Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з папам Рымскім Францішкам. Падчас сустрэчы, на якой прысутнічаў сын Лукашэнкі Мікалай, адбылася таксама гутарка пантыфіка з кіраўніком Беларусі ў фармаце «сам-насам» цягам сарака хвілін. Аляксандар Лукашэнка таксама запрасіў папу Францішка наведаць Беларусь.
Палітык, публіцыст і дасьледчык гісторыі царквы Анатоль Сідарэвіч гэтак пракамэнтаваў сустрэчу:
"Сорак хвілін — гэта стандартны час, які ўдзяляе папа на індывідуальную сустрэчу — сорак хвілін і ня больш. Гэта не выключная сустрэча: нядаўна папа сустракаўся з прэмʼер-міністрам Польшчы, прэзыдэнтам Мэксыкі і гэтак далей.
Што тычыцца зьместу сустрэчы і таго, што пра яе вядома, — а менавіта, што Лукашэнка запрасіў папу ў Беларусь, — то ён мусіў мець на гэта згоду патрыярха Маскоўскага. Калі Лукашэнка хоча, каб ягонае запрашэньне не было ўзрушэньнем паветра, каб яго ўспрымалі як сур’ёзнага палітыка, то папярэдне ён мусіў дамовіцца з патрыярхам Кірылам. Той факт, што патрыярх Кірыл сустракаўся з папам Францішкам, то многія ацанілі гэтую сустрэчу, як узрастаньне шанцаў на такі прыезд. І калі партыярх Кірыл сапраўды выяўляе добрую волю і прыязныя стасункі з Ватыканам, то калі ласка — падцьвердзі сваю прыязнасьць тым, што ты ня супраць прыезду папы ў Беларусь.
Чаму Лукашэнка едзе да папы і запрашае яго наведаць Беларусь? Па-першае — гэта вытлумачваецца высокім аўтарытэтам папы ў сьвеце — гэта адзін з найуплывовых палітыкаў усясьветнага маштабу. Па-другое — у Лукашэнкі па-ранейшаму застаецца пэўная напруга з Захадам. Па-трэцяе — зьвязаўшы першае і другое — не забудзем, якую ролю меў папа рымскі ў наладжваньні стасункаў паміж Кубай і ЗША. Лукашэнка і не хаваў гэтага жаданьня, каб Ватыкан паспрыяў наладжваньню кантактаў паміж краінамі вольнага сьвету і Беларусьсю. І калі такі ўплывовы палітык прыкладзе пэўныя намаганьні, то гэта будзе мець істотны ўплыў на зьмену стаўленьня да Беларусі з боку міжнароднай супольнасьці.
Акрамя таго, сам прыезд папы ў Беларусь паспрыяе ўзрастаньню аўтарытэту Лукашэнкі ў асяродку каталікоў абодвух абрадаў. Бо Лукашэнка дакладна ведае, што ягоная царкоўная палітыка — стварэньне прэфэрэнцый расейскай праваслаўнай царкве — не задавальняе пратэстантаў, рыма- і грэка-каталікоў. Яны незадаволеныя тым, што створаная няроўнасьць паміж праваслаўнай і іншымі канфэсіямі. Таму гэтая сустрэча мае разьлік і на паляпшэньне і ўнутрыпалітычнага становішча таксама.
Таму Лукашэнка, калі ён сур’ёзны палітык, ня мог запрасіць папу Рымскага ў Беларусь, не атрымаўшы згоды патрыярха. Калі такой згоды няма, то кіраўнік краіны — легкадумны палітык".