Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэкрэт пра дармаедзтва — бамжоў ужо папярэдзілі


Магілёўскія бамжы калупаюцца ў сьмецьцевых кантэйнэрах
Магілёўскія бамжы калупаюцца ў сьмецьцевых кантэйнэрах

2 красавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Ён уступае ў сілу пасьля афіцыйнай публікацыі і будзе тычыцца тых, хто не працуе з 1 студзеня гэтага году. Дэкрэт мае на мэце стымуляваць працаздольных грамадзянаў да працоўнай дзейнасьці, а таксама забясьпечыць выкананьне імі канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў.

Ня выключана, што «падатак на дармаедзтва» змусяць плаціць і асобаў бяз сталага месца жыхарства. Як ставяцца да дэкрэту прадстаўнікі «сацыяльнага дна» беларускага грамадзтва?

Саракагадовы Віктар ранкам абыходзіць бакі са сьмецьцем у пошуках спажывы. Шукае ежу і тое, што можна здаць, каб зарабіць. Пашпарта ў яго няма. Цьвердзіць, што два гады ня могуць яму яго зрабіць. Пра закон аб дармаедах чуў. Да яго ўжо падыходзілі міліцыянты і страшылі штрафам, калі не ўладкуецца на працу.

«Я ім патлумачыў сваю сытуацыю. Сказаў, што калі атрымаю пашпарт, тады пайду на працу», — каротка апавядае пра стасункі зь міліцыянтамі Віктар. Усьміхнуўшыся, дадае:

«Дык мы ж дзяржаве дапамагаем. Бутэлькі зьбіраем і здаём. Дзяржаве ж трэба дапамагаць? Трэба! (сьмяецца). Дзяржава за гэта нам плаціць. Я ведаю, што трэба заплаціць тры мільёна зь нечым падаткаў. Будзем працаваць, тады і будзем плаціць. Што тут паробіш. Нашае жыцьцё такое. Хутка будзем дыхаць і за гэта будзем плаціць».

На пытаньне, ці справядлівы закон аб дармаедах, Віктар адказаў, што лічыць яго справядлівым. У сваіх развагах пра яго выказаў, аднак, думку, што яго адменяць:

Я ведаю, што трэба заплаціць тры мільёна зь нечым падаткаў. Будзем працаваць, тады і будзем плаціць. Што тут паробіш

«Пры Савецкім Саюзе быў такі закон. Тады ж садзілі за дармаедзтва. І што гэта дало? Ды нічога не дало. У выніку яго скасавалі. Рана ці позна і гэта адменяць. Вы ж зразумейце, што ня кожнага можна прымусіць працаваць. Паглядзім, як далей ён сябе пакажа».

Наступная суразмоўніца назвалася Тамарай. Цьвердзіць, што ў яе вышэйшая адукацыя. Працавала лекаркай. Пра гісторыю свайго бадзяжніцтва ня кажа. Таксама праглядае бакі са сьмецьцем.

«А чаму пад санкцыі не падпадаюць людзі, якія будуюць сабе катэджы? І чаму гэта замоўчваецца? Там тоны цэглы, цэмэнту ды столькі працаўнікоў! Гэта трэба ж колькі зарабляць? Хто гэта тлумачыць?» — выказваецца пра закон аб дармаедах Тамара.

Яна зазначае, што бамжоў год ад году становіцца ўсё болей. Іхныя шэрагі папаўняюць пераважна людзі сярэдняга веку.

«Чаму б не стварыць такую службу, якая б высьвятляла, чаму чалавек страціў сваю кватэру, хто яму ў гэтым дапамог? Каб гэты чалавек не бадзяўся. Сярод такіх нямала людзей з вышэйшай ды сярэдне-спэцыяльнай адукацыяй — яны ж спэцыялісты. Яны апусьціліся, зразумела, але ім дапамаглі ў гэтым. Ім дапамагло грамадзтва, бо яно ня лічыць іх за людзей».

Пётар ужо пэнсіянэр. Пра тое, ці атрымлівае ён пэнсію, ня кажа. Сталага жытла, прызнаецца, ня мае. Зьбірае бутэлькі ды лом каляровага мэталу. Харчуецца з бакаў для сьмецьця. «Закон аб дармаедах мяне ня тычыцца», — зазначае суразмоўца.

«З аднаго боку, ён, можа, і патрэбны, а з другога — і не», — выказваецца Пётар.

«Але я чытаў, што ў Штатах бяздомным дапамагаюць. Там жа сацыяльнае абслугоўваньне для бамжоў дай бог якое. Нам такое і ня сьнілася».

Мікалай таксама пэнсіянэр. Бамжуе дзесяць гадоў. Пэнсіі не атрымлівае, бо няма дакумэнтаў, і ён ня можа яе аформіць. Сталага жытла ня мае. У дармаеды, кажа, залічыць яго ўжо ня могуць. Лічыць, што цяпер сытуацыя спрыяе, каб «дармаедаў» стала болей, як і бамжоў.

«Наколькі я ведаю на многіх прадпрыемствах цяпер скарачаюць людзей, то як жа ня зьявіцца болей такіх, як я? Зьявяцца — перакананы», — разважае Мікалай.

На многіх прадпрыемствах цяпер скарачаюць людзей, то як жа ня зьявіцца болей такіх, як я?

«Цяпер жа такія строгія законы, на прадпрыемствах мала плацяць. Ды за нядобрыя паводзіны, малую прычэпку, чалавека могуць звольніць. А куды такому чалавеку падзецца, калі такі закон аб дармаедах уступіць у сілу? Беспрацоўным боязна будзе. Будуць лавіць тады такіх, прымушаць плаціць альбо садзіць. Зразумела, усе мусяць плаціць у даход дзяржаве, як сабе. Асабіста мне ня страшна ўжо. Троху яшчэ пажыву, а там...».

Наступная суразмоўніца Ірына кажа, што ёй сорак гадоў. Прызнаецца, што часу ад часу яе пускае начаваць брат. Яна, як і папярэднія суразмоўцы, увесь удзень абыходзіць сьметніцы. Цьвердзіць, што працуе ў адным з начных клюбаў.

«У пяць гадзінаў прыйшла, прыбрала, сьмецьце вынесла, і ўсё. А што яны мне плацяць? Сто тысяч! — апавядае пра сваю працоўную дзейнасьць суразмоўніца. — Мне б, во, пахмяліцца цяпер, а грошай няма. Гэтыя бутэлькі пакуль назьбіраеш, здасі, дык можна памерці».

Пра закон аб дармаедах Ірына чула ад тых, хто, паводле яе слоў, сапраўдныя дармаеды, і зь якімі варта ўладзе змагацца найперш. Гаворачы пра гэтак званых бічоў, якія звычайна гуртуюцца каля харчовых крамаў, суразмоўніца ўжывае адборныя мацюкі. Сябе дармаедам ня лічыць:

Дармаеды — гэта тыя, якія на халяву хочуць есьці і піць. Калі бярэш бутэльку, дык бягуць усе тады

«Дармаеды — гэта тыя, якія на халяву хочуць есьці і піць. Калі бярэш бутэльку, дык бягуць усе тады. Дык прайшлі б, назьбіралі бутэлькі ды здалі — і капейчына была б. А то стаяць і вымагаюць», — абурана заяўляе Ірына.

«Ды гэты закон несправядлівы», — цьвердзіць бяздомны Сяргей. Ён таксама працуе неафіцыйна. Мае пяцьдзясят пяць гадоў. Сацыяльнымі льготамі не карыстаецца. У паліклініку не зьвяртаецца. Кажа: «Жыву, пакуль жывецца».

«Ды гэта несправядліва. Што ім, грошай не хапае?, — абураецца суразмоўца. — Людзі трапляюць у розныя сытуацыі. Вось майго сябра жонка выгнала з кватэры — куды яму падзецца? Пайшоў на біржу. Шукае працу. Бамжам жа за мяжой, я там ня быў, але чуў, што дапамагаюць. Кормяць іх, апранаюць. А тут жа наадварот — заціскаюць...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG