Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтак добра жывецца, што няма куды падзецца». Рэпартаж з аграгарадку Гарбавічы


Рэпартаж з аграгарадку Гарбавічы
Рэпартаж з аграгарадку Гарбавічы

Рэпартаж з аграгарадку Гарбаві́чы на Магілёўшчыне, дзе маладыя зайздросьцяць старым.

Больш за сто беларускіх сельгаспрадпрыемстваў — банкруты. Згодна з пастановаю ўраду «Аб захадах фінансавага аздараўленьня сельскагаспадарчых арганізацыяў», у дачыненьні да гаспадарак належыць распачаць працэдуру эканамічнай няздатнасьці.

«Гэта вынік эканамічнай палітыкі, якую праводзілі ўлады апошнія два дзясяткі гадоў. Гэтыя людзі нібыта і ня мелі эканамічнай адукацыі альбо мелі савецкую, далёкую ад сёньняшніх эканамічных рэаліяў. Банкрутаў будзе станавіцца болей, бо ўся наша эканоміка — банкрут», — заяўляе эканаміст з Магілёўшчыны Андрэй Юркоў.

На Магілёўшчыне неплацежаздольнымі прызнаныя трыццаць гаспадарак. Адна з іх — акцыянэрнае таварыства «Раста-агра плюс», што ў Чавускім раёне. Вёска Гарбавічы — галаўная ў гаспадарцы. Тое, што гаспадарка збанкрутавала, жыхароў вёскі ня дзівіць.

Гарбавічы — вялікае паселішча з чатырохсотгадовай гісторыяй. За савецкім часам вёска была цэнтральнай сядзібаю саўгасу «Раста». Цяпер гэта аграгарадок з карцінна выбудаванымі ўздоўж шашы катэджамі. Пра былую саўгасную веліч нагадваюць школа, дзіцячы садок, Дом культуры, будынак сельсавету ды тыпавыя панэльныя і цагляныя двухпавярховікі.

Кантора збанкрутаванай гаспадаркі
Кантора збанкрутаванай гаспадаркі

Два з паловай дзясяткі гадоў таму Гарбавічы траплялі ў зону радыяцыйнага забруджваньня. Мясцовым людзям плацілі так званыя «грабавыя». Цяпер вёска лічыцца чыстай.

Гарбавічы стаяць на чыгунцы. Шмат хто зь вяскоўцаў ёю выпраўляецца на працу ў Магілёў ды Чавусы. Багата людзей падалося ў Расею.

Сельсавет
Сельсавет

Курэй ды качак на вуліцу выпускаць нельга, каб не псавалі выгляд аграгарадку

«Тут гэтак добра жывецца, што няма куды падзецца», — зь непрыхаваным сарказмам рэагуе на пытаньне журналіста пра цяперашняе жыцьцё Гарбавічаў адна зь вясковак, перанятая ля зачыненай канторы гаспадаркі.

«Працы тут няма ні маладым, ні старым, а плаціць за ўсё трэба, і паспрабуй яшчэ зрабіць пратэрміноўку. Жыцьцё стала дужа цяжкім, — працягнула суразмоўца. — У калгасе плацяць па 200 рублёў. Майго сваяка завязуць за пятнаццаць кілямэтраў ад Гарбавічаў у поле, а адтуль ён пешшу вяртаецца. Дык што гэта, клопат пра людзей? Майму мужу да пэнсіі засталося некалькі гадоў, дык ён кінуў тут працу ды паехаў у Расею».

Вяскоўцы зрабілі замер узроўню радыенуклідаў. Паводле паперы, ён перавышае норму амаль удвая
Вяскоўцы зрабілі замер узроўню радыенуклідаў. Паводле паперы, ён перавышае норму амаль удвая

Паводле жанчыны, чалавек не шкадуе, што паехаў далёка ў заробкі. «Муж хваліўся, што пад старасьць гадоў хоць папрацаваў на добрай тэхніцы, — казала жанчына. — А тут жа, як што не даспадобы, дык звальняўся. Во якія цяпер парадкі ў нас».

Суразмоўца прыгадала колішнія саўгасныя сьвінакомплексы, ад якіх мала што засталося, чароды гаспадарскіх кароў, якіх на вёску было пад 200 галоў, а цяпер засталося мо меней за пяць.

Катэджы ўздоўж шашы
Катэджы ўздоўж шашы

«Як зрабілі гэты аграгарадок, дык толькі пра чысьціню і парадак дбаюць, — абуралася яна. — Курэй ды качак на вуліцу выпускаць нельга. Як жа, псуюць выгляд! Чаму гэтак сталася, незразумела».

У наступнай суразмоўцы сын таксама ў Расеі ў заробках. Жанчына прыгадала, колькі ёй давялося папрацаваць, каб сын «выбіўся ў людзі». Пэнсія ў жыхаркі Гарбавічаў два з паловай мільёны недэнамінаваных рублёў.

«Каб не здароўе, дык жыць на пэнсію можна, але на лекі ідзе больш за паўмільёна. Сын дапамагае цяпер», — прызналася кабета.

Машынны двор. Усё ў парадку
Машынны двор. Усё ў парадку

«Якая тут можа быць пэрспэктыва, калі ў Магілёве трэба яшчэ добра пашукаць занятак. Куды ў Гарбавічах маладому падацца? — разважала яна. — А яшчэ гэты падатак. З чаго яны яго выдумалі? Каб хоць праца была, а то ж яе няма. Як хто ўшчэміцца куды, дык плацяць капейкі. Хіба гэта справа, калі маладыя зайздросьцяць старым, што ў іх пэнсія».

«Зразумела, што дзяржаве патрэбныя грошы, дык яно на што толькі не ідзе, каб рубель вымагчы, — падумаўшы, дадала жанчына. — Прыніжаюць улады народ, рабуюць яго, а паскардзіцца няма каму».

«Заробак атрымліваюць своечасова, затрымак зь ім няма»

Тыя хто працуе ў гаспадарцы, з журналістам асабліва ня гутарылі. Прызнаваліся: як даведаецца начальства, то кепска будзе.

І вяскоўцы закупаюцца гароднінай
І вяскоўцы закупаюцца гароднінай

«Праца тут адна: фэрма і майстэрні. На фэрме людзі ўжо падабраныя, дый у майстэрні таксама работнікі не патрэбны. Нямала тутэйшых выбраліся ў Расею. Хто змог, уладкаваўся ў Магілёве. А цяпер і там скарачаюць людзей, таму трымаемся за працу тут, хоць заробкі сьмешныя», — сказаў адзін з работнікаў гаспадаркі.

Памер свайго заробку суразмоўца ня выдаў, толькі махнуў на разьвітаньне рукой.

На сайце Чавускага райвыканкаму ў разьдзеле «Сельская гаспадарка» «Раста-агра плюс» значыцца як неплацежаздольная арганізацыя. Акрамя яе, банкрутамі прызнаныя яшчэ шэсьць гаспадарак раёну. Зьвестак пра кіраўніцтва «Раста-агра плюс» на сайце райвыканкаму няма.

Адзін з дамоў, нібы этапы гісторыі гаспадаркі. Левы край дома — цяперашні стан
Адзін з дамоў, нібы этапы гісторыі гаспадаркі. Левы край дома — цяперашні стан

Тое, што гаспадарка неплацежаздольная, для вяскоўцаў не сакрэт. Многія адзначалі: пра яе стан падказвае частая зьмена кіраўнікоў. Ніводзін з суразмоўцаў не прыгадаў імя цяперашняга дырэктара акцыянэрнага таварыства. Пагутарыць зь ім аб прычынах заняпаду гаспадаркі не ўдалося. Будынак канторы быў замкнуты, а тэлефоны не адказвалі.

У Гарбавіцкім сельсавеце адносна будучыні гаспадаркі настроеныя аптымістычна. З журналістам не пагадзіліся, што вяскоўцы цяпер выжываюць.

«Людзі ў нас жывуць! Што значыць „выжываюць“? Заробак атрымліваюць своечасова, штомесяц. Затрымак зь ім няма. У нас няма такога ўжо жабрацтва, каб няма куды падзецца, толькі паміраць», — запярэчылі журналісту ў сельсавеце.

У гаспадарцы ўлетку занятыя 150 чалавек. Узімку работнікаў патрабуецца меней.

У Гарбавічах — дзень перамогі
У Гарбавічах — дзень перамогі

«У гаспадарцы ж працуе толькі частка людзей. А так людзі езьдзяць ці ў Чавусы, ці ў Магілёў, ці працуюць у іншых арганізацыях, якія знаходзяцца на тэрыторыі гаспадаркі. Індывідуальныя прадпрымальнікі ў нас ёсьць, — выказаў сваё разуменьне старшыня сельскага савету Уладзімер Вычанкоў. — У кожнага ёсьць права выбару. У нас жа не прыгон, маўляў, калі жывеш у Гарбавічах, дык мусіш працаваць толькі тут. Калі чалавек працуе ў нашай гаспадарцы, то яго ўсё задавальняе. Каб гаспадарка ажыла, у ёй усё ёсьць. Крытычнай сытуацыі на сёньняшні дзень няма».

