Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень інвалідаў: «Чаго вы езьдзіце — сядзелі б дома»


Узімку на магілёўскіх вуліцах толькі зрэдку пабачыш інвалідаў у вазках. Найчасьцей яны аддаюць перавагу шпацыру каля дамоў, у якіх жывуць. Многія зь іх кажуць, што ў цэнтры гораду сталі бываць часьцей. Тутэйшыя ходнікі і пад’езды да грамадзкіх устаноў збольшага адаптаваныя да патрэбаў інвалідаў, а вось спальныя і аддаленыя гарадзкія раёны застаюцца, як і раней, чужымі для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.

«Для нас перашкоды — бардзюры. Я на сваім маленькім вазку не магу зьехаць з многіх. Тады сядзіш, чакаеш. А потым, чалавек, які ўзяўся дапамагчы, — дык гадаеш, падыме мяне ці не. Здавалася б, ну зрабіце, каб самі маглі заяжджаць. Але ўсё абяцанкі-цацанкі. Тут мы бясьсільныя. Людзі да нас крыху павярнуліся, бо ўбачылі, што мы часьцей езьдзім у горад. Яны раней і ня ведалі, як да вазка падступіцца. Ці то мяне цягнуць, ці то вазок, ці то яшчэ што. Вядома ж, шмат нэгатыву сустракаеш», — апавядае пра жыцьцё інвалід-вазочнік Галіна.

Паводле яе, найчасьцей з нэгатыўным стаўленьнем інваліды-вазочнікі сутыкаюцца ў грамадзкім транспарце, асабліва, калі аўтобусы перапоўненыя людзьмі:

«Калі двое, трое мы едзем, то кажуць: „А чаго вы едзеце. Сядзелі б дома“. Неяк пакаралі кіроўцу. Мы ехалі з канцэрту, а ён нават нас ня ўзяў. Вядома ж, гэты асадак у душы застаецца. Дзяўчаты нашы неяк езьдзілі, а потым сказалі, што больш ня будуць езьдзіць нікуды. Я тады сказала, што будзем, бо людзі ўсе розныя. Нехта і заступіцца, скажа добрае слова, што ўсе мы людзі. Людзі, вядома ж, гэта разумеюць недзе глыбока ў душы. У кагосьці і сваякі, можа, хварэюць».

Пераход непадалёк ад магілёўскага дому вэтэранаў. Бардзюр, нібы трамплін для інвалідаў-вазочнікаў у горад. Вось толькі ці даляціш да яго ў вазку
Пераход непадалёк ад магілёўскага дому вэтэранаў. Бардзюр, нібы трамплін для інвалідаў-вазочнікаў у горад. Вось толькі ці даляціш да яго ў вазку

Галіна ўпэўненая, што зычлівых людзей больш, чым злых. Паводле яе, у кожнага інваліда ёсьць свой стрыжань, які дапамагае яму выжыць.

Інвалід-вазочнік Уладзімер Вусікаў дамогся жытла ў Магілёўскім доме вэтэранаў радыкальным для беларускіх рэаліяў спосабам — зладзіў пікет ля гарвыканкаму. Ён падтрымлівае Галіну ў тым, што выбрацца інваліду-вазочніку ў горад надзвычай цяжка. Праблемы тыя ж — бардзюры. Дапамогі не дачакаесься, кажа:

«Колькі мы не зьвярталіся да дэпутата, дык той кажа: заўтра будзе зроблена. Як заўтра, то па сёньняшні дзень тое заўтра. А як у горад выехаць, каб тую ж патэльню купіць, бо тут няма дзе? Ці куртку, кашулю, ці майткі. Папросіш каго, дык ён купіць то малыя, то завялікія. Наконт лекаў, дык усё паводле рэцэптаў, і толькі адны беларускія, а яны нічога не дапамагаюць».

Безбар’ернага асяродзьдзя няма, затое расьцяжка ёсьць
Безбар’ернага асяродзьдзя няма, затое расьцяжка ёсьць

Уладзімер Аляксеевіч свайго дамагаецца, пішучы скаргі. Стараецца дапамагаць і іншым. Кажа, што дамагліся зьмяншэньня кошту на харчы ў мясцовай краме, рэгулярнай дастаўкі хлеба.

«Што я напішу, то людзі хваляць. Дапамагаю ім патроху, бо людзі маўчаць. Інваліды па два мільёны атрымліваюць, ім не заўжды хапае. Яны ня ўмеюць пісаць скаргі, ня ведаюць куды і да каго зьвяртацца».

Калі ў вялікім Магілёве інваліды знаходзяць сабе занятак, гуртуюцца, каб дапамагаць адзін аднаму, то ў глыбінцы, у райцэнтрах, людзі з абмежаванымі магчымасьцямі пакутуюць у самоце. Калі і ёсьць дапамога, то ад родных.

Інваліднае самотніцтва
Інваліднае самотніцтва

21 год прыкуты да вазка жыхар Крычава Аляксандар. Ад самоты яго ратуе кампутар і інтэрнэт. Жыве Аляксандар на пятым паверсе разам з мамай. Паводле слоў маці, яна зьвярталася да чыноўнікаў, каб выдзелілі сыну сацыяльнае жытло на першым паверсе. Пакуль Аляксандар будзе жыць, кватэра будзе ягоная, а памрэ — вернецца дзяржаве, зазначае жанчына:

«Сказалі: нельга. У яго тады пэнсія была мільён дзьвесьце, а трэба было дзевяцьсот. І цяпер во сядзім на пятым паверсе. Ён ужо цяжкаваты, і я пэнсіянэрка, мне цяжка яго звозіць. Раней хоць саскоквалі неяк. А цяпер мы нікому не патрэбныя ў гэтым жыцьці. Гэта пра 8 сакавіка памятаюць, а вось пра Дзень інваліда — каму ён патрэбны. Відаць, ніхто сёньня да нас ня прыйдзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG