Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як на Палесьсі вясну гукалі


Стрэчаньне ў Новым Палесьсі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:07 0:00
Наўпроставы лінк

У невялічкай вёсцы Новае Палесьсе Лельчыцкага раёну 15 лютага гукалі вясну. Гэтае сьвята народнага календара па-мясцоваму называецца яшчэ Стрэчаньне або Грамніцы. І супярэчнасьці тут няма. «Стрэчаньне» тлумачыцца як сустрэча зімы зь летам. А дзе лета, там і навальніцы — бог Грамаўнік (Пярун) разьяжджае па небе на вогненнай калясьніцы.

На Грамніцы ў Новым Палесьсі было па-веснавому цёпла. Гэта акурат той выпадак, калі кажуць: «Прыйшлі грамніцы — скідай рукавіцы».

Уранку мясцовыя жанкі асьвяцілі ў тутэйшай бажніцы сьвечкі, а ў поўдзень сабраліся разам у вясковым клюбе, адкуль гуртам зь веснавымі і малітоўнымі песьнямі рушылі абходзіць вёску. У гэтым рытуале, дзе перапляліся паганскія й хрысьціянскія традыцыі, свой глыбокі сэнс: ісьці ўсьлед за сонцам і замкнуць, закальцаваць вёску ад усякай навалы, ад нячыстай сілы.

Гуканьне вясны
Гуканьне вясны

Благаславі, Божа, зіму замыкаці,
Благаславі, Божа, вясну аклікаці.

Абавязковыя атрыбуты ў рытуальным шэсьці — сьвяточныя строі, ікона Маці Божай, а таксама жывая ялінка, убраная рознакаляровымі папяровымі кветачкамі. Гэта як напамінак: прырода прачынаецца, і руплівага чалавека парадуе неўзабаве буйствам самых дзіўных фарбаў, аддзячыць яму добрым ураджаем.

Вясна, вясна, вясьняначка,
Чыя то дочка Мар’яначка?
За варотамі быкі пасла,
Ой, назьбірала гаршчок масла,
Гаршчок масла, гаршчок сыра,
Усіх хлопчыкаў запрасіла:
«Ежце, хлопцы, і мачайце,
А на гарэлку прабачайце».

Хата Фёдара Баравога
Хата Фёдара Баравога

Фёдар Баравы з жонкай і суседкай
Фёдар Баравы з жонкай і суседкай

У цэнтры вёскі, акурат побач з хатай Фёдара Баравога, убранай рознымі пэрсанажамі, вырабленымі з дрэва, жанкі становяцца ў кола. Да іх далучаюцца мясцовыя школьнікі — іх адмыслова прывезьлі аўтобусам, каб не спазьніліся на сьвята.

У гэтым жывым коле вядзецца зацікаўленая гамонка, тлумачацца асноўныя рытуальныя моманты ды народныя прыкметы, зьвязаныя са Стрэчаньнем.

— Бабуля, бабуля, а скажы нам, што грамнічныя сьвечкі абазначаюць і чаму іх запальваюць? — пытаецца пяціклясьніца Насьця.

— Ой, мае ўнучкі, — тлумачыць Надзея Кужалевіч, — з запаленымі сьвечкамі абыходзяць усе вуглы ў хаце, падворак абыходзяць — каб лад быў у хаце, у хляве, каб ратаваў магічны агонь ад маланкі, ад усяго благога. І перад сяўбою стрэчаньскія сьвечкі запальваюць — каб зямля радзіла, сонца сьвяціла, у меру дожджыку неба давала, ураджай зьберагала.

Новае Палесьсе
Новае Палесьсе

Да расповеду бабулі Надзеі дадае Марыя Сьветава, загадчыца тутэйшага клюбу:

«Сёньня ж сьвята сьвечкі, жывога агню. У ім вялікая моц! Стрэчаньская сьвечка абараняе нас ад злой, нячыстай сілы».

Гурт згадвае й некаторыя прыкметы, паводле якіх вызначаецца, якім будзе лета. Гэткі своеасаблівы народны гідрамэтэацэнтар з доўгатэрміновым прагнозам надвор’я:

«Калі на Стрэчаньне певень нап’ецца вадзіцы, то на Юр’е вол наесца травіцы. А калі ня п’ецца, то зіма яшчэ, можа, уваб’ецца».

Веснавы карагод каля вясковай бажніцы
Веснавы карагод каля вясковай бажніцы

Каму несьці ўпрыгожаную ялінку
Каму несьці ўпрыгожаную ялінку

Жанкі ладзяць агульны карагод, славяць Стрэчаньне песьнямі. Заліваецца гармонік Аляксея Баравога, падахвочаны бубнам цёзкі — Аляксея Бялоцкага. За рукі са старэйшымі бяруцца й школьнікі, дзяўчаткі й хлопчыкі. У самым цэнтры карагоду, дзе адна зь вясковак трымае ікону Маці Божай, знаходзіцца й месца самым маленькім — трохгадовай Дамінічцы й пары яшчэ такіх ці крышачку большых дзяўчатак.

Песьня вясьне
Песьня вясьне

Карагод вакол іконы
Карагод вакол іконы

Зь ялінкай да крыжа
Зь ялінкай да крыжа

Павадзіўшы карагод, жанкі раяцца, якім чынам убраную ялінку і найбольш старанных удзельнікаў сьвята даставіць да сьвятога месца ў вёсцы — таго, дзе стаіць крыж.

Звычайна, калі ляжыць сьнег, у Новым Палесьсі мужчыны запрагаюць у сані коніка — і вязуць ялінку па вуліцы, заяжджаючы амаль ва ўсе куткі. На сёлетняе Стрэчаньне ў вёсцы няма й сьняжынкі, таму для рытуальнай паездкі скарыстоўваюць двухколы вазок, засланы даматканай капай.

У вазок упрагаюцца хлопцы-падлеткі, а ялінку давяраюць трымаць Насьці Кужалевіч, бо яна выявіла найбольшае стараньне, упрыгожваючы гэты стрэчаньскі сымбаль вясны. У вазок жанкі садзяць і найменшую ўдзельніцу сьвята — Дамінічку.

Працэсія пад разнастайнае сьпеўнае суправаджэньне кіруецца да крыжа — абярэга вёскі.

Дзе б я ні ехала, дзе б я ні йшла,
Я табе, тата, ня дзякавала.
Дзякую табе, тата,
Што была вясёлай хата,
Што была вясёлай хата.
Дзе б я ні ехала, дзе б я ні йшла,
Я табе, мама, ня дзякавала.
Дзякую табе, мама,
Што будзіла мяне рана,
Што будзіла мяне рана...

У Новым Палесьсі (раней гэтая вёска называлася Каросьцень) на заключным этапе абраду стрэчаньскую ялінку мацуюць ручніком да крыжа, нібы злучаючы прыродныя сілы зямлі зь нябеснымі, паганскія традыцыі з хрысьціянскімі. Такі кульмінацыйны момант.

Марыя Сьветава: Дай Божа сонца, блакітнага неба і дажджоў у меру
Марыя Сьветава: Дай Божа сонца, блакітнага неба і дажджоў у меру

Па традыцыі ялінку прымацоўваюць да крыжа
Па традыцыі ялінку прымацоўваюць да крыжа

«Дай нам, Божа, блакітнага неба, цёплага сонейка, дай здароўя хлебаробам. Каб зямелька ўрадзіла, каб жыта каласілася», — прамаўляе Марыя Сьветава й моцна прывязвае ручніком аздобленую зялёную ялінку да невысокага драўлянага крыжа.

Вясковыя музыкі — Аляксей Баравы і Аляксей Бялоцкі
Вясковыя музыкі — Аляксей Баравы і Аляксей Бялоцкі

У стрэчаньскі рытуал зноў уступаюць музыкі — і полька-весялуха коціцца па вясковай вуліцы, сягаючы праз платы і хаты ці не да самага неба. У скокі пускаюцца і старыя, і малыя.

Новапалескія сьпявачкі
Новапалескія сьпявачкі

— Нашу традыцыю сустракаць вясну пакуль ёсьць каму падтрымліваць. У мяне тры дачкі — яны ведаюць усе нашы стрэчаньскія песьні. Унучкі на сьвята заўсёды прыходзяць. Насьцечка, якая зь ялінкай карагодзіла, — гэта мая ўнучка. І Аня тут. Прыйшла нават Дамінічка, праўнучка мая«, — кажа Надзея Кужалевіч, былая вясковая настаўніца, высілкамі якой старадаўні абрад і набыў новае жыцьцё ў Новым Палесьсі.

Насьця і Аня Кужалевічы
Насьця і Аня Кужалевічы

Мясцовы ўмелец Фёдар Баравы, чыімі драўлянымі пэрсанажамі захапляецца і свой, і прыежджы люд, лічыць, што прыгожы й дасьціпны абрад таму й прыжыўся ў іхняй вёсцы, што людзі тут спрадвеку жылі зь зямлі й лесу. Па сутнасьці, да гэтай першаасновы вяскоўцы вяртаюцца й цяпер. Іншага занятку ў Новым Палесьсі няма. Толькі лічаныя вяскоўцы працуюць у саўгасе «Ўдарны», пабудаваным у сямідзесятыя гады мінулага стагодзьдзя за пяць кілямэтраў адсюль на асушаных землях.

— Соткі, а найбольш грыбы й ягады — вось хто корміць тутэйшы люд. На лісічках, чарніцах і журавінах можна мільёнаў 20–30 зарабіць. А ў саўгасе што заробіш — капейкі. За трыццаць чатыры гады працоўнага стажу сам я маю мільён васямсот тысяч рублёў пэнсіі. Вось і ходзяць людзі зьбіраць грыбы й ягады. Пагукалі вясну, соткі пасеялі — і да позьняй восені ў лесе, — кажа Фёдар Баравы, вясковец з прозьвішчам, якое пасуе гэтай мясьціне — ясная рэч, ад бору.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG