Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, чыстыя страты беларускіх прамысловых прадпрыемстваў вырасьлі за 2017 год на 54,1% да 1,4535 млрд беларускіх рублёў, піша БелаПАН.
Але колькасьць стратных арганізацыяў пры гэтым скарацілася на 11%, з 354 да 315 — страты на адну стратную арганізацыю вырасьлі на 73,2%.
Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, колькасьць стратных прадпрыемстваў зьніжаецца праз рэструктурызацыю запазычанасьцей, але, адзначае ён, застаецца шмат «хранічна стратных» прадпрыемстваў, якія «ня маюць права на існаваньне», але ўдзельнічаюць у дзяржаўных праграмах і не зьмяняюць свайго прызначэньня. Пры гэтым праблемных — нізкарэнтабэльных — прадпрыемстваў значна больш, чым «афіцыйна стратных», адзначае ён.
Сумарны чысты прыбытак усіх (ня толькі стратных) прамысловых прадпрыемстваў вырас пры гэтым у паўтара раза, да 3,6136 млрд рублёў у 2017 годзе. Рэнтабэльнасьць продажаў склала 9,3% супраць 8% у 2016 годзе. Сабекошт прадукцыі, тавараў і паслугаў вырас на 14,5%.
Але запасы гатовай прадукцыі на складах растуць ужо пяты месяц запар: на 1 лютага 2018 году на складах ляжала прадукцыі на 4,2136 млрд рублёў — плюс 363,1 млн рублёў за студзень. Найбольш на складах тэкстылю, адзеньня і вопраткі (у 2,9 раза больш за месячны аб’ём вытворчасьці), лекаў (у 1,7 раза больш), вылічальнай тэхнікі, электронікі і оптыкі (у 1,5 раза больш). Найбольшы ўзровень складзкіх запасаў у Менскай вобласьці, дзе на складах ляжыць 95,5% ад сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці, найменш — у Віцебскай і Гомельскай абласьцях (37,3% і 23% адпаведна), дзе знаходзяцца нафтаперапрацоўчыя заводы.