Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Аляксандра Алесіна параўноўваюць са справай расейца Ігара Суцягіна


Аляксандар Алесін, архіўнае фота
Аляксандар Алесін, архіўнае фота

Беларускія журналісты, праваабаронцы, а таксама міжнародныя арганізацыі, у прыватнасьці — «Рэпарцёры без межаў» занепакоеныя адсутнасьцю інфармацыі пра Аляксандра Алесіна.

У сьвежым нумары газэты «Белорусы и рынок» выйшаў артыкул «Затрыманы наш калега Аляксандар Алесін». Аўтар артыкулу, аглядальнік тыднёвіка Паўлюк Быкоўскі кажа:

«Я ўпэўнены, што такі прафэсійны журналіст, як Аляксандар Алесін, не рабіў нічога, што выходзіла б за межы закону. Трэба адзначыць, што погляды ў Аляксандра Алесіна былі вельмі патрыятычныя, і таму нават разважаньні наконт таго, ці мог ён працаваць на нейкія іншыя выведкі — гэта абсалютна ня мае ніякага сэнсу».

На затрыманьне беларускага журналіста адгукнуліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. «Мы глыбока занепакоеныя той цішынёй, якая атачае зьнікненьне Аляксандра Алесіна», — заявіла Люсі Марылон, дырэктарка праграмы «Рэпартэры бязь межаў».

Арганізацыя заклікае беларускіх уладаў яе мага хутчэй праясьніць, якія службы затрымалі журналіста і якія менавіта абвінавачаньні ў дачыненьні да яго выстаўляюць.

Рыгор Пасько
Рыгор Пасько

Расейскі журналіст Рыгор Пасько напрыканцы 1990-х быў арыштаваны, яму інкрымінаваўся артыкул 275 Крымінальнага кодэксу Расейскай Фэдэрацыі — «Дзяржаўная здрада». Потым яго асудзілі нібыта за шпіянаж. Агулам ён адседзеў каля двух гадоў. «Міжнародная амністыя» прызнала яго «вязьнем сумленьня». Цяпер Рыгор Пасько зьяўляецца дырэктарам маскоўскага Фонду расьсьледавальнай журналістыкі.

На думку Рыгора Пасько, улады і ў Расеі, і ў Беларусі мараць прыдумаць закон, каб чалавеку, які вельмі добра разьбіраецца ў пэўнай праблеме і піша праўду, заткнуць рот: маўляў, усё, што ён нарые і да якой высновы прыйдзе, — гэта таксама зьяўляецца сакрэтным. У Расеі папраўкі да Крымінальнага кодэксу былі прынятыя два гады таму, кажа спадар Пасько:

«То бок абагульненьні — нават калі яны не былі ўзятыя з канкрэтнага сакрэтнага дакумэнта, але ты сам да іх прыйшоў шляхам аналізу, працы над рознымі адкрытымі крыніцамі, але тое, да чаго ты на падставе розных адкрытых крыніцаў дадумаўся і напісаў — яны маюць права па гэтым законе прызнаць сакрэтным. Во як! Тут ужо трэба, як кажуць, біцца галавой аб сьцяну. А, як казаў Ежы Лец, прабіў ты галавой сьцяну, а што ты будзеш рабіць у суседняй камэры? Таму вельмі цяжка... Як цяпер у Алесіна, падобная сытуацыя з Ігарам Суцягіным была...»

Ігар Суцягін
Ігар Суцягін

Ігар Суцягін таксама ня меў доступу ні да якіх сакрэтаў, але ён на падставе газэт «Красная звезда», «Морской сборник» (то бок з адкрытых крыніцаў на ваенную тэму) пісаў аналітычныя артыкулы, якія былі прызнаныя сакрэтнымі. 10 гадоў адседзеў у лягерах. І цяпер вымушаны жыць у Лёндане.

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі выставіў Аляксандру Алесіну абвінавачаньне па артыкуле 356 «Здрада дзяржаве» і 356.1 «Выдача дзяржаўнай тайны замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж».

Па гэтым артыкуле прадугледжаны тэрмін зьняволеньня ад 7 да 15 гадоў.

Разам з Алесіным абвінавачваецца дыплямат адной з краін. Аляксандар Алесін не зьяўляецца асноўным фігурантам справы.

Паводле адваката, цягам месяца будуць праводзіцца сьледчыя дзеяньні, і Алесін застанецца пад вартай".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG