Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Жбанкоў: Міхайлаў сыходзіць як аўтарытарны кіраўнік, які да апошняга чапляецца за ўладу


Максім Жбанкоў
Максім Жбанкоў

Кандыдат філязофскіх навук, культуроляг, кінааналітык Максім Жбанкоў выкладаў у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце 8 гадоў. Сёлета зь ім, як і зь яшчэ двума дзясяткамі беларускіх выкладчыкаў, сярод якіх Павал Церашковіч, Андрэй Лаўрухін, Вольга Шпарага, Аляксей Крывалап ды іншыя, не працягнулі кантракт. Максім Жбанкоў адказаў на пытаньні Радыё Свабода наконт «пачэснай адстаўкі» заснавальніка ЭГУ прафэсара Анатоля Міхайлава, які пакінуў пасаду рэктара і заняў новаствораную пасаду прэзыдэнта Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

— Як вы ацэньваеце сыход з пасады рэктара Анатоля Міхайлава?

— Магу толькі сказаць: шкада, што гэта не адбылося раней. 22 гады пры ўладзе — гэта ненармальна, тым больш для інстытуцыі, якая нібыта імкнецца да дэмакратычных каштоўнасьцяў. Па-другое, мне падаецца, што Анатоль Міхайлаў, як і Аляксандар Лукашэнка, страціў свой гістарычны шанец сысьці прыгожа. Бо яшчэ гадоў 5 таму ён мог сысьці як стваральнік моцнай незалежнай навучальнай установы. Цяпер ён сыходзіць як аўтарытарны кіраўнік, які да апошняга чапляецца за ўладу.

Калі паглядзець: што ён пакінуў пасьля сябе? Перадусім — практыку рэпрэсіяў супраць нязгодных, гэта па-першае. Па-другое — зьнішчэньне навучальных праграмаў і цэлых дасьледчыцкіх кірункаў, і перш за ўсё — беларуска-арыентаваных. Па-трэцяе — ліквідацыю структураў дэмакратычнага самакіраваньня.

— Але пры ўсім пры тым прафэсар Анатоль Міхайлаў заснаваў гэты ўнівэрсытэт, 22 гады яго ўзначальваў. Нейкія ж заслугі былі... Давайце пакінем асабістыя крыўды. Нешта ж добрае было ў ЭГУ?

— Гэта не асабістыя крыўды. Усё тое, пра што я кажу, — гэта аб’ектыўныя рэчы. Я абапіраюся на факты. Маіх асабістых стасункаў зь Міхайлавым няма і быць ня можа.

Што тычыцца добрага і нядобрага, — час пакажа, рассудзіць. Але стварэньне інстытуцыі, гэта, на мой погляд, яшчэ ня ёсьць подзьвіг. Пачаць — гэта яшчэ ня подзьвіг. Але трымацца пэўнай лініі, адбудоўваць эфэктыўную структуру — гэта тое, што можа быць карысным. Я чаму і кажу, што варта, напэўна, было сысьці раней, бо ў апошнія гады Міхайлаў фактычна сам сваёй адміністратыўнай палітыкай завёў інстытуцыю ў вельмі небясьпечную пастку. Там ідзе пэрманэнтны крызіс. І тое, што зараз ён нібыта сышоў — ён сышоў у якасьці нейкай шыльды.

Міхайлаў фактычна не сышоў, ён толькі фармальна не зьяўляецца рэктарам. Але ён застаецца як выкладчык, як сябра пэўных кіроўных структур, і, як я разумею, застаецца ягоны курс, які абсалютна нязьменны. То бок Міхайлаў застаецца ў ЭГУ і ў якасьці фізычнай асобы, і ў якасьці стратэга. Ён застаецца ўплывовай асобай. І менавіта таму я не магу казаць пра нейкі пазытыў, бо я бачу, як стваральнік інстытуцыі, прабачце, сваімі ўласнымі высілкамі яе забівае.

— Але прыйшлі ў ЭГУ выкладчыкі-замежнікі. Выканаўцам абавязкаў рэктара будзе прафэсар Дэвід Полік. Цяпер у ЭГУ шмат замежных выкладчыкаў. Няўжо яны так лёгка прымаюць усю «спадчыну» Міхайлава?

Зь беларуска-арыентаванага ўнівэрсытэту (прынамсі, дэкаратыўна) ЭГУ пасьпяхова ператвараецца ў звычайны лякальны эўрапейскі ўнівэрсытэт

— Вы хочаце сказаць, што замежнікі пачнуць лепш за беларусаў змагацца за Беларусь? Такога ня будзе ніколі. Па-другое, магчымыя кірункі іх працы, статут ёсьць ужо ў сеціве і цалкам даступныя для ўсіх ахвотных. І вось там Беларусі дакладна няма сярод прыярытэтаў. Арыентацыі на тое, што было раней — пабудова дэмакратычнага грамадзтва ў Беларусі, падрыхтоўка новай эліты — таго, што было ў папярэдніх статутах, — у новым статуце няма. На мой погляд, гэта вельмі красамоўная зьмена курсу. Так што зь беларуска-арыентаванага ўнівэрсытэту (прынамсі, дэкаратыўна) ЭГУ пасьпяхова ператвараецца ў звычайны лякальны эўрапейскі ўнівэрсытэт. То бок нават на ўзроўні рыторыкі Беларусь пачынае займаць мінімальнае месца ў прамовах кіраўніцтва.

— А пры новым кіраўніцтве ці ёсьць шанец у звольненых выкладчыкаў аднавіцца і працаваць у ЭГУ?

— Паўтаруся: гэта новае старое кіраўніцтва. Бо спадар Полік ужо год прызвычайваўся да нашай працы і ўпісваўся ў сыстэму. Няма новых кіраўнікоў. Ёсьць крыху папраўленая шыльда. І менавіта сам спадар Полік удзельнічаў у той камісіі, якая якраз і не ўзяла на працу крытычна настроеных выкладчыкаў. І пад усімі дакумэнтамі стаіць ягоны подпіс. То бок курс той самы і людзі тыя самыя.

— Вы сказалі, што ЭГУ ператвараецца ў звычайны, шараговы эўрапейскі ўнівэрсытэт. У нашым разуменьні эўрапейскія ўнівэрсытэты маюць самакіраваньне, прынамсі, уцягнутыя ў Балёнскі працэс.

— І, натуральна, эўрапейскія ўнівэрсытэты ня маюць прэзыдэнтаў. Я б не параўноўваў. Бо тое, што адбываецца цяпер у ЭГУ, нічым не адрозьніваецца ад таго, што адбываецца, да прыкладу, у БДУ. Эўрапейскасьць ЭГУ — гэта сёньня, хутчэй, панятак геаграфічны, а не мэнтальны. Ні пра якую эўрапейскасьць гаварыць не выпадае, калі фактычна зьнішчана выкладчыцкае самакіраваньне, калі фактычна «забіты» дэмакратычна абраны сэнат, замест якога будзе сэнат, цалкам прызначаны адміністрацыяй.

Гэта лёгіка разьвіцьця. Гэтая сыстэма так адбудаваная, што яна інакш крочыць ня можа. У нас была спроба яе паправіць. Мы ўсё ж такі мелі пэўныя аптымістычныя спадзяваньні, што сама сыстэма, зыходзячы з патрэбаў самазахаваньня і разьвіцьця, успрыме нашы ідэі. Аднак сыстэма самазахоўваецца, але не разьвіваецца. Мы мае татальнае дэжавю — абсалютна беларуская сытуацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG