Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадзяваньні на палітычнае ўрэгуляваньне канфлікту на Данбасе ня спраўдзіліся, — Юры Чавусаў


Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Дамоўленасьці, якія былі падпісаныя сёньня па выніках саміту «нармандзкай чацьвёркі» фактычна паўтараюць дамоўленасьці, якія былі дасягнутыя ў Менску ў верасьні 2014 году. Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў палітоляг Юры Чавусаў.

«Безумоўна, будзе шмат камэнтароў, датычных ацэнак таго, хто саступіў, хто выйграў, хто пераможца, хто прайграў на гэтым саміце. Але калі адкінуць убок гэтую піяр-барацьбу і паглядзець на тое, што дасягнута, то бачна, што гэта проста пацьвярджэньне мінулага раўнду менскіх перамоваў. „Менск-2“, нягледзячы на шматабяцальны склад удзельнікаў, ня спраўдзіў тых спадзяваньняў, якія тычыліся палітычнага ўрэгуляваньня канфлікту. То бок „Менск-2“ проста выканаў тую ж функцыю, якую ў свой час выканаў „Менск-1“, на сучасным этапе. Было спадзяваньне, што ўдзел высокіх палітычных фігураў забясьпечыць большую сілу рашэньням, прынятым на менскім саміце, у параўнаньні зь верасьнёўскімі пагадненьнямі, якія фактычна не выконваліся. Але спадзяваньні на палітычнае ўрэгуляваньне канфлікту ня спраўдзіліся», — лічыць Чавусаў.

Што тычыцца вынікаў саміту для афіцыйнага Менску, то, на думку Чавусава, яны ляжаць на паверхні.

«Аляксандар Лукашэнка нарэшце зьняў свае палітычныя вяршкі ў той ролі, якую ён выконваў цягам усяго расейска-ўкраінскага канфлікту. Урэшце тая палітыка лявіраваньня, якую цягам апошняга году Лукашэнка ажыцьцяўляў у канфлікце паміж Кіевам і Масквой, прывяла да пэўных палітычных бонусаў. Гэтыя бонусы праяўляюцца ў тым, што зь ім зноў сустракаюцца, яму паціскаюць руку, і няхай сабе ў ролі толькі прымаючага боку — не пасярэдніка, а ўсяго толькі гаспадара перамоўнай пляцоўкі — зь ім усё роўна вітаюцца, зь ім фатаграфуюцца на пратакольных фота.

У гэтай сытуацыі было б недарэчна казаць пра тое, што Лукашэнка будзе дамаўляцца пра зьмякчэньне палітыкі ў адносінах да Беларусі з боку Захаду, але гэта маецца на ўвазе. То бок тыя пэрсанальныя выйгрышы Лукашэнкі, якія ён атрымлівае ад таго, што ён гаспадар перамоўнай пляцоўкі, — гэта зручная плятформа для таго, каб беларуская дыпляматыя ўжо на ўзроўні Макея, на ўзроўні зьнешнепалітычнага ведамства дамаўлялася пра зьмякчэньне санкцыяў і ў цэлым пра наладжваньне стасункаў з Захадам. Таму што ня вельмі лягічна выглядае сытуацыя, калі Мэркель і Алянд у адпаведнасьці з санкцыямі Менск наведваць не павінны, а тым ня менш яны тут, у Палацы Незалежнасьці, фатаграфуюцца разам з Лукашэнкам», — кажа палітоляг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG