Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былі ў нас талеры — усе патаялі, застаўся толькі даляр


Пяць талераў. Эскіз Лявона Бартлава, 1990
Пяць талераў. Эскіз Лявона Бартлава, 1990

Папраўдзе першай агульнаэўрапейскай валютай быў талер.

У канцы XV ст. празь недавер да ранейшых здэвальваваных манэтаў спатрэбіўся трывалы срэбны эталён. У 1518 годзе мынца чэскага графа Шцепана Шліка ў Яхімаве (па-нямецку Joachimstal — даслоўна Яхімаў дол) пачала біць ёахімсталеры, адкуль і пайшла назва талер. Талер стаў валютай міжнароднага гандлю і пайшоў па сьвеце.

Больш як 450 гадоў таму пачалі біць нашыя ўласныя талеры. Віленская мынца („манэтны двор“) пачала годную справу ў 1564 годзе і доўга біла вялікія манэты вагой 29 г срэбра высокай пробы (Жыґімонт Аўгуст абвяшчаў выпуск талераў раней, але гэта ўсё ж была, паводле энцыкляпэдыі „Археалёгія і нумізматыка Беларусі“, толькі дэклярацыя).

Талер Жыгімонта ІІІ Аўгуста. Вільня, 1564
Талер Жыгімонта ІІІ Аўгуста. Вільня, 1564

Срэбная манэта лічылася роўная залатому дукату. Талеры білі і ў Горадні. На тэрыторыі Беларусі талер як манэта ўжываўся да ХІХ стагодзьдзя, а як адзінка вымярэньня грашовых сумаў — і да ХХ.

Яго білі і ў Кароне Польскай, і ў розных княствах сярэднявечнай Сьвятой Рымскай імпэрыі, і ў Нідэрляндах, і ў Скандынавіі. На ягоны ўзор гішпанцы ўвялі даляр, які трапіў за акіян, — і так узьнік даляр ЗША, цяпер асноўная рэзэрвовая валюта сьвету.

Беларускі ж талер (варыянт вымаўленьня — таля́р) застаўся ва ўдзячнай памяці людзей як ідэальная грашына, трапіў у прыказкі ды фальклёр. „Слоўнік гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча“ фіксуе гэтае слова ў Вялейскім, Пастаўскім, Лідзкім, Мастоўскім раёнах. Талер маленькі, а даражэнькі — гэта тое, што па-расейску „мал золотник, да дорог“.

У велічальных песьнях на Каляды або Вялікдзень гаспадароў хаты ідэалізуюць: дзеткі як кветачкі, гаспадыня — бы сонца, а ў гаспадара галава розумам насыпана і кашуля каштуе тысячу талераў. Дый уся даўняя Беларусь — рамантычная краіна талераў, як бачыў яе сьветлай памяці Зьміцер Сідаровіч.

​А вось фальклёрная ілюстрацыя да зьмены гістарычных эпох і прыходу рускага міру:

Былі ў мяне талеры — усе патаялі, былі бумажкі — аставіў у Машкі, быў мундзір на семдзесят дзір, лату на лату саджу, а дзеньгі на водку шчаджу.

„Цар Мамай“, народная драма. Запісаў у 1960 г. К. Кабашнікаў на Случчыне

Талер быў дарагі. Казак у народнай песьні прадае каня за розныя каштоўнасьці паводле наступнага курсу:

Прадам цябе, косю,
За дробныя дзеньгі,
За талер бяленькі,
За мёд, за гарэлку,
За красную дзеўку.

У фальклёры і літаратуры бытавала таксама іншая форма слова. Клясык беларускага мовазнаўства Браніслаў Тарашкевіч ў перакладзе Міцкевічавага „Пана Тадэвуша“ трымаўся пэўных моўных узораў. Ключнік Гервазы Рубайла супакойвае Зосю, каб не баялася вызваленьня Тадэвушам сялянаў — маўляў, не зьбяднее:

А Стольніка скарбец, укрыты ў зямлі ад грабежы,
у спадку да Пані Зафіі, бясспорна, належа;
у замку яго пільнаваў я, як вока зраніцы,
і ад маскалёў, і ад вас жа, панове Сапліцы.
І добры йшчэ мех у мяне сваіх собскіх таляраў,
сабраных гадамі і з выслугі, й з панскіх прыдараў.

Клясык беларускай паэзіі нашаніўскае пары Алесь Гарун:​

Праз гадзіну, — час кароткі
Баўтрамею доўгім здаўся, —
Сьвет з ваконца паказаўся
У карчомцы пана Ноткі.
„Ну вот, бацьку, гаварыў ты!
Зараз зьлезем, купім гáры
I заплацім тры таляры
Мы ня любім жаднай крыўды".

(жартоўны абразок „Канец Паўлючонка“).

У карчме. Выцінанка Юр'я Малышэўскага
У карчме. Выцінанка Юр'я Малышэўскага

Незабыўнай рыфмай купім гáры — тры таляры Гарун не пакідае нам сумневу ў народнасьці апошняга слова. Націск у ім мог перасунуцца ці пад уплывам польскіх ускосных склонаў (talar — talary; заўважма, што па-чэску і па-славенску tolar), ці зь іншай прычыны, але ў беларускай клясычнай літаратуры гучыць яно так.

А як па-беларуску называць цяперашняга заакіянскага нашчадка талераў-таляраў? Эвалюцыя ягонага імя такая: Daler у ніжненямецкай і ў скандынаўскіх мовах, падобна па-нідэрляндзку, і ўрэшце па-ангельску dollar.

Вось жа ў клясычнай „Нашай Ніве“ братоў Луцкевічаў і Купалы тое слова пішацца пераважна зь мяккім л: даляр і доляр (аканьне тады не заўсёды пазначалі). Ангельска-беларускі слоўнік Валянтыны Пашкевіч, што выйшаў ужо ў наш час, дае даляр. Прытым, што аўтарка жыла ў Паўночнай Амэрыцы. Чаму даляр? Тут марна шукаць асаблівасьцяў амэрыканскага вымаўленьня. Гэта рэха беларускае назвы любімых народам таляраў-талераў.

Эскіз Л. Бартлава, 1990
Эскіз Л. Бартлава, 1990
Эскіз Л. Талбузіна
Эскіз Л. Талбузіна

Карацей, пакуль да таго эўра дойдзе, някепска было б хоць колькі гадоў пакарыстацца беларускім талерам.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG