Адна з мэтаў студэнцкай канфэрэнцыі — паўплываць на выбар рэктара. Прэзыдэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Дзяніс Кучынскі тлумачыць:
«Галоўная мэта канфэрэнцыі — стварыць дакумэнт, каб мы маглі мець яснае, зразумелае ўяўленьне пра тое, куды мы хочам крочыць. Таму што праз новага рэктара будзе і адмысловая палітыка ўнівэрсытэту. Я спадзяюся, што гэты дакумэнт і наагул гэтая канфэрэнцыя дапамогуць паўплываць на выбары рэктара».
Цяпер у шорт-лісьце прэтэндэнтаў на пасаду рэктара — тры беларусы (Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Краўцэвіч і Тацяна Шчытцова), тры амэрыканцы (цяперашнія правост ЭГУ Дэвід Полік і прарэктар па разьвіцьці і камунікацыях Дарыюс Удрыс, а таксама Эдвард Рослаф), сёмы — літовец Шарунас Ліекіс. Канчатковыя рэкамэндацыі па кандыдатуры новага рэктара Агульнаму сходу сузаснавальнікаў (органу, адказнаму за прыняцьце канчатковага рашэньня) павінны быць зробленыя да 1 сакавіка 2015 году.
На студэнцкую канфэрэнцыю запрошаныя ўсе сем кандыдатаў на пасаду рэктара. Свой удзел пацьвердзілі цяперашні прарэктар па разьвіцьці і камунікацыях ЭГУ Дарыюс Удрыс, Аляксандар Мілінкевіч, Тацяна Шчытцова і Шарунас Ліекіс. Мяркуецца, што яны прадставяць студэнтам свае перадвыбарчыя праграмы.
Прэзыдэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Дзяніс Кучынскі кажа:
«Чыста сымбалічная мэта ў тым, што мы ўпершыню спрабуем аб’яднаць усіх беларускіх стэйкхолдэраў (гэта стала ўжо модным словам) унівэрсытэту — то бок гэта і выкладчыкі, і выпускнікі, і студэнты, у тым ліку гэта і грамадзянская супольнасьць, зацікаўленыя ў агульным праекце, у тым, што адбываецца ў ЭГУ».
На міжнароднай канфэрэнцыі «Беларускі ЭГУ: 10 год у Літве» плянуюцца выступы беларускай грамадзкасьці, выкладчыкаў, выпускнікоў, студэнтаў унівэрсытэту, адкрытыя дыскусіі, круглыя сталы, прыняцьце агульнай рэзалюцыі.