Праз 25 гадоў пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце беларуская незалежнасьць — пад пагрозай, перакананыя экспэрты і палітыкі, зь якімі пагутарыла Свабода.
Мы можам страціць сваю краіну, калі ня будзем дбаць пра яе, — Мацкевіч
Філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч адзначае, што 27 ліпеня — гэта сапраўдны Дзень Незалежнасьці Беларусі, хоць 25 гадоў таму, калі дэклярацыя прымалася, мала хто мог уявіць сабе сапраўдны выхад рэспублікі з СССР. Канстытуцыйны статус гэтай дэклярацыі быў нададзены толькі праз год, чаму паспрыяла параза путчу ў Маскве.
«Атрымаўшы незалежнасьць, мы ня ведалі, што зь ёй рабіць, і трапілі ў значную залежнасьць — я ня ведаю, як гэта правільна сфармуляваць — ад Расеі ці КДБ, ад той структуры, якая імкнулася кіраваць ня толькі Расеяй, але і іншымі незалежнымі дзяржавамі. І вось сёньня мы ня толькі маем пагрозу, якая вісіць над дэкляраванай і, здаецца, ужо незваротнай незалежнасьцю. Мы ўжо маем пэўную залежнасьць, і гэту залежнасьць не заўсёды і ня ўсе грамадзяне Беларусі ўсьведамляюць, і яшчэ менш — гатовыя супрацьстаяць ціску і падвышэньню гэтай залежнасьці. Сапраўды, мы можам страціць сёньня свой сувэрэнітэт, страціць сваю краіну, калі ня будзем пра гэта клапаціцца і дбаць», — падкрэсьлівае філёзаф.
Паводле слоў Мацкевіча, за 25 гадоў адбываліся розныя падзеі, якія то павялічвалі, то зьмяншалі пагрозу сувэрэнітэту Беларусі.
«Што спрыяе павелічэньню пагрозы? Гэта, зразумела, агрэсіўная палітыка Расеі і нядбайная ці нават проста вельмі дурная зьнешняя і эканамічная палітыка кіраўніцтва Беларусі. Зьмяншае пагрозу аслабленьне Расеі, аслабленьне залежнасьці ад Расеі па энэрганосьбітах, імпарце і экспарце нашых тавараў, гэта дывэрсыфікацыя эканамічнай дзейнасьці, і гэта выхаваньне патрыятызму і разуменьне таго, што незалежнасьць — гэта самастойная каштоўнасьць», — кажа ён.
Пагроза сувэрэнітэту Беларусі ідзе з Расеі, — Севярынец
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец таксама лічыць, што пагроза сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі паходзіць з боку Расеі.
«Безумоўна, пагроза захоўваецца, яна захоўваецца ўжо стагодзьдзямі. У першую чаргу пагроза незалежнасьці і дзяржаўнаму сувэрэнітэту Беларусі паходзіць з Усходу — ад Расеі ў розных яе формах (Масковіі, Расейскай імпэрыі, Савецкага Саюзу, сёньняшняй Расейскай Фэдэрацыі). Канечне, пасьля падзей ва Ўкраіне гэтая пагроза абвастрылася — яна літаральна вісіць над нашымі галовамі, як сякера», — кажа ён.
Паводле слоў Севярынца, у сёньняшніх умовах, каб захаваць сувэрэнітэт і незалежнасьць, беларусы павінны рабіць усё магчымае.
«Найперш гэта тычыцца ўмацаваньня незалежнасьці, умацаваньня дзяржаўнасьці праз культурніцкую, асьветніцкую працу, праз палітычную працу. Паколькі рэжым у нас залежны, рэжым у нас фактычна акупацыйны, то гэта праца цяжкая. Барацьба цягам стагодзьдзяў з усходняй пагрозай зьнясіліла беларускую нацыю, але тыя, хто ёсьць цяпер, могуць і павінны самаарганізоўвацца дзеля абароны незалежнасьці, пашыраць беларускасьць, беларускую мову, пашыраць ідэю абароны Беларусі, чакаючы таго часу, калі можна будзе, скарыстаўшыся геапалітычнай сытуацыяй, унутранымі чыньнікамі, умацаваць незалежнасьць і ўсё ж такі вырвацца з гэтай усходняй кабалы», — кажа лідэр БХД.
Сувэрэнітэтам пачалі гандляваць, — Роўда
Палітоляг Уладзімер Роўда ўзгадвае, што Дэклярацыя аб сувэрэнітэце была прынятая, нягледзячы на камуністычнае атачэньне, і ў 1991 годзе атрымала статус канстытуцыйнага закону. Але потым пачынаецца «пакутлівая гісторыя гэтага сувэрэнітэту»:
«Мы паступова саступалі гэты сувэрэнітэт, сувэрэнітэтам пачалі гандляваць — спачатку Кебіч гэта рабіў, а потым Лукашэнка. Сёньня ёсьць пагроза сувэрэнітэту Беларусі, прычым яна адкрытая, яна дэманструецца самым галоўным саюзьнікам Лукашэнкі — Уладзімерам Пуціным, які дасылае нам на парад Перамогі сваё войска, якое прымае ўдзел у гэтым парадзе. Я пры гэтым ня ведаю, што будзе, калі ўсе гэтыя вайскоўцы, спэцслужбоўцы, МУС, КДБ пачнуць падпарадкоўвацца Пуціну, бо ім гэта проста выгадна», — кажа палітоляг.
Але беларусы здольныя адстаяць свой сувэрэнітэт, упэўнены Роўда:
«Нават пры Лукашэнку, які прадаваў і гандляваў сувэрэнітэтам, гэта ўсё роўна было каштоўнасьцю беларускага народа, і гэтую каштоўнасьць трэба захаваць».