думку праваслаўнага сьвятара, гэта былі проста словы ветлівасьці:
«Мне падаецца, што запрашэньне Лукашэнкі, каб папа Рымскі наведаў Беларусь, было вельмі абстрактнае, у стылі „будзеце ў нас на Калыме — заходзьце“. Гэта было такое ветлівае пажаданьне з боку Лукашэнкі, а не сурʼёзнае запрашэньне. Кіраўнік Беларусі і раней выказваў пажаданьні, што ён ня супраць, каб папа прыехаў у Беларусь. Але канкрэтнага, сурʼёзнага, афіцыйнага запрашэньня, як патрабуе Ватыкан, не было. Да таго ж, наколькі я ведаю, у Ватыкана ёсьць такая практыка, што візыт папы павінна ўхваліць бальшыня кіраўніцтва. А яшчэ гэты візыт павінен узгадняцца з праваслаўнай царквой краіны. А пакуль у беларускіх СМІ цытуюцца толькі словы Лукашэнкі, а адказ папы Рымскага не цытуецца. Я думаю, пакуль малаверагодна, што папа Рымскі наведае Беларусь.
Хоць тое, што Лукашэнка ўжо двойчы наведаў Ватыкан, сьведчыць пра тое, што ён выкарыстоўвае Ватыкан як нейкі ўваход у Эўропу. Цяпер санкцыі зьнялі, назіраецца зьмякчэньне адносінаў да Беларусі з боку Ватыкану. І Лукашэнка, магчыма, спадзяецца, што ягоны візыт да папы Рымскага павысіць ягоны статус. Я думаю, гэта чыста палітычны крок — кантактаваць з папам Рымскім. Але што адбудзецца візыт папы ў Беларусь, я сумняюся».