Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея «даабвінаваціла» Беларусь: ня толькі «малочка», але і яблыкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Рассельгаснагляд» апублікаваў разгорнутыя прэтэнзіі да паставак у Расею беларускай прадукцыі. Прэтэнзіі і санкцыі тычацца ўжо ня толькі малочнай прадукцыі, але і яблыкаў: ад 14 лютага Расея забараніла іх увоз з 31 беларускага прадпрыемства.

Паводле «Рассельгаснагляду», беларускія прадпрыемствы трапляюць у Расеі пад абмежаваньні празь няякасную, небясьпечную або незаконна ўвезеную прадукцыю. Гэта, піша расейскае ведамства, «выклікае пэўныя сумневы адносна эфэктыўнасьці функцыянаваньня сыстэмы дзяржаўнага вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду» беларуска-расейскай «Саюзнай дзяржавы».

«Рассельгаснагляд» адзначыў:

  • увоз беларускіх «сырападобных прадуктаў», якія «не падлягаюць прававому вызначэньню, але невядомым чынам сэртыфікуюцца»;
  • пастаўкі беларускімі кампаніямі ў Расею «санкцыйных» прадуктаў з Украіны і Эўропы з фальшывымі дакумэнтамі пад выглядам прадукцыі з Ірану, Македоніі, Сан-Марына і Кітаю, якія да таго ж «зьніжаюць аб’ёмы ўвозу малочнай прадукцыі добрасумленных беларускіх вытворцаў»;
  • ранейшыя зьвесткі пра магчымасьць увозу празь Беларусь «санкцыйных прадуктаў» з Эўразьвязу пад выглядам прадукцыі 33 краінаў — цяпер з тых краінаў дазволены толькі прамы ўвоз, але не празь Беларусь;
  • увоз у Расею фізычнымі асобамі значных аб’ёмаў (17 партыяў на больш як 25 тонаў сумарна) рознай прадукцыі без вэтэрынарна-суправаджальных дакумэнтаў нібыта для асабістых мэтаў, а насамрэч для рэалізацыі на расейскім рынку;
  • «відавочныя сумневы» ў строгім кантролі беларускага боку за прадукцыяй, што пастаўляецца ў Расею, і магчымасьць удзелу ў «незаконных схемах» беларускай вэтэрынарнай службы.

Ад 26 лютага Расея забараніла ўвоз зь Беларусі малака, вяршкоў і іншай малочнай прадукцыі ў сувязі ў пастаўкамі «небясьпечных» прадуктаў (пад розныя формы санкцыяў трапілі 42 прадпрыемствы). Сябра калегіі па прамысловасьці і аграпрамысловым комплексе Эўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі заявіў, што Расея груба парушае нормы Эўразійскага эканамічнага саюзу такім блякаваньнем. 26 лютага ў Маскве маюць пачацца кансультацыі ў пытаньнях паставак у Расею беларускай малочнай прадукцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG