Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорскі інвалід — міністэрству: Чаму хуткая дапамога займаецца палітычным хапуном?


Юры Ляшэнка
Юры Ляшэнка

Інвалід-вазочнік 1 групы Юры Ляшэнка са Сьветлагорску зьвярнуўся ў Міністэрства аховы здароўя і Гомельскую абласную ўправу з патрабаваньнем правесьці службовую праверку па факце выкарыстаньня мясцовых мэдыкаў у перасьледзе яго падчас лістападаўскага пікету.

На плошчу перад будынкам Сьветлагорскага райвыканкаму Ляшэнка выехаў на сваім інвалідным вазку 25 лістапада. Гэткім чынам ён меўся выказаць свой пратэст з прычыны ігнараваньня правоў інвалідаў пры капітальным рамонце двухпавярховага дома № 10 на вуліцы Леніна, дзе ён жыве.

Але не пасьпеў інвалід нават разгарнуць плякат з надпісам «Стоп беззаконьне!», як на плошчу зь мігалкамі прымчала хуткая мэдычная дапамога. Ляшэнку зь яго інвалідным вазком мігам пагрузілі ў «хуткую» і замчалі ў шпіталь. Там яму зрабілі некалькі ўколаў нібыта ад ціску. «Лекаваньне» завяршылася гутаркай зь міліцыянтам і складаньнем пратаколу пра несанкцыянаваны пікет.

Ляшэнка патрабуе, каб Міністэрства аховы здароўя прадаставіла ў ягонае распараджэньне мэдычнае заключэньне пра стан свайго здароўя на момант прымусовага прывозу ў раённы шпіталь, уключна з адказамі на наступныя пытаньні: навошта мэдыкі хуткай дапамогі схапілі яго на плошчы, якія ўколы зрабілі ў прыёмным пакоі?

Як піша інвалід у сваёй заяве, пасьля тых уколаў «я сапрады адчуў сябе дрэнна», а «калі ачуліўся, то ўбачыў каля сябе супрацоўнікаў міліцыі, якія склалі супраць мяне пратакол пра ўчыненьне адміністрацыйнага правапарушэньня».

Інвалід лічыць, што сьветлагорскія мэдыкі былі задзейнічаны ў палітычным перасьледзе, чым парушылі частку 3 актыкулу 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якой «ніхто не павінен падлягаць катаваньням, жорсткаму, бесчалавечнаму альбо прыніжаючым яго годнасьць звароту ці пакараньню, а таксама бязь яго згоды падлягаць мэдычным ці іншым досьледам».

Працягвае інвалід таксама аспрэчваць у судзе забарону райвыканкаму на правядзеньне пікету на плошчы, у выніку чаго яго аштрафавалі на 300 тысяч рублёў. У пазове да райвыканкаму ў суд інвалід зьвяртае ўвагу, што прынятае выканкамам рашэньне № 494 ад 2 красавіка «Аб масавых мерапрыемствах у Сьветлагорскім раёне» супярэчыць ня толькі пастанове Саўміну № 207, прынятай 5 сакавіка 2012 году, але і артыкулам 23, 33 і 35 беларускай Кантытуцыі, артыкулам 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Урад Беларусі, кажа Ляшэнка, яшчэ два з паловай гады таму вызначыў бескаштоўны характар аховы грамадзкага парадку падчас правядзеньня масавых мерапрыемстваў, а выканкамы ўсё яшчэ патрабуюць ад заяўнікаў пікетаў заключаць дамовы зь міліцыяй на ахову таго ж парадку за грошы.

Разгляд пазову інваліда перанесены на студзень з прычыны хваробы адказчыка па справе — аднаго з намесьнікаў старшыні райвыканкаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG