Шмат хто ўспрымае бадзяг як людзей, якія толькі і робяць, што шукаюць, чым пажывіцца і што выпіць. Ім спагадаюць, іх зьневажаюць і імі брыдзяцца. А вось бомж, які захапляецца чытаньнем, — зьява нязвыклая. Свабода адшукала ў Магілёве бадзягаў, якім кнігі дапамагаюць забыць пра сваё бядотнае жыцьцё і паверыць, што чарговы дзень прынясе ўдачу.
Саракадзевяцігадовы бяздомны Павал, калі не заняты бадзяжніцкімі справамі, заўсёды з кнігаю. У адным з магілёўскіх сквэраў звыкла займае аддаленую ад людзкога натоўпу лаўку і, не адрываючыся, падоўгу чытае. Ва ўдалы для яго дзень, калі перападае ня толькі кавалак хлеба, але і цыгарэціна, ён, паглыбіўшыся ў чытво, са смакам уцягвае тытунёвы дым.
«Бяздомнымі становяцца ж не адразу, а па абставінах», — рэагуе Павал на зьдзіўленьне журналіста, што бяздомны — ды чытае.
«Мне падабаецца чытаць ды спазнаваць выдуманы аўтарамі сьвет, — кажа суразмоўца. — Калі чытаеш, забываецца рэальны сьвет, у якім я жыву. Дужа прыемна забывацца на яго пры маім цяперашнім становішчы, калі я і на мыліцах. Працаваць пакуль не магу. Жыць мне няма дзе. Вось выходжу на лаўку ды ціха чытаю».
Некалькі тыдняў таму Паўла зьбіла машына. Паламала нагу. Хадзіць на мыліцах яму давядзецца яшчэ тры месяцы. Павал кажа: чытаць навучыла маці, хоць ён і доўга супраціўляўся. Ад яе пераняў і захапленьне кнігамі.
«У пятай клясе я ўжо прачытаў „Графа Монтэ-Крыста“, фантастыку Бяляева. Потым чытаў творы Салжаніцына. Набокава чытаў. Дужа спадабаўся Юз Аляшкоўскі. У нас яго чамусьці не прадаюць. Прачытаў ягоныя творы на пачатку 1990-х у часопісе „Смена“. Ён дае ацэнку, як было жыць пры Савецкім Саюзе. Ён паказвае, чаму і як сталася такое жыцьцё».
«Тады ж гэта было ўсё схавана ад людзей, — згадвае Павал прычыны, якія падбілі яго зацікавіцца Салжаніцыным. — Яго ж толькі дазволілі пры канцы Савецкага Саюзу. Цікава было даведацца пра жыцьцё зь ягоных твораў, як станавілася савецкая ўлада».
«Мне запомнілася размова асуджаных, тады ж палітычныя сядзелі, — працягвае бяздомны. — Дык, вось, адзін зьняволены кажа, што ягонаму сябру далі самае страшэннае пакараньне. Усе пачалі гадаць, якое гэта пакараньне, відаць, расстрэл. А той, хто апавядаў, адказвае: «Не расстрэл, а яго выслалі з Савецкага Саюзу на загнілы Захад».
Павал не хавае: прачытаўшы творы Салжаніцына, уразіўся, што ў Савецкім Саюзе былі палітычна асуджаныя. З пазыцыяў сёньняшняга дня, заўважае ён, гэтая зьява яму брыдкая:
«Як гэта можна за палітычныя погляды з чалавека зьдзекавацца? — абураецца суразмоўца. — Не з-за таго, што ён забіў некага ці скраў, а толькі за тое, што выказвае сваё меркаваньне. І за гэта саджаць?»
«Калі даюць кухаркам ці працоўным уладу, — а да ўлады трэба ж быць падрыхтаваным, трэба разьбірацца ў палітыцы, — то так і атрымліваецца, — разважае Павал. — Трэба да ўлады быць падрыхтаваным. Яна губіць чалавека. Ён становіцца дужа самастойны, толькі пра сябе думае, і тады творыць шмат чаго. Перагібы ўтвараюцца».
Каб запабегчы самаўладзьдзю, суразмоўца ўпэўнены, што Канстытуцыя павінна прадугледжваць усенародныя выбары. Каб людзі, кажа ён, маглі такога ўладара замяніць.
«Калі народ не задаволены, ён выбера сябе новага лідэра, але выбары такія павінны адбывацца выключна паводле закону».
Вяртаючыся да тэмы кніжак, Павал са скрухай заўважае, што цяпер многія іх выкідаюць.
Усё ў кампутарах прачытаць можна, і кнігі выкідаюць, каб не заграмаджаць кватэру. Як па мне, гэта кашчунства
«Усё ў кампутарах прачытаць можна, і кнігі выкідаюць, каб не заграмаджаць кватэру. Відаць, яны не такія ўжо і кнігалюбы. Кнігі выкідаць, як па мне, гэта кашчунства. Застаюцца, аднак, яшчэ людзі, якія зьбіраюць кнігі. Трацяць немалыя грошы на рэдкія выданьні», — разважае бяздомны.
Суразмоўца кажа, што сярод бадзягаў чытаюць нямногія. «У іх іншыя заняткі — знайсьці паесьці, выпіць, таму ім не да кніжак. А яшчэ ахвота чытаць і ад выхаваньня».
На разьвітаньне цікаўлюся, што ж цяпер чытае Павал. «Як міліцыя сядзіць у зонах», — адказвае ён.
«Як этапы праходзяць, як з крымінальнікамі адносіны цяжка завязваюцца. Яны ж у асобных зонах сядзяць. Не скажу, што гэта кніга выдатная. Для таго, хто сядзеў, яна будзе не ў навіну».
У наступнага суразмоўцы, шасьцідзесяцігадовага Анатоля, стаўленьне да кніг выключна спажывецкае. На пытаньне, ці чытае ён кнігі, адказвае: «Я іх зьбіраю і здаю на макулятуру. З выручаных грошай жыву».
Аднак з адной кнігай ён не расстаецца. Гэта Біблія. Адшукаў яе бадзяга на сьметніку.
«Вось я яе знайшоў. Людзі розныя бываюць. І такія кнігі выкідаюць. Акрамя Бібліі, я нічога не чытаю. У ёй напісана гэтак, каб было ўсё справядліва на зямлі. Што павінен рабіць чалавек, каб усім было добра. Калі ж мы не паступаем так, то квітнее несправядлівасьць і хуліганства. Мо жыцьцё цяпер такое. Яно прымушае хітраваць ды рабаваць. Бог яго ведае. Як у каго ёсьць якая магчымасьць, дык мне дапамагаюць. Хто капейчынай, хто ежай, а хто адзежынай», — кажа Анатоль.
Перад тым як выбрацца на абыход тэрыторыі, заўважае бяздомны, ён не забывае чытаць фрагмэнты зь Бібліі. Гэта дапамагае, цьвердзіць ён.
«Калі іду здабыць сабе чаго на жыцьцё, то зьвяртаюся да Бога і малюся: «Госпадзе, дапамагаеш штодня, дапамажы і цяпер».
Патрапаную Біблію Анатоль носіць у кішэні ля сэрца і дастае толькі тады, калі трэба яе пачытаць. «Свайго кута ў мяне няма, а калі пакладу ў сабраныя мною рэчы, то скрадуць», — кажа бадзяга.