Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 Жніўня. Дзень вяртаньня словаў „Незалежная Беларусь“. І іншых добрых словаў


Газэта „Звязда“, 27 жніўня 1991 г.
Газэта „Звязда“, 27 жніўня 1991 г.

Сьцісла:

  • 25 жніўня 1991 году пачалося новае жыцьцё беларускіх словаў, патрэбных для дзяржаўнага будаўніцтва.
  • У савецкі час дазвалялася толькі фальшывае паняцьце „сувэрэнітэт саюзных рэспублік“. Словы „незалежная Беларусь“ былі забароненыя.
  • Але з 25 жніўня яны, напоўненыя рэальным зьместам, загучалі на ўвесь сьвет.
  • Падобным чынам і да 25 Сакавіка 1918 году публічна незалежнасьці Беларусі не патрабавалі.
  • 25 Жніўня — Дзень аднаўленьня Незалежнасьці.
  • Рэвалюцыя 1991 году надала адроджанай беларускай дзяржаве новае поўнае імя — Рэспубліка Беларусь.
  • Паводле закону адзіная скарочаная форма назвы — проста Беларусь. Абрэвіятура „РБ“ па-за законам і дэзарыентуе („Республика Башкортостан“).
  • Для дзяржаўных інстытутаў з ініцыятывы дэпутатаў БНФ пачалі вяртаць незаслужана прызабытыя беларускія словы: мытня і мытнік, дзяржаўны сьцяг.
  • Але камуністычная большасьць не пагадзілася мяняць „Вярхоўны Савет“ на Раду і прыняць талер як назву нацыянальнае валюты.
  • Законапраект апазыцыі быў пра памежную варту. Бальшыня правяла тэрмін пагранічныя войскі. І ўсё ж тэрміны дзяржаўная мяжа, памежнікі бытуюць нават у афіцыйнай практыцы.

25 жніўня 1991 году дзясяткі тысячаў беларускіх патрыётаў на галоўным сталічным пляцы (тады яшчэ Леніна) патрабавалі ад Вярхоўнага Савету гістарычных рашэньняў аб незалежнасьці Беларусі — і рашэньні былі прынятыя. Так пачалася новая эпоха беларускай гісторыі. Яна адлюстравалася і ў мове.

Менск, плошча (яшчэ Леніна), жнівень 1991 г.
Менск, плошча (яшчэ Леніна), жнівень 1991 г.

Сувэрэнітэт і Незалежнасьць

За год да таго, 27 ліпеня 1990 году, ухваленая тым жа Вярхоўным Саветам Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР абвяшчала гэты самы

„...поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасьць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі“.

Словы сувэрэнітэт, сувэрэнны ў тэксьце ўжытыя 12 разоў. А словаў незалежны, незалежнасьць — толькі два і толькі пра вонкавую палітыку (чаму? гл. ніжэй). У цэлым Дэклярацыя была непасьлядоўная, у ёй заставаліся фармулёўкі аб захаваньні „саюзу“, фактычна — СССР.

Праўда, адным з апошніх у той дзень дэпутаты прынялі рашэньне ўзаконіць 27 Ліпеня як сьвята пад назваю Дзень Незалежнасьці.

Але масава і аксіяматычна словы незалежнасьць Беларусі загучалі ўжо ў парлямэнцкіх выступах і дакумэнтах часу рэвалюцыйных падзеяў 1991 году — 25 жніўня і пазьней.

Вярхоўны Савет 25 жніўня 1991 г. Каляж
Вярхоўны Савет 25 жніўня 1991 г. Каляж

Чаму два словы, якія часта выступаюць як поўныя сынонімы, так па-рознаму ўспрымаліся?

Паводле БелЭН, сувэрэнітэт„незалежнасьць і паўнаўладзьдзе суб’екта дзяржаўна-палітычных дачыненьняў у прыняцьці рашэньняў у межах сваёй кампэтэнцыі й паўнамоцтваў улады“. Слова ж незалежны, паводле слоўнікаў, азначае ‘самастойны, які не залежыць ад каго-н., чаго-н., свабодны’.

Але сувэрэнітэт можа быць частковым, а вось незалежнасьць — або ёсьць, або яе няма. Да таго ж сувэрэнітэт — слова пазычанае (ад старафранцускага), ня кожны яго разумеў.

Гэта добра адчувалі стваральнікі савецкай імпэрыі. Таму статус двух словаў у СССР быў зусім розны. Ужываць выраз „незалежная Беларусь у савецкі час (прынамсі з 1930-х гадоў) было забаронена. Памятаю 1980-я гады, калі Незалежная Беларусь была жаданаю мараю маладых адраджэнцаў, але ў сатрапаў выклікалі рэфлекс ганчака.

Герб БССР. Менск
Герб БССР. Менск

Затое ў Канстытуцыі БССР 1978 году ёсьць „глава 7“ пад назваю „Беларуская ССР — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. І ў ёй

Артыкул 68. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — суверэнная савецкая сацыялістычная дзяржава.

А каб не было сумневаў у такім „сувэрэнітэце“, ніжэй тлумачыцца: „Суверэнныя правы Беларускай ССР у адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР ахоўваюцца Саюзам ССР“ (арт. 75).

Слова незалежны у той канстытуцыі сустракаем толькі адзін раз: БССР зьяўляецца паўнапраўным і незалежным членам сусьветнай супольнасьці“. Так апраўдваўся ўдзелу БССР у заснаваньні ААН (каб Масква мела там лішні голас). Гэтая фраза і была паўторана ў Дэклярацыі 1990 году, камуністысчная бальшыня не магла запярэчыць цытаце з камуністычнай жа Канстытуцыі.

3-я Ўстаўная грамата БНР
3-я Ўстаўная грамата БНР

Фактычнае савецкае табу на незалежнасьць нагадвае падобную атмасфэру ў Беларусі пад уладаю Расейскай імпэрыі. Да ночы 25 Сакавіка 1918 году публічных патрабаваньняў незалежнасьці Беларусі не гучала.

І толькі ў 3-й Устаўной грамаце БНР зьяўляецца слова незалежнасьць, акрэсьліваюцца межы незалежнай дзяржавы ды яе лад.

Жнівень 1991-га пераняў эстафэту ў Сакавіка 1918-га і ў тым, што накрэсьліў на сваіх сьцягах словы „Незалежная Беларусь“. Мая думка — 25 Жніўня заслугоўвае на статус сьвята пад назваю Дзень аднаўленьня Незалежнасьці. А 25 Сакавіка — Дзень Незалежнасьці, што адпавядае зьместу тае падзеі 1918 году.

„Эрбэ“?! Беларусь!

Нацыянальна-незалежніцкая рэвалюцыя 1991 году надала адроджанай беларускай дзяржаве новае поўнае імя — Рэспубліка Беларусь. Ці дарэчы яе называць літарнай абрэвіятурай — РБ?

Хтосьці зьдзівіцца, але такое не прадугледжана ніякім законам.

19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет сярод іншых незалежніцкіх заканадаўчых актаў прыняў і рашэньне пра назву дзяржавы:

Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку ў далейшым называць „Рэспубліка Беларусь“, а ў скарочаных і састаўных назвах „Беларусь“.

Паэт Сяргей Законьнікаў як чалавек, чуйны ня толькі да закону, але і да схаванага сэнсу слова, кажа: „…У абрэвіятуры РБ чуецца ня толькі рабства, мне чуецца тут пошласьць, прымітыў, прыніжэньне нашай дзяржавы… У афіцыйных, публічных тэкстах такога скарачэньня не павінна быць ні ў якім разе“.

І мала што можа называцца „эрбэ“. У Расеі так завецца Рэспубліка Башкартастан. Шукаючы ў сеціве нешта паводле скароту РБ, спрэс натыкаесься на словы: „Уфа, РБ, Российская Федерация“.

Дарэчы, прадбачлівыя ўкраінцы ў 1991 годзе, пасьля аднаўленьня незалежнасьці, афіцыйна назвалі сваю дзяржаву проста Ўкраіна, не „Рэспубліка“. Хаця і манархіі яўна не зьбіраюцца закладаць. Мо таму, што скарот быў бы недарэчны — ці то РУ, ці то УР.

Сьцяг і мяжа. Але бяз Рады і талера

Для дзяржаўных інстытутаў пачалі вяртаць незаслужана прызабытыя беларускія словы: мытня, мытнік, дзяржаўны сьцяг. Пра гэта, як і пра іншыя знакавыя для сьцьверджаньня адроджанай незалежнасьці рашэньні, дбалі дэпутаты Апазыцыі БНФ з адпаведнай кваліфікацыяй.

Праўда, не ўдалося памяняць „савет“ на Раду і прыняць талер як назву нацыянальнае валюты.

Узьнікла пытаньне, хто ж мае ахоўваць Купалаву „родну межаньку“, песьню пра якую сьпяваў дэпутат БНФ Пётра Садоўскі на плошчы ў гістарычны дзень 25 Жніўня 1991 году.

Дэпутаты БНФ Пётра Садоўскі, Лявон Баршчэўскі і Валянцін Голубеў празь некалькі хвілінаў пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці ідуць да людзей на плошчы. 25 жніўня 1991 г.
Дэпутаты БНФ Пётра Садоўскі, Лявон Баршчэўскі і Валянцін Голубеў празь некалькі хвілінаў пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці ідуць да людзей на плошчы. 25 жніўня 1991 г.

Законапраект Апазыцыі БНФ быў пра памежную варту. Ня толькі мытня, але і памежная варта магла стаць маркерам нашае моўнае прасторы — першымі словамі, якія асацыяваліся б зь беларускаю дзяржаваю ў яе гасьцей. Але парлямэнцкая бальшыня правяла іншы праект закону, з тэрмінам пагранічныя войскі.

І ўсё ж тэрміны дзяржаўная мяжа, памежны, памежнікі загучалі ў парлямэнцкіх спрэчках, у мас-мэдыя, і нават гвалтоўнага роспуску ВС фігуравалі ў рашэньнях кіраўніцтва службы (як палажэньне аб нагрудных знаках „100/200 выхадаў на ахову Дзяржаўнай мяжы“ 2005 году), яны на ўзнагародах і нашыўках, што захоўваюць былыя памежнікі.

Тэрмін дзяржаўная мяжа ўнікальна беларускі, як і тэрміны памежны, памежнікі. Шкода было б іх страціць. Як і гістарычную беларускую назву сталіцы Менск, вярнуць якую пастанавіў тады Менскі гарадзкі савет, але ў Вярхоўным Савеце не хапіла 31 голасу гэтую волю месьцічаў зацьвердзіць.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG