«Для харчовых патрэбаў Беларусі неабходна 1,5 мільёна тон збожжа. Яшчэ блізу 800 тысяч — насеньне на будучы год, 300 тысяч пойдзе на сьпірт, 100 тысяч — на піва. Астатняя рэшта — блізу 4,5 мільёна тон — на корм жывёле. Ператвараем зерне ў малако, сьвініну, курыныя яйкі і аддаём за бесцань у Расею. Дзеля чаго?», — доктар сельскагаспадарчых навук Міхаіл Кадыраў пра закулісьсе «эканамічнага цуду».
Міхаіл Кадыраў — адзін з самых дасьведчаных экспэртаў у аграрнай галіне. Доктар сельскагаспадарчых навук, прафэсар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Ад канца 1990-х займаў пасаду дырэктара Інстытуту земляробства і сэлекцыі НАН Беларусі, паступова прайшоў усю кар’ерную лесьвіцу, пачынаючы ад малодшага навуковага супрацоўніка. Быў чальцом Вышэйшай атэстацыйнай камісіі і Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу.
У апошнія гады працаваў на катэдры асноваў аграноміі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Сёлета звольнены ў сувязі зь непрацягненьнем кантракту.
«Проста дзіву даесься, як хутка ператвараюць у сацыяльнага ізгоя»
65-гадовы прафэсар Кадыраў вядомы ня толькі прафэсійнымі дасягненьнямі, але і грамадзянскай пазыцыяй. Ці магло стацца, што менавіта крытыка эканамічнай палітыкі вышэйшага кіраўніцтва краіны прысьпешыла выхад на пэнсію?
Юрыдычна нікому нічога не дакажаш.
— Так, кантракт не працягнулі, хоць запатрабаваныя спэцыялісты, дактары навук працуюць і да 70, і да 80, — кажа Міхаіл Кадыраў. — Але юрыдычна нікому нічога не дакажаш. Пагадненьне заключаецца на год, а ў мяне тэрмін выйшаў 15 жніўня. За месяц паведамілі, што кантракт ня будзе падоўжаны, давялося сысьці. Усё ж такі пэнсійны ўзрост, некаму скардзіцца няёмка. У маральным пляне было, канечне, ня вельмі, але цярпіма. Бо звычайна прачнуўся раніцай — з радасьцю ідзеш на працу, у галаве пракручваеш, як думкі ператварыць у тэкст, а потым і ў практычную плоскасьць. Цяпер гэтага няма. Кажуць, проста трэба гэта перажыць. Адаптацыя — прыкладна паўгода.
Як сказаў мне адзін мудры чалавек: ну што такое пэнсія? Паміж працай і сьмерцю крыху пажыць для сябе. Хоць у цэлым я па сваёй прыродзе працаголік, мне неабходная праца, павінна стаяць мэта, быць сэнс, каб кожнае дасягненьне прыносіла маральнае задавальненьне. А як цяпер гэтага няма, пішу артыкулы. Скажам, ёсьць нейкая праблема, якая цябе ня тое што турбуе, а напружвае. І пакуль яе да канца не разьбярэш, не ператворыш у тэкст, яна цябе зьядае. А як асэнсуеш, а раптам яшчэ дзе і надрукуюць, то тут і радасьць, і задавальненьне. Раптам нейкую карысьць прынясе, людзям нешта новае адкрыецца.
— За прамінулы час былі хоць нейкія праявы салідарнасьці з боку калегаў, зь якімі адпрацавалі не адзін дзясятак гадоў?
— Ясна, што ня ўсе ставяцца ўхвальна, станоўча. Дзесьці сустрэнуць на вуліцы — нават выкажуць захапленьне, паляпаюць па плячы. Але зайсьці, затэлефанаваць — баяцца. Проста дзіўна, як цябе ператвараюць у нейкага сацыяльнага ізгоя. Гэта людзі, зь якімі былі поруч, прычым усе! І не таму, што яны мяне не паважаюць — такія ўмовы дыктуе сыстэма. Добра напісаў кінарэжысэр Віктар Дашук: як стаў «ворагам народу», нават сябры адвярнуліся. Навошта галаўны боль? Затэлефануеш — а раптам праслухоўваюць? Сустрэнесься — а раптам сочаць? Зойдзеш дадому — а раптам назіраюць? Яшчэ потым «прывяжуць», што разам нешта пішаце.
Калі не падтрымліваеш агульнапрынятую дзяржавай пазыцыю, значыць, ты ёй не даспадобы.
У маім выпадку такое стаўленьне цягнецца даўно, гадоў восем. Па першым часе было незразумела, абурала. Але паступова да той сацыяльнай адзіноты прызвычаіўся. Жыву сабе і жыву. Так, канечне, быць не павінна. Ну як? Калі не падтрымліваеш агульнапрынятую дзяржавай пазыцыю, значыць, ты ёй не даспадобы. Зь іншага боку, што творыцца пад прыкрыцьцём дзяржавы ў той жа аграрнай сфэры, якую я добра ведаю! Поўная бескантрольнасьць з боку грамадзтва. Нават за савецкім часам на крытыку СМІ трэба было рэагаваць. Калі крытыкуюць, улада мусіць даць адказ адносна прынятых мер. А цяпер паглядзіце, які ідзе вал інфармацыі, а ўлада нічога ня чуе. Маўляў, нам добра жывецца, а вы як сабе хочаце.
— Дарэчы, каму цяпер у Беларусі сапраўды жыць добра?
— На самой справе, калі падумаць, хто сёньня жыве добра? Працэнтаў 20 насельніцтва, а можа і больш — цалкам нармальна, ім пры гэтай уладзе заўсёды камфортна. Нават паспрабую пералічыць. Найперш, вэртыкаль: заробкі высокія, статус і г. д. Затым увесь сілавы блёк, на ўсім гатовым. Нарэшце, прапаганда кшталту тэлебачаньня, «советских белоруссий» ды ім падобныя структуры на дзяржаўным «падсосе». Апроч таго, розныя сексоты, якія на покліч сэрца падпрацоўваюць у КДБ, маюць доступ да ўсяго. Дарэчы, іх цяпер разьвялося як ніколі.
Вось уся гэтая брація і рэстараны наведвае, і на мора рэгулярна езьдзіць, і новыя машыны купляе. І нібыта складаецца ўражаньне, што ў Беларусі жыцьцё цалкам нармальнае. А ад’едзьце ў бок Шаркаўшчыны ці ў мой Ельскі раён, адразу ж карціна адкрыецца іншая.
Размаўляў з чалавекам, працуе на лініі кансэрвацыі зялёнага гарошку. Сёлета гарошак высах, кансэрваваць на зіму няма чаго, як не было, уласна кажучы, чаго і зьбіраць. Працуюць па гадзіне на дзень. Заробак — паўтара-два мільёны старых рублёў. Пражыві, калі бацька і маці маюць такія грошы, а трэба выхоўваць двое дзяцей. А з вэртыкальнікаў — як з гусі вада, нават не заўважаюць. На жаль, за 20 зь лішкам гадоў грубага аўтарытарна-дыктатарскага рэжыму ўсе так агрубелі разам зь ім, што і бліжняга свайго ня хочам бачыць зь яго бедамі і праблемамі.
«Кіраўнік Акадэміі навук вучыў: дзяўбіце толькі там, дзе пасыпана»
— Вы пералічылі вэртыкаль, сілавікоў, прапагандыстаў ды астатніх. Так ці інакш, але вы ўсё ж кантактуеце з былымі калегамі. Да якога ўзроўню належаць людзі навукі — сярэдні кляс, ніжэйшы ці, можа, наадварот?
— Гледзячы хто. Агулам заробкі цяпер па навуцы нізкія: скажам, малодшы навуковы супрацоўнік атрымлівае ня болей за 300 рублёў, 3 мільёны старымі. Але ў навуцы, як у цэлым па краіне, выбудаваная аўтарытарна-дыктатарская герархія. Дзесьці 1/3 верху гэтай піраміды жыве выдатна, зьнізу ўсё туды зацягваецца і спажываецца. Дакладна гэтак жа ў навуцы. Ёсьць група людзей, адданых рэжыму — гэта ўвесь верх. А ўжо з узроўню загадчыкаў лябараторый, навуковых і галоўных супрацоўнікаў пачынаецца ўраўнілаўка. Дзеля справядлівасьці, нават у тых, хто служыць рэжыму, ёсьць разуменьне, што гэта абсалютна тупіковая сыстэма, яна ня мае пэрспэктывы разьвіцьця. Але ўвесь, як я кажу, «вэртыкальны народ» — вельмі двудушны. За чаркай у прыватнай гутарцы могуць расказваць разумныя, глыбокія, аб’ектыўныя рэчы — што трэба рабіць, што ў сыстэме дрэнна. А на трыбуне ці на навуковай радзе — дэмагог з дэмагогаў.
Уменьне праўдападобна хлусіць, уменьне дагадзіць вышэйшаму начальству становіцца крытэрам прафэсійнай прыдатнасьці.
На жаль, уменьне праўдападобна хлусіць, уменьне дагадзіць вышэйшаму начальству становіцца крытэрам прафэсійнай прыдатнасьці. Памятаю, адзін з колішніх кіраўнікоў Акадэміі навук, дык што хаваць — Мясьніковіч — казаў: «Дзяўбіце там, дзе пасыпана». То бок, калі ёсьць нейкае заданьне, не прыдумляйце нічога, што б выходзіла за межы дазволенага. Вось што сказалі рабіць, тое і рабіце — дзяўбіце там, дзе пасыпана. Тады будзеце жыць бесклапотна. Усё гэта здаецца анэкдотам, але разам з тым адлюстроўвае цяперашні стан рэчаў.
— Іншымі словамі, «замарожанасьць» сытуацыі шмат каго ў краіне задавальняе — хай бяз шыку, але ў спакоі. Але ж вядома, што застой — галоўны вораг прагрэсу...
— Якія лічбы ні вазьмі, зь якога боку ні падыдзі, усё проста жахліва. Першыя ў сьвеце па алькагалізьме, другія ў Эўропе па нястачы. Беларусь у чацьвёрцы краін з самай высокай інфляцыяй за апошнія гады — тры афрыканскія і мы. Састарэла ўся вытворчасьць, абсалютная яе большасьць — і маральна, і фізычна. За што ні бяромся — усё правальваецца, пра дрэваапрацоўку перасталі нават гаварыць, пасьпяхова завалілі. Сельская гаспадарка звышстратная: энэргазатраты на адзінку вырабленай прадукцыі ў 3–4 разы вышэйшыя, чым у Эўропе. Таму толкам і канкураваць ня можам. Наагул, трапілі ў кабальную залежнасьць ад Расеі, і нічога ня робіцца, каб вырвацца.
Я толькі не разумею: няўжо Лукашэнка спадзяваўся, што так увесь час пражыве, нічога не разьвіваючы ўнутры? Рэзыдэнцыі будаваў, лядовыя палацы, «Дажынкі» праводзіў, чэмпіянаты ўсялякія.
Паглядзіце, колькі збудавана пры Мазураву, Машэраву. Усё, што цяпер маем, — савецкая спадчына. Але гэта ўжо састарэла. Зірніце на стан МТЗ, асабліва МАЗу. Ніхто ня ведае, што рабіць, столькі ўсяго назапасілася. Бо трэба даўно пераходзіць на новы тэхналягічны ўклад. Размоваў нібыта шмат, а рэальна нічога ня зроблена, вось у чым трагедыя. Часам думаю: можа, сапраўды Лукашэнка жыве паводле прынцыпу: пасьля мяне хоць патоп, хто прыйдзе, хай той і разьбіраецца? Сам жыву, людзі мяне баяцца, чыноўнікаў купіў, сілавікі служаць. Інакш лёгіку цяжка зразумець.
— Калі вярнуцца да эканамічных паказьнікаў, атрымліваецца, што сёньня беларускі экспарт трымаецца на сельскай гаспадарцы — перапрацоўка нафты і продаж угнаеньняў прыносяць усё меней. А электарату гэта падаецца як узор эфэктыўнага падыходу: маўляў, Беларусь на фоне расейскага харчовага эмбарга заняла вольную нішу.
