Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча трохбаковай кантактнай групы можа адбыцца 5 траўня ў Менску — «ЛНР»


У групоўцы «ЛНР» заяўляюць, што сустрэча трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе можа адбыцца 5 траўня.

«Арыентыровачна ідзе гаворка пра 5 траўня», — заявіў так званы прэм’ер-міністар «ЛНР» Генадзь Цыпкалаў, якога цытуюць сэпаратысцкія сайты.

«Спачатку ў Менск накіруецца перамоўная група, а затым, калі будзе падпісвацца нейкі дакумэнт, то будзем ужо глядзець на неабходнасьць удзелу там кіраўніка рэспублікі і іншых афіцыйных асобаў. Пакуль рашэньне не прынятае», — сказаў Цыпкалаў.

Украінскі бок пакуль гэтыя паведамленьні не камэнтуе.

29 красавіка адбылася чарговая відэаканфэрэнцыя ўдзельнікаў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе з удзелам сэпаратыстаў.

Пасьля гэтага ўкраінскі бок заклікаў хутчэй запусьціць працу падгруп па бясьпецы, палітычных, эканамічных і гуманітарных складніках Менскага пагадненьня. А Дзяніс Пушылін, які называе сябе «віцэ-сьпікерам» групоўкі «ДНР» і прадстаўляе данецкіх сэпаратыстаў у гэтай кантактнай групе, заявіў пра пэўны прагрэс па стварэньні рабочых падгруп.

14 красавіка трохбаковая кантактная група ў складзе прадстаўнікоў Украіны, АБСЭ і груповак «ДНР» і «ЛНР» аднавіла перамовы. Яны працягваюцца ў фармаце відэаканфэрэнцый.

Украінскі бок на перамовах прадстаўляе экс-прэзыдэнт Леанід Кучма. Удзел у кансультацыях таксама прымаюць пасол Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў, амбасадар АБСЭ Хайдзі Тальявіні, групоўкі «ДНР» і «ЛНР» прадстаўляюць Дзяніс Пушылін і Ўладзіслаў Дайнэга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG