У выдавецтве «Беларусь» выйшаў поўнакаляровы альбом пад назвай «Карагод беларускіх абрадаў». Аўтар — вядомы фотамастак Анатоль Кляшчук. Пад адной вокладкай сабраныя ўнікальныя здымкі, якія зафіксавалі непаўторнасьць адвечных сьвятаў і рытуалаў у самых розных кутках краіны. Выданьне на беларускай і ангельскай мовах.
Анатоль Кляшчук за гады працы на ніве фатаграфіі спрычыніўся да рэалізацыі шмат якіх праектаў альбомнага фармату, але цяперашні — ці не найбольш адметны: ніколі яшчэ ў Беларусі народныя абрады не былі сыстэматызаваныя з такой дакладнасьцю.
У аўтарскай прадмове Анатоль Кляшчук піша, што для стварэньня такога фотаальбома ў яго было некалькі прычынаў, і перадусім — шчырае захапленьне народнымі традыцыямі:
«Мяне, яшчэ малога, вясковыя цёткі бралі з сабой у поле на зажынкі, а потым я ўжо і сам разам з дарослымі калядаваў і хадзіў у валачобнікі, а ў юначым узросьце сказаў цераз купальскія вогнішчы...»
Іншай прычынай актыўнасьці ў гэтым кірунку стала імклівая ўрбанізацыя: з мапы Беларусі дзясяткамі зьнікаюць спрадвечныя вёскі, а разам зь імі — і носьбіты старадаўніх традыцыяў. Як вынік, застаецца ўсё менш месцаў і спосабаў, каб праявіць этнічную самабытнасьць, якая капітулюе перад глябалізацыяй:
«Самыя раньнія здымкі ў гэтым альбоме — гаворка менавіта пра каляровыя фатаграфіі — я паставіў з Давыд-Гарадка. Гэта абрад „Конікі“, датаваны дзесьці 2003 годам. А ўпершыню зафіксаваў адну з такіх падзеяў аж у 1987 годзе, тады яшчэ ў чорна-белым варыянце. Шчыра кажучы, на той момант ня надта пераймаўся, каб увасобіць гістарычны пласт абрадаў у нешта большае, проста здымаў дзею. Але паступова справа зацягнула, езьдзіў па розных вёсках, усё больш адчуваючы, што мне гэта рэальна падабаецца. Фіксаваў адзначэньне рэгіянальных, лякальных рытуалаў, традыцыяў. Адпаведна, за столькі гадоў у тэме пачала зьбірацца цікавая калекцыя».
Суразмоўца кажа, што ідэя альбома, цалкам прысьвечанага народным абрадам, выкрышталізавалася пад канец «нулявых». Гэта стала падставай, каб праз шмат гадоў вярнуцца ў пакуль яшчэ жывыя вёскі, дадаўшы колеру ў колішнія чорна-белыя выявы:
«Мабыць, гадоў 7–8 таму стаў задумвацца: а чаму б не зрабіць фотаальбом? Сасьпеўшы прынамсі маральна, пачаў больш часу аддаваць таму, каб актыўней выяжджаць, фатаграфаваць абрадавыя падзеі. Загадзя даведваўся, якія плянуюцца адзначэньні, у якой мясцовасьці, у які канкрэтна час і г.д. То бок, як ужо казаў, апошнія 7–8 гадоў быў сур’ёзны аб’ём працы, на якой, уласна кажучы, у асноўным і сканцэнтраваўся».
Фотаальбом укладзены паводле пораў году. Зімой — найперш Каляды ды Грамніцы; увесну — Вялікдзень, Дабравешчаньне, Юр’я; летам — Купальле, Тройца, Зажынкі; увосень — Дзяды, Багач ды іншыя. Як кажа Анатоль Кляшчук, у залежнасьці ад рэгіёну форма абраду істотна розьніцца, таму важна пазначаць месца дзеі:
«Пад кожным фотарэпартажам пазначана, дзе і калі гэта зьнята, падчас якога сьвята. Фіксацыя важная і зь іншай прычыны: некаторых маіх герояў ужо няма на гэтым сьвеце, але прынамсі застанецца памяць пра тое, якую спадчыну яны пакінулі нашчадкам».
Як удакладняе Анатоль Кляшчук, падрыхтоўка выданьня аказалася надзвычай працаёмістай справай, што адбілася на тэрмінах — да адмыслоўцаў і аматараў даўніны альбом дайшоў нашмат пазьней, чым было заплянавана адпачатку:
«Больш за тры гады таму я падаў заяўку ў Міністэрства культуры — маўляў, хачу зрабіць такога кшталту альбом. А перад гэтым аналягічную прапанову накіроўваў прадстаўніку ЮНЭСКА ў Беларусі, але нешта яны так і не адказалі, маю працу проста праігнаравалі. А час ідзе, варажыць не выпадае — дойдзе ў іх да мяне чарга ці ня дойдзе? Думаю, трэба паспрабаваць празь дзяржаўныя інстанцыі. І атрымалася. Альбом выйшаў у канцы мінулага году, хоць павінен быў зьявіцца яшчэ ў 2014-м. Два гады забрала выбудоўваньне канцэпцыі фотаальбома, макетаваньне, то бок чыста тэхнічная праца».
Адлюстраваныя на старонках альбома абрады надзвычай разнастайныя і па сутнасьці, і па форме. Як кажа Анатоль Кляшчук, сярод іх і маляўнічыя карнавалы, і рытуальныя карагоды, і шумныя ігрышчы, і ціхія памінальныя вячэры. А якія рэгіёны прадстаўленыя ў зборы найбольш?
«Найперш Магілёўшчына, Меншчына, Берасьцейшчына, Гомельшчына. Я ня гнаўся за тым, каб любым чынам „закрыць“ усе рэгіёны, бо перадусім хацелася паказаць відовішчнасьць той ці іншай падзеі. Калі ведаю, што дзесьці можа быць цікавы абрад, добры калектыў, дык туды і паеду».
Карэспандэнт: «Якія абрады найбольш запалі ў памяць з гледзішча якраз сваёй відовішчнасьці?»
«Юр’я на 6 траўня, натуральна, Каляды, Зажынкі, Гуканьне вясны. А Гуканьне — гэта, адпаведна, і Саракі, і Дабравешчаньне, і Масьленіца. Але, як на маё бачаньне, усе абрады, адлюстраваныя ў альбоме, відовішчныя і ўнікальныя па сваёй сутнасьці. Скажам, на Конікі ў Давыд-Гарадок я, напэўна, гадоў пяць езьдзіў — вядома, ня запар, але туды заўсёды хацелася трапіць. Некалькі разоў здымаў у Лельчыцкім раёне, таксама шмат працаваў на Любаншчыне — і Каляды, і вясновыя сьвяты, і летнія. Улетку вельмі цікавыя абрады Русальле, Куст, асабліва Куст у Лунінецкім раёне».
Асобныя абрады, якія проста цудам захаваліся да нашага часу, узятыя пад ахову дзяржавы. Найперш такія рэдкія паганскія сьвяты як «Стрэчаньне», «Пахаваньне стралы», «Праводзіны русалкі», абыходныя абрады «Валачобнікі», «Жаніцьба коміна», «Куст» ды іншыя. Некаторыя прызнаныя ўнікальнымі на ўсясьветным узроўні: так, «Калядныя цары», якія спрадвек адзначаюцца на Капыльшчыне, уключаныя ў Сьпіс культурных каштоўнасьцяў ЮНЭСКА.
Шмат якія традыцыі робяцца набыткам шырокай чытацкай аўдыторыі якраз дзякуючы актыўнасьці Анатоля Клешчука, у якога запытваю: ці мела месца такая сыстэматызаваная праца дагэтуль?
«Мне здаецца, што не. Ніхто гэтым у нас адмыслова не займаўся, бо сапраўды шмат гадоў трэба было ўсюды вельмі актыўна і мэтанакіравана езьдзіць, прычым у розную пару — і зімой, і летам. Таму трэба быць у пэўнай ступені апантаным ідэяй, гатовым зьняцца зь месца пры першай жа патрэбе».
Пры канцы цікаўлюся ў Анатоля Клешчука, колькі здымкаў увайшло ў фотаальбом «Карагод беларускіх абрадаў» і колькі з-за абмежаванасьці фармату засталося за яго межамі? Ці ня будзе перабольшаньнем, калі мы скажам, што давялося пакутліва выбіраць з тысяч і тысяч кадраў?
«У альбоме прадстаўлена дзесьці 350 фотаздымкаў, хоць, само сабой, матэрыялу адзьнята вельмі і вельмі шмат. Думаю, у канчатковы варыянт кнігі ўвайшла, мабыць, трэцяя частка ад таго, што было адабрана і магло быць надрукавана...»
У прадмове да альбома Анатоль Кляшчук гаворыць пра падмурак, які павінен быць асновай для любой нацыі — пра гістарычную памяць:
«Свае непаўторныя, уласьцівыя ёй адной, абрады — як сьведчаньне самабытнасьці і этнічнай унікальнасьці — ёсьць у кожнай нават самай маленькай нацыі. Што ўжо казаць пра нас, беларусаў! Тут у спрадвечнае кола дзён уплецена вялікае мноства сьвятаў і рытуалаў, якія зарадзіліся тысячагодзьдзі таму і беражліва перадаваліся з пакаленьня ў пакаленьне».
А таму спадар Кляшчук хоча верыць, што ягоныя фотаздымкі ня толькі пацешаць вочы і сэрцы, а яшчэ прымусяць задумацца пра спадчыну, якую так лёгка страціць — раз і назаўсёды.