Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як узаемадзейнічаюць базы вышуку Беларусі, Расеі, СНД, Інтэрполу. Тлумачаць былы міліцыянт і юрыст


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Стала вядома, што ў базу вышуку Расеі дадалі за паўгода амаль 800 беларусаў. Свабода высьветліла, як беларусы трапляюць у базы вышуку Беларусі, Расеі, СНД, Інтэрполу. 

За апошнія паўгода ў расейскую базу вышуку дадалі 773 грамадзян Беларусі, высьветліла «Медиазона». Сярод іх каля 30 палітвязьняў, шэраг беларускіх журналістаў, беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне, грамадзкія дзеячы і палітыкі. Усяго ў расейскім сьпісе на вышук цяпер 4402 беларусы. Праверыць, ці ёсьць чалавек у расейскай базе вышуку, можна вось тут.

Свабода задала пытаньні пра базы вышуку Беларусі і Расеі прадстаўніку ініцыятывы BelPol Уладзімеру Жыгару і юрысту Алегу Агееву.

Беларуская і расейская базы вышуку — гэта розныя базы ці іх ужо аб’ядналі?

Гэта розныя базы, але ў іх амаль ідэнтычная інфармацыя. Раз на 3–4 месяцы інфармацыю пра вышук Беларусь высылае Расеі, а Расея — Беларусі. Гэта робяць супрацоўнікі інфармацыйных цэнтраў (ІЦ), якія ёсьць пры кожным райаддзеле міліцыі, кажа прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар.

Уладзімер Жыгар
Уладзімер Жыгар

«Да 2020 году такога шчыльнага ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Расеяй не было. Расея цяпер таксама зацікаўленая ў перадачы сваіх зьвестак на вышук, бо і ў іх ёсьць нязгодныя з палітыкай дзяржавы грамадзяне, якія хаваліся ад перасьледу на тэрыторыі Беларусі», — тлумачыць Жыгар.

Ці можа беларус быць у беларускай базе вышуку і ня быць у расейскай?

Так. Гэта можа быць зьвязана з тым, што зьвесткі яшчэ не пасьпелі выслаць, бо іх высылаюць ня кожны дзень, а раз на 3–4 месяцы. Прычынай таксама можа быць бюракратыя, калі ў расейскіх праваахоўнікаў ёсьць больш пільныя справы, чым уносіць у базу вышуку грамадзян Беларусі, тлумачыць прадстаўнік BelPol.

Ці ўсіх асобаў, якія знаходзяцца ў беларускім вышуку, адпраўляюць у расейскую базу?

Суразмоўцы Свабоды схіляюцца да таго, што так: ці ўсіх, ці большасьць.

Алег Агееў
Алег Агееў

Алег Агееў удакладніў, што Беларусь можа выслаць у Расею зьвесткі пра вышук, але расейскія сілавікі тэарэтычна могуць не ўключыць іх у свае базы. Бо ў іх, прыкладам, паводле заканадаўства можа быць менш крытэраў, каб абвясьціць чалавека ў вышук. То бок перанос зьвестак з адной базы ў другую — не аўтаматычны працэс.

Калі беларуса няма ў базе вышуку Беларусі, ці можа быць, што на яго заведзеная крымінальная справа?

Праверыць, ці знаходзіцца чалавек у базе вышуку Беларусі, можна на сайце МУС. Паводле закону, усіх, на каго завялі крымінальныя справы ў Беларусі, павінны ўнесьці ў базу вышуку. Аднак можа быць, што крымінальную справу на чалавека завялі, а яго там няма. Прычынай можа быць чалавечы фактар, тлумачыць Алег Агееў.

«Кожная сыстэма можа даваць збой», — дадае юрыст.

Ці ёсьць у Беларусі розныя базы падазраваных або злачынстваў, якія вядуць розныя падразьдзяленьні сілавікоў? Прыкладам, МУС, КДБ, Памежны камітэт?

Ёсьць розныя беларускія базы сілавікоў: «Пашпарт», «Беспарадкі», зьвязаная з пратэстамі 2020 году; «Адзіны дзяржаўны банк злачынстваў і правапарушэньняў» (АДБЗП), «Цыганы», база прастытуяваных жанчын, база іншаземцаў, якія жывуць на тэрыторыі пэўнага раёну, кажа Жыгар. Паводле ягоных зьвестак, пасьля 2020 году ў Беларусі таксама маглі пачаць зноў весьці базу «ИС Поиск».

«Раней яна што была, што не была. Яе проста вялі. Але да яе маюць доступ ня ўсе. Яна можа быць у дзяжурнай частцы, можа быць у аддзеле вышуковай працы», — кажа Жыгар.

База АДБЗП — гэта фактычна і ёсьць база вышуку, там найбольш поўная інфармацыя пра вышук, тлумачыць Жыгар.

«Нельга сказаць, што гэта прадстаўляе базу ў прамым сэнсе. Раней, калі правяраеш чалавека па аўтаматызаванай сыстэме „Пашпарт“, ты забіваеш імя, прозьвішча, унізе магло выскачыць, што чалавек знаходзіцца ў вышуку або за чалавекам стаіць вышуковая картка па абмежаваньні перамяшчэньня. Базай гэта стала толькі нядаўна», — дадае былы міліцыянт.

Ён патлумачыў, што інфармацыя ў гэтых базах можа быць аднолькавая, але адрозьніваецца ўзровень допуску супрацоўнікаў да зьвестак.

«Участковы інспэктар міліцыі будзе мець меншы ўзровень допуску, чым апэратыўнік. Ён убачыць менш інфармацыі пра пэўнага чалавека і злачынства, у якім яго падазраюць, бо гэта не ўваходзіць у ягоныя абавязкі», — дадае былы беларускі сілавік.

Ёсьць база па абмежаваньні на выезд беларусаў, дадае Алег Агееў. Гэта законная база. Але ёсьць вэрсія, што ў Беларусі вядуць і незаконныя базы, прыкладам, базу тых, каго варта больш уважліва праверыць на дзяржаўнай мяжы.

Юрыст прывёў прыклад, калі чалавека пры кожным перасячэньні беларускай мяжы пасылалі на паглыблены надгляд. Той бачыў, што на памежным пераходзе ягоны пашпарт прыкладалі да нейкага прыбора, і той сьвяціўся чырвоным. На думку беларуса, яго ўнесьлі ў такую сакрэтную памежную базу. Ён спрабаваў абскардзіць такія дзеяньні памежнікаў праз суд. Але тады ўлады адмаўлялі, што яны вядуць нейкую сыстэмную базу, тлумачылі, што чалавека штораз паглыблена даглядалі проста выпадкова.

Паліцыя ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме, ілюстрацыйнае фота
Паліцыя ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме, ілюстрацыйнае фота

Як інфармацыя трапляе ў базы вышуку краін СНД?

Чалавека абвяшчаюць у дзяржаўны вышук на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Паралельна з гэтым рыхтуюцца дакумэнты па абвяшчэньні яго ў міждзяржаўны вышук па лініі СНД, кажа прадстаўнік BelPol. У кожнай краіны свае базы вышуку.

«Гэта рабіў той ці іншы орган унутраных спраў праз МУС. Ты ня мог са свайго РАУС за подпісам свайго начальства адправіць гэта ў міждзяржвышук. Пісаўся спэцыяльны рапарт з усімі зьвесткамі за подпісам начальніка РАУС. Потым гэта адпраўлялі ва ўпраўленьне ўнутраных спраў. Там яны чыталі, уносілі карэкціроўкі. Начальнік УУС ставіў рэзалюцыі, гэта ішло ў МУС», — расказвае альгарытм Уладзімер Жыгар.

Далей профільныя службы МУС, якія ўзаемадзейнічаюць па лініі СНД, адпраўлялі гэта па ўсіх краінах садружнасьці.