Каб даведацца прычыны, што прывялі да працэдуры банкруцтва гаспадаркі, суразмоўца параіў зьвярнуцца ў Чавускі райвыканкам. Выведаць там сакрэты заняпаду сямі мясцовых гаспадарак не ўдалося.

«Старшыня гаспадаркі ці чыноўнік будуць наракаць на дарагоўлю крэдытаў, што саляркі няма, закупныя цэны па прадукцыю нізкія, а выплаты завялікія», — спрагназаваў тлумачэньне аграрнікаў пра банкруцтва сельгаспрадпрыемстваў эканаміст Андрэй Юркоў.

Заявы пра неплацежаздольнасьць сельгаспрадпрыемства, дапускае ён, робяцца для таго, каб пазьбегнуць выплаты пазык крэдыторам. «Такі абарончы ход, маўляў, няма чым плаціць, мы банкруты», — тлумачыць Юркоў.

Адзін зь вясковых двароў. Трактар як атрыбут заможнасьці
Адзін зь вясковых двароў. Трактар як атрыбут заможнасьці

«Калгасы вымушаныя выконваць загады, якія ім даводзяць зьверху. Эканомікай жа кіруюць людзі, якія гадаваліся ў СССР і тую эканамічную палітыку праводзяць. Для іх галоўная не эканамічная эфэктыўнасьць, а валавая вытворчасьць, — кажа эканаміст. — Яны ведаюць як браць і дзяліць бюджэтныя сродкі. І гэта прывяло да таго, што наша эканоміка, па сутнасьці, банкрут. Неэфэктыўных гаспадарак будзе станавіцца ўсё болей. Але сытуацыя цяпер такая, што рэформы проста непазьбежныя. Ня ведаю, якім шляхам, але рэфармаваньне пачнецца, бо для гэтага насьпеў час».

«Трэба раздаць людзям зямлю»

Што да Гарбавічаў, то іх паволі засяляюць гараджане. Пэнсіянэры вяртаюцца ў кінутыя ў маладосьці бацькоўскія хаты, бо пражыць у вёсцы, кажуць яны, прасьцей. Нехта купляе сабе дамы, каб зноў стаць вяскоўцам, нехта набывае маёмасьць пад лецішчы.

«Тутэйшае насельніцтва выказваць незадаволенасьць сваім жыцьцём баіцца, бо ніхто не абароніць ад праблемаў, уціску начальства. Слабае месца ў чалавека знайсьці заўжды можна», — сказала адна з былых гараджанак, перанятая ў цэнтры вёскі.

Вуліцы ў Гарбавічах часьцей бязьлюдныя
Вуліцы ў Гарбавічах часьцей бязьлюдныя

«Цяпер людзі ў вёсках жывуць цяжка. Дагледзець гаспадарку ня проста. За ўсё трэба плаціць», — апавядала суразмоўца, ведучы журналіста па вуліцы.

«Вёска дужа вялікая. Моладзі нямала, але яна зьяжджае, бо няма чым тут заняцца. У краме прадукты даражэйшыя, чым у горадзе. А тут яшчэ падатак на дармаедзтва. Людзі разгубленыя. Калі за мяжой плацяць дапамогу беспрацоўным, дык у нас наадварот — мы вінаватыя, што дзяржава не выконвае сваіх абавязкаў, не забясьпечвае права на працу», — даводзіла сваё разуменьне сытуацыі кабета.

Прыватны шапік. Ровар — абавязковы спадарожнік
Прыватны шапік. Ровар — абавязковы спадарожнік

«Як Савецкі Саюз разваліўся, трэба было зямлю раздаваць тым, хто хацеў яе браць, — сказаў уладальнік легкавіка, які ўзяўся падвесьці журналіста да Магілёва. Як высьветлілася ў гутарцы, кіраўнік аднаго з суседніх калгасаў.

«Так калгасам была б створаная канкурэнцыя, і цяпер мы б мелі зусім іншую сельскую гаспадарку», — даводзіў ён.

На пытаньне, ці знойдуцца ахвотныя на зямлю цяпер, суразмоўца бяз роздуму адказаў: «Анягож. Я адзін з такіх».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG