Аўтары графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе» Вячаслаў Касінераў, Максім Пякарскі і Вадзім Жаромскі праз суд запатрабавалі ад Сьледчага камітэту зьняпраўдзіць зьвесткі пра іх, распаўсюджаныя пасьля арышту ўлетку 2015 году. Таксама графіцісты маюць намер судзіцца зь Белтэлерадыёкампаніяй за сюжэт, у якім, паводле Касінерава, хлопцаў называлі «наркаманамі і злачынцамі».
Адразу пасьля арышту сьледзтва абвінавачвала графіцістаў у злосным хуліганстве — падазраваным пагражала да 6 гадоў пазбаўленьня волі, але суд зьняў зь іх гэтае абвінавачаньне. У выніку Касінерава, Пякарскага і Жаромскага асудзілі паводле артыкулу 341 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі «Пашкоджаньне маёмасьці» за абліты фарбаю білборд з выявай міліцыянта.
— Ідэя судзіцца са Сьледчым камітэтам прыйшла не зьнянацку. Рэч у тым, што калі мы былі затрыманыя, да абвінавачаньня, на сайце СК зьявіўся артыкул, у якім ананімны аўтар не называў нашыя імёны, але цалкам апісваў сваё стаўленьне да сытуацыі, называючы нас «рэцыдывістамі» і «хуліганамі». Гэта нас абразіла, мы пачалі пісаць скаргі, бо ацанілі гэта як ціск на суд, — распавёў Вячаслаў Касінераў у інтэрвію Свабодзе.
Паводле Касінерава, такім чынам графіцістаў хацелі зрабіць апрыёры вінаватымі ўваччу грамадзкасьці, не чакаючы суду.
— Мы таксама падалі заяву на Белтэлерадыёкампанію, і, спадзяемся, справа дойдзе да суду. У лютым БТ выпусьціла пра нас перадачу («Галоўны эфір», — РС) дзе сьцьвярджалася, што мы атрымлівалі за свае малюнкі сумы ў амэрыканскай валюце, ускосна назвалі нас «наркаманамі». Што да СК, то там занялі пазыцыю, быццам артыкул быў пра нейкіх абстрактных графіцістаў. Сьмешна! Як дарослыя сур’ёзныя людзі дазваляюць сабе такое? — абураецца Касінераў.
— Вы кажаце пра ціск на суд з боку міліцыі. Вам пагражала да шасьці гадоў зьняволеньня, а пакінулі толькі абвінавачаньне ў пашкоджаньні маёмасьці.
— Так, факт ціску быў відавочны. Спачатку яны вельмі хацелі пасадзіць нас, проста момант нязручны аказаўся. У гэтым сэнсе нам пашанцавала. Бо ўсе ранейшыя справы анархістаў ды іншых дзеячоў паказваюць: у нас захоўваецца савецкае разуменьне «быў бы чалавек...» Але навошта цяпер уладзе новыя палітычныя вязьні? Я перакананы, што ўказ зьмякчыць прысуд паступіў зьверху.
— Ці верыце вы ў посьпех у судзе з СК? Ці суд разьвяжа справу на вашу карысьць?
— Наўрад ці. Мы проста патрабуем, каб яны прызналі сябе вінаватымі, прыбралі гэты артыкул ці далі нейкае зьняпраўджаньне. Цяпер у праваахоўнікаў збольшага кепская рэпутацыя — шмат выпадкаў гвалту ў дачыненьні да затрыманых. Нават міністар унутраных справаў Шуневіч спрабуе неяк абяліць сябе ў перадачах на дзяржаўным ТБ. Вось таму для іх прынцыпова захаваць аўтарытэт, абяліць сябе любым коштам. А калі давядзецца выбачацца перад намі, гэта будзе вялікім ударам па аўтарытэце, — лічыць графіціст.
Вячаслаў Касінераў адзначыў, што асноўнай мэтай пазову графіцістаў да Сьледчага камітэту ёсьць нават не перамога ў судзе, а магчымасьць паказаць грамадзкасьці, што нельга абражаць людзей, чыя віна не была даказаная на заканадаўчым узроўні.