«Бывала, гэта факсам сыходзіла», — удакладняе Жыгар.

Ён адзначыў, што раней прыцягненьне праваахоўнікаў краінаў СНД у расьсьледаваньне спраў было ня самай эфэктыўнай мерай.

«Калісьці хутчэй было знайсьці кантакт пэўнага аддзяленьня паліцыі ў Расеі, стэлефанавацца з начальнікам вышуку, абмеркаваць зь ім пытаньні, выслаць яму пытаньні праз Viber. Ён адпраўляў сваіх супрацоўнікаў, яны хутка працавалі і высылалі табе па Viber’ы тлумачэньні або рапарт, што яны правялі пэўныя вышуковыя мерапрыемствы. Гэта не працавала вельмі добра», — падсумоўвае Жыгар.

На думку былога сілавіка, такія дзеяньні часам неабходна было зрабіць незалежна ад выніку.

«Асабліва калі мы гаворым пра цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы, або якія маюць шырокі грамадзкі рэзананс. Ты проста мусіш так зрабіць. Вельмі многія матэрыялы па вышуку асобаў, як правіла, сыходзілі ў сьметніцу. Ніхто асабліва нікога не вышукваў», — заўважае ён.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Што даюць дамовы Беларусі зь іншымі краінамі пра супрацу?

Ёсьць дамовы двухбаковыя або шматбаковыя аб супрацы краінаў, тлумачыць юрыст Алег Агееў. У Беларусі такія дамовы ёсьць з многімі краінамі. Адзін зь відаў такіх дамоваў аб супрацоўніцтве — паміж урадамі ў галіне бясьпекі і супрацьдзеяньня тэрарызму.

Таксама можа быць дамова аб супрацы спэцслужбаў, дадае Ўладзімер Жыгар. Прыкладам, беларускія спэцслужбы змогуць выехаць у іншую краіну, там праводзіць свае мерапрыемствы і затрымаць сумесна з калегамі пэўнага чалавека. Таксама можа быць дамоўленасьць паміж дзяржавамі аб перадачы сакрэтнай інфармацыі.

«У ідэальным сьвеце варта было б усім краінам заключыць паміж сабой узаемныя дамовы, каб шукаць сапраўдных злачынцаў», — кажа Жыгар.

Краіна, якая мае пагадненьне зь Беларусьсю аб супрацы ў сілавой сфэры, абавязаная выдаць беларускім уладам беларуса, які там знаходзіцца ў вышуку. Калі пашпарт такога беларуса трапіць расейскаму паліцэйскаму, Расея абавязаная будзе выдаць гэтага чалавека Беларусі. Як дакладна выглядаюць вышуковыя мерапрыемствы краіны — таямніца, тлумачыць Агееў.

Як зьвесткі зь беларускай базы вышуку перадаюць у Інтэрпол?

Пры МУС Беларусі ёсьць нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрполу, якое цалкам падпарадкоўваецца міністру ўнутраных спраў Беларусі. Перадаць у Інтэрпол зьвесткі пра вышук у Беларусі могуць толькі пасьля таго, як іх перададуць у краіны СНД. Ня можа быць так, што чалавека няма ў вышуку ў Беларусі (калі меркаванае злачынства ён зьдзейсьніў у Беларусі), але ён ёсьць у базе Інтэрполу.

«Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрполу выстаўляла red notes за ўчыненьне ў Беларусі злачынства. Калісьці, калі гаварыць пра Інтэрпол, гэта былі сур’ёзныя злачынствы. Патрэбныя былі важкія аргумэнты, каб падаць туды чалавека. Трэба было, каб падазраваны знаходзіўся не ў краінах СНД», — тлумачыць Жыгар.

Алег Агееў дадае, што Інтэрпол цяпер рэдка выконвае запыты Беларусі на выдачу сваіх грамадзян, бо ў рэжыму Лукашэнкі цяпер рэпутацыя ўладаў, якія перасьледуюць сваіх грамадзян за палітыку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG