Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адхіліў пазоў графіцістаў да Сьледчага камітэту


Вячаслаў Касінераў, Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі. Архіўнае фота
Вячаслаў Касінераў, Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі. Архіўнае фота

Суд Партызанскага раёну Менску 13 студзеня адхіліў пазоў фігурантаў «справы графіцістаў» да Сьледчага камітэту Беларусі аб абароне гонару і годнасьці.

Актывісты Вячаслаў Касінераў, Максім Пякарскі і Вадзім Жаромскі праз суд патрабавалі ад Сьледчага камітэту зьняпраўдзіць зьвесткі, распаўсюджаныя пра іх пасьля арышту 2015 году ў паведамленьні на афіцыйным сайце ведамства.

Аўтараў вулічных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці. Яна ўжо пачалася» сьледчыя назвалі хуліганамі. Яшчэ сьледзтва паставіла ім у віну пашкоджаньне вулічнага білборда з выявай міліцыянта. Але суд зьняў з графіцістаў абвінавачаньне ў хуліганстве, прызнаўшы іх вінаватымі толькі ў пашкоджаньні маёмасьці. Таксама графіцісты патрабавалі абвергнуць зьвесткі, што ў іх нібыта знайшлі траўматычную зброю.

«Была пнэўматыка, якая не забароненая», — сказаў Свабодзе Вадзім Жаромскі.

Прадстаўнік Сьледчага камітэту спаслаўся ў судзе на тое, што ў паведамленьні не былі пададзеныя прозьвішчы і іншыя дадзеныя графіцістаў. А разьмешчаная інфармацыя адпавядала заканадаўству.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Вячаслаў Касінераў сказаў, што ня згодны з рашэньнем суду:

Вячаслаў Касінераў, архіўнае фота
Вячаслаў Касінераў, архіўнае фота

«Сьледчы камітэт паводзіў сябе як вуж на патэльні. На першым пасяджэньні яны казалі, што гэтае паведамленьне не пра нас. На другім пасяджэньні яны ўжо не адмаўлялі — то бок што гэта пра нас артыкул. Але яны мелі рацыю, калі яго публікавалі, бо там не ўказвалі нашых імёнаў і прозьвішчаў. І яны мелі на гэта права. Яны нават пісьмова гэта апісалі, бо на першым пасяджэньні нават блыталіся. Але сурʼёзных довадаў яны не прадставілі.

Таксама чамусьці адхілілі хадайніцтва адвакатаў, каб дадаць да справы інфармацыю зь іншых рэсурсаў, на якія абапіраўся Сьледчы камітэт. Бо ў артыкуле было напісана, што некаторым „хуліганам даецца станоўчая ацэнка, і таму Сьледчы камітэт хацеў бы пракамэнтаваць пэўную справу“. Папярэднюю справу, пачатую супраць нас, па якой і быў напісаны артыкул на сайце Сьледчага камітэту, суд ня вывучыў. Таму ў мяне склалася адчуваньне, што гэта цырк, бо ніхто ніколі не пайшоў бы супраць Сьледчага камітэту, і ў нас няма такіх незалежных інстанцыяў для ўзьдзеяньня на такія структуры».

На пытаньне, ці будуць графіцісты абскарджваць рашэньне суду, Вячаслаў Касінераў сказаў, што ў гэтым ёсьць сэнс.

«Няхай гэтыя прэцэдэнты будуць. Магчыма, цяпер ніхто не прабʼецца праз гэтую сьцяну. Але людзі будуць разумець, што гэта можна рабіць, і вада камень точыць. Людзям усё роўна варта спрабаваць адстойваць свае правы».

Папярэдняе паседжаньне ў справе пазову графіцістаў да Сьледчага камітэту адбылося 22 сьнежня.

Падчас затрыманьня ў жніўні 2015 году Вячаслаў Касінераў быў моцна зьбіты, амапаўцы зламалі яму сківіцу. Трапіў у шпіталь і Вадзім Жаромскі.

У лютым 2016 году Фрунзенскі суд прызнаў фігурантаў «справы графіцістаў» Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага вінаватымі ў пашкоджаньні маёмасьці і пакараў штрафамі ад 30 да 50 базавых велічыняў. Між тым спачатку графіцістам пагражала да 6 гадоў зьняволеньня за злоснае хуліганства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG