У краму «Акіян», што паблізу плошчы Перамогі ў Менску, патрабуецца грузчык. За цяжкую фізычную працу абяцаюць 4,5 мільёна.
Многа гэта ці мала? Разважаюць карыстальнікі сацыяльнай сеткі «Фэйсбук»:
«Дык жа ня трэба плаціць падатак на дармаеда. У плюсе па ходу можна застацца. А „ролтаны“ жэрці — дык смачна ж!»
«Ну, гэта болей, чым атрымліваюць выхавацелькі ў садках».
«У мяне, намесьніка галоўнага рэдактара мастацкага часопіса, менш. Брава, улада!»
«Дворнік, Някрасава 114, 1/5 стаўкі, 4 200 000 = 195 даляраў...»
«Ды вы там у Менску жыруеце. У Гародні зараз стандартны заробак 3–3,5 мільёна...»
«Гэта менш, чым стаўка ляндшафтнага архітэктара ў Менскпраекце. Такі вось акцэнт».
«Абвальшчык мяса ў Эўраопце 7 лямаў. Шукаюць, знайсьці ня могуць. І пры справе, і пры біфштэксе».
«Народ, які сьмяецца, кпіць і параўноўвае зь іншымі непрэстыжнымі прафэсіямі! Вы рэальна не разумееце, у якой краіне вы жывяце і колькі атрымліваюць людзі навокал вас! Калі вы зарабляеце значна больш, гэта ня значыць, што 4,5 млн — гэта маленькі заробак! Я працую ў тэатры, і ў нас 80% супрацоўнікаў атрымлівае заробак каля двух мільёнаў! Я сам на працягу году атрымліваў такі заробак, цяпер у мяне болей, але ўсё адно менш за заробак грузчыка ў краме „Акіян“! Вялізная колькасьць людзей, якая працуе ў дзяржаўным сэктары ў сфэры адукацыі, аховы здароўя, навукі і г.д., атрымліваюць па 2–3 мільёны ў месяц! І, уявіце сабе, жывуць на гэтыя грошы!»
«У мяне на працы на Батанічнай большасьць 4 млн зарабляе».
«Я таксама ўстаўлю сваё слова — у архіве зарплата каля 2,5 млн. У сельскага паштальёна — пры тым, што трэба абысьці 5 вёсак — каля 2 млн».
Словы карыстальнікаў Фэйсбука пацьвярджаюць абвесткі пра менскія вакансіі. Вось некаторыя зь іх (з сайту riv.by):
- Кухар — 3,5 мільёна
- Кладаўшчык прадуктовых тавараў — 2,5–3 мільёны
- Кіроўца — ад 3 мільёнаў
- Хімік па вытворчасьці клею — ад 4 мільёнаў
- Пэдагог-арганізатар у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт — ад 3 мільёнаў
- Мэнэджэр па продажах — ад 3 мільёнаў
- Лягіст — ад 2,5 мільёна
- Адміністратар сайта — ад 4 мільёнаў
- Прэсоўшчык макулятуры — 2–3 мільёны
- Мэдыцынская сястра-дыетоляг — 3,5–4,5 мільёна
- Выхавацель у санаторны ясьлі-садок — ад 4 мільёнаў
- Пэдагог-псыхоляг — ад 3,5 мільёна
Эканаміст Яраслаў Раманчук кажа, што самым складаным для беларусаў будзе адвыкнуць ад заробкаў у 600–700 даляраў і выжываць на 200:
«У нас ёсьць досьвед таго, як можна выжываць на 30 даляраў афіцыйнага заробку ў месяц — гэта было ў першай палове 90-х гадоў. Таму з заробкам у 200 даляраў беларусам яшчэ і на сьвяточны стол хопіць.
Калі сур’ёзна, то, безумоўна, гэта цяжка, бо ўсё ж сытуацыі розныя. Адна справа — з 30 даляраў падымацца да 200, гэта аптымізм і спадзевы на будучыню. А іншая — з 600 даляраў спускацца да 200. Тут трэба будзе зацягваць паясы, каб выжыць.
Але адаптыўнасьць беларусаў да праблемаў такая высокая, што беларусы прыстасуюцца і выжывуць. На жаль, я ня бачу гатоўнасьці да таго, каб пакараць тых людзей, якія стварылі гэты квадракрызіс. Да той пары, пакуль беларусы будуць цярпець некампэтэнтную ўладу, заробкі будуць зьніжацца — і 200 даляраў яшчэ не мяжа».