— Наогул сельская гаспадарка — вельмі запушчаная сфэра, можа, самая запушчаная ў краіне. Лукашэнка дурыць народу галаву сваімі аграгарадкамі, пасевамі ўздоўж цэнтральных дарог ды аблётамі гаспадарак на верталёце. А пры гэтым адцягвае ўвагу ад іншага — ад звышзатратнасьці аграрнай галіны. Беларускія харчы на ўсясьветных рынках папросту неканкурэнтаздольныя. Першая і галоўная прычына — глебава-кліматычныя ўмовы. У формуле ўлічваюцца і структура глебы, і даўжыня дня, і ўзровень інсаляцыі, і шмат іншых паказьнікаў. Дык вось яны ў нас горшыя, чым у Польшчы, Нямеччыне ці ЗША. Ёсьць дакладныя разьлікі: калі ўзяць глебава-кліматычны патэнцыял Беларусі за 100%, то ў Польшчы ён будзе на 25% большы, у Нямеччыне — 150, у ЗША — 200. А ў Новай Зэляндыі — увогуле 400, там круглы год можна вырабляць таннае масла, сыр і г. д. То бок нямецкі фэрмэр, каб вырабіць адзінку прадукцыі, затраціць рэсурсаў на 35–50% меней, чым беларускі.
Неапраўданы экспарт у Расею прымушае варочаць тую зямлю далей.
Другая праблема: у нас у абароце амаль 1 мільён гектараў складаюць пяскі і глебы, якія падсьцілаюцца пяскамі, там наогул няма нарматыўна чыстага даходу. Пры любых цэнах на ўгнаеньні, на прадукцыю затраты будуць заўсёды большыя, чым прыбытак. То бок траціцца грошай больш, чым прадукцыя каштуе. Іх трэба выводзіць з абароту. Але неапраўданы экспарт у Расею прымушае варочаць тую зямлю далей. Перасьледуецца яшчэ адна мэта: вырабляецца шмат сельгастэхнікі, яе ўсё цяжэй прадаць. Тады збываюць сваім. І чым больш зямлі варочаецца, тым большая патрэба ў тэхніцы.
«Нават міністар задаўся пытаньнем: колькі кароў трэба Беларусі?»
— А што з жывёлагадоўляй? Выглядае, што яе таксама ўзялі ў абарот прымусовага экспарту...
— Вытворчасьць прадукцыі ў нас экстэнсіўная. Прывяду прыклад: у Беларусі 1 мільён 400 тысяч дойных кароў. Прыкладна 150–200 тысяч у прыватным сэктары і 1 мільён 200 тысяч — у буйнатаварных гаспадарках (цікава, што ў 3 тысячах фэрмэрскіх гаспадарак скаціны амаль няма, усяго 0,1%).
Для параўнаньня: у такіх краінах, як Чэхія ці Вугоршчына, блізкіх нам па колькасьці насельніцтва, кароў дзесьці 300–400 тысяч, як мінімум утрая менш, чым у нас. А малака там вырабляюць столькі ж, колькі і мы. І гэтае малако значна таньнейшае.
Мы што, настолькі багатыя, каб карміць расейскі народ?
Некалі міністрам сельскай гаспадаркі быў Леанід Русак. Ён напісаў артыкул у газэце «Беларуская ніва», паставіў пытаньне: дык колькі кароў нам патрэбна? Упершыню асьмеліўся сказаць: мы плодзім малаўдойную жывёлу, малако зашкальвае па дарагоўлі, экспарт стратны. Чаму працуем на чужую краіну — на Расею, на дзядзьку? Нават прывёў дадзеныя, што ў абласьцях былі гандлёва-закупачныя базы для экспарту харчаваньня, страты якіх кампэнсаваліся зь бюджэту. Так даслоўна і казаў: мы што, настолькі багатыя, каб карміць расейскі народ?
Тады ў кулюарах ішлі такія размовы: паколькі Расея дае нам значныя зьніжкі на газ, на нафту, дык страты кампэнсуюцца тым прыбыткам. Але ж гэта не падыход да дзяржаўнай справы! Потым ужо і цэны ўзрасьлі, а стратны экспарт працягваецца да гэтага часу. Навошта так вырашаць праблемы? Трэба было спачатку з Расеяй выбудаваць нармальныя адносіны, каб яна не трымала нас адной рукой за горла, а другой за пульс, рэгулюючы цэны. Мы таксама павінны ў працэсе ўдзельнічаць. Цэны павінны быць справядлівыя, па той формуле, па якой яны і ўсім разьлічваюцца. Але тады ня трэба тую формулу асобна падстройваць у сельскай гаспадарцы.
— Нарэшце, што да навязьлівай ідэі сабраць на кожнага беларуса па тоне збожжа. Падаецца, нарэшце капітулявалі, нават рэспубліканскія «Дажынкі» не праводзяцца...
— Запытайце, адкуль узяліся тыя 10 мільёнаў тон? Яшчэ з савецкіх часоў прыдумалі, што трэба давесьці па тоне на кожнага. Хоць тая ж Галяндыя мае 400 кіляграм на чалавека і жыве нашмат лепш за нас. Няма сакрэту, што можна дакладна разьлічыць патрэбы ў харчаваньні для 9,5 мільёна жыхароў Беларусі. Ёсьць мэдычныя нормы — колькі патрэбна хлеба, мяса, малака, яек. І ўжо зыходзячы з гэтага, можна сфармуляваць дзяржаўную замову на вытворчасьць пералічанага і ня толькі. Гэта быў бы здаровы навуковы падыход. Мы гэта дзесяць разоў рабілі, але невядома, у якую шуфляду тыя разьлікі паклалі. Сёньня Беларусь вырабляе малака ў 2,5 раза больш, чым неабходна для ўнутранага спажываньня. Усё астатняе са стратамі для сябе валім у Расею і крыху кудысьці яшчэ. Дзеля чаго — цяжка зразумець.
Ёсьць добрае выказваньне: гандаль харчаваньнем у Беларусі нагадвае дзеяньні алькаголіка — скралі скрыню гарэлкі, прадалі, а грошы прапілі (сьмяецца). Цымус у чым? Галоўнае, каб быў працэс — прадалі. А каб вырабіць гэтую прадукцыю, колькі трэба набыць па імпарце дзеля наступнага экспарту? Цяпер рапартуюць, што прададзена харчаваньня на 5 мільярдаў даляраў. Я некалі яшчэ Мясьніковічу казаў, ён нават дамогся, каб Міністэрства эканомікі спраўдзіла, пералічыла. Добра, будзе ў нас экспарт на 5 мільярдаў. Але каб купіць пад будучую прадукцыю газ, нафту, пэстыцыды, вэтпрэпараты, тэхніку, запчасткі, заходнія перапрацоўчыя канвэеры на малаказаводы і мясакамбінаты, кожны год трэба траціць больш, чым агучаная сума — трэба ўкласьці 6–7 мільярдаў даляраў. Яўна канцы з канцамі не сыходзяцца...
«За чатыры гады склад кіраўнікоў гаспадарак зьмяняецца на 100%»
— Дык а што з запаветнай марай пра 10 мільёнаў тон збожжа? Беларусі гэта сапраўды патрэбна?
— У гэтым годзе, паводле афіцыйнай статыстыкі, у дапрацаванай «амбарнай вазе» ў сховішчы заклалі 7 мільёнаў тон збожжа. Дарэчы, у бункернай вазе, непасрэдна падчас «бітвы», было больш за 9 мільёнаў тон. Таму для пачатку хочацца запытаць: што гэта за такая «ўсушка-ўтруска»? Згодна з нарматывамі розьніца паміж сабраным і закладзеным ураджаем можа зьменшыцца ня болей, чым на 10%. Куды тады падзеўся яшчэ 1 мільён тон?
Каб гарантаваць харчовую бясьпеку краіны, трэба варочаць зямлі 70% ад той колькасьці, якая варочаецца цяпер.
Цяпер да статыстыкі. Выдатна, маем агулам 7 мільёнаў тон. Для харчовых мэтаў нам патрэбна 1,5 мільёна, адпаведна, застаецца 5,5 мільёна тон. Куды ідзе астатняе? Прыкладна 800 тысяч — насеньне на будучы год, 300 тысяч пойдзе на сьпірт, 100 тысяч — на піва. А ўся рэшта — блізу 4,5 мільёна тон — на корм жывёле. То бок ператвараем зерне ў малако, сьвініну, курыныя яйкі і аддаём за бесцань у Расею. Дзеля чаго? Каб гарантаваць харчовую бясьпеку краіны, трэба варочаць зямлі 70% ад той колькасьці, якая варочаецца цяпер.
Яшчэ адзін прыклад: у нас на аднаго жыхара прыпадае пад 60 сотак ворыва і 80 сотак лугоў. У Эўразьвязе старога ўзору было 14 сотак ворыва. Параўнайце — 60 і 14. Цяпер, калі далучыліся новыя краіны, стала 24 соткі на чалавека. Але не 60. Пры гэтым кормяць і сябе, і іншых, усё нармальна. А тут усё дзеля нейкай паказухі.
— У чым, на ваш погляд, прычына таго, што відавочныя рэчы проста ігнаруюцца?
— Галоўная праблема ў тым, што няма гаспадара, гэта ўжо цалкам зразумела. Штогод зьмяняецца дзесьці 25% кіраўнікоў, значыць, за 4 гады ў галіне адбываецца кругазварот усіх начальнікаў. Па сутнасьці, усе яны — часовыя кадры. Прыходзяць на дрэнную гаспадарку, ведаюць, што хутка іх здымуць, бо падняць яе немагчыма. Таму думаюць толькі пра тое, як хутчэй дом пабудаваць ды забясьпечыць будучыню — ніхто ня можа сказаць, як усё далей складзецца. І вось так працуе сыстэма.
Нават можна прыкінуць, колькі за 22 гады прапушчана кіраўнікоў праз такі канвэер. Хоць даўно можна было выбраць зь іх ліку сапраўдных гаспадароў. Хто такі гаспадар? Перш за ўсё — добры кіраўнік. Яму трэба забясьпечыць умовы, каб ён ня быў «часовым выканаўцам», а фармаваўся ў нармальнага кіраўніка, гаспадара. Я такія варыянты прапаноўваў, і Лукашэнка сам паставіў на маім лісьце візу «Навіцкаму (экс-кіраўнік ураду. — РС) — да выкананьня». Гэта было яшчэ ў 2001 годзе. А потым традыцыйна ўсё замурыжылі і спынілі.
Цяпер гэты налёт безгаспадарнасьці на ўсім — паглядзіце, праедзьцеся па калгасах, што там цяпер творыцца. Іх пераймяноўваюць то ў СВК, то ў ААТ, а сутнасьць застаецца ранейшая. Цяперашняя аграрная вэртыкаль — яны як цэрбэры для сваіх падначаленых. Людзі зьнізу не самастойныя: што і калі сеяць, пачынаць зьбіраць ураджай ці не, куды прадаць, па якой цане — усё спускаецца зьверху. І нікуды старшыня не падзенецца, таму што ён залежыць ад раёну, а менавіта там дзеляць рэсурсы, якімі дзяржава забясьпечвае. Упрэсься рогам, нешта ня зробіш — цябе здымуць. Колькі разоў ужо было, калі кіраўнік кажа: ды ня буду сеяць сёлета жыта, мне яго няма куды збыць. Ах, ня будзеш сеяць? Здымем! Вось так яны і кіруюць. І мы хочам, каб пры такім падыходзе нешта было...
Міхаіл Кадыраў нарадзіўся ў 1951 годзе ў Ельску на Гомельшчыне. З адзнакай скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, вучоны-аграном. Доктар сельскагаспадарчых навук, прафэсар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, акадэмік Украінскай нацыянальнай акадэміі навук, быў чальцом ВАК і Савету Рэспублікі 2-га скліканьня. Стваральнік больш як 20 гатункаў беларускага ячменю, мае 17 патэнтаў на вынаходкі. Аўтар звыш 400 навуковых публікацый, напісаў 5 кніг. У Інстытуце земляробства і сэлекцыі НАН Беларусі прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да дырэктара. Пры канцы кар’еры працаваў галоўным навуковым супрацоўнікам Навукова-практычнага цэнтру НАН Беларусі па земляробстве і на катэдры асноваў аграноміі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Цяпер на пэнсіі.