Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайман Астроўскі: Вайна ў Данбасе скончыцца, калі гэтага захоча Расея


Кадар з фільму Саймана Астроўскага «Сэлфі-салдаты»
Кадар з фільму Саймана Астроўскага «Сэлфі-салдаты»

Журналіст VICE News Сайман Астроўскі, аўтар скандальнага фільму «Сэлфі-салдаты» пра ўдзел расейскіх вайскоўцаў у вайне ў Данбасе, у інтэрвію Свабодзе распавёў пра свой досьвед працы ў зоне баёў.

Сайман Астроўскі — амэрыканскі журналіст савецкага паходжаньня. Ён нарадзіўся ў Маскве, а дзед ягоны паходзіў з Гомеля. Днямі Сайману адмовілі ў выдачы журналісцкай візы ў Расею. Сайман перакананы, што Расея дыскрымінуе прадстаўнікоў заходніх СМІ.

— З чым вы зьвязваеце адмову ў расейскай візе?

— Больш за год я спрабую атрымаць акрэдытацыю ў Расеі. Улады там выкарысталі мноства спосабаў, каб вельмі доўга яе не выдаваць, — прасілі дадатковыя дакумэнты, тыднямі не адказвалі на запыты, затым гублялі дакумэнты. Пасьля выхаду майго матэрыялу «Сэлфі-салдаты» — расьсьледаваньня пра шлях расейскага салдата, які ваяваў ва Ўкраіне, — я атрымаў мэйл, у якім прамым тэкстам гаворыцца, што мне ня будзе выдадзеная журналісцкая віза. Прычыны абяцаюць назваць пазьней.

— А што вы зьбіраліся рабіць у Расеі?

— Я разьлічваў быць карэспандэнтам інтэрнэт-каналу VICE News на тэрыторыі былога СССР са штаб-кватэрай у Маскве. Ужо цэлы год мы імкнёмся адкрыць бюро ў Маскве.

— Цяпер гэты плян можа быць нейкім чынам рэалізаваны?

— Цяпер ён ня можа быць рэалізаваны. Расея забараняе нам гэта рабіць. Тым часам новыя расейскія СМІ кшталту Russia Today, якія цалкам фінансуюцца дзяржавай, разгортваюць бюро па ўсім сьвеце. Напрыклад, у ЗША яны маюць некалькі вялізных бюро. Ніхто ім не перашкаджае. Мне здаецца, што гэта вельмі несправядлівая і непарытэтная сытуацыя, калі заходнія дзяржавы дазваляюць расейскім дзяржаўным тэлеканалам разьвівацца, а Расея проста забараняе нам уезд, каб мы не рабілі сваю працу.

— Вы нарадзіліся ў Маскве. У вас там нехта застаўся?

— Я там ня толькі нарадзіўся, але жыў і працаваў з 1998 па 2006 год. У мяне там шмат сваякоў і сяброў. Я лічу сябе расейцам, але Савецкі Саюз незаконна забраў у мяне маё грамадзянства, у выніку чаго мая сям’я пакінула гэтую краіну. Улады Расеі дагэтуль карыстаюцца гэтай сытуацыяй, каб кантраляваць мой уезд.

— У красавіку мінулага году вы былі ў палоне ў сэпаратыстаў у Славянску. Больш падобных сытуацыяў не было?

— Было і пасьля гэтага шмат сумнеўных сытуацыяў. На вайне бывае рознае. Мяне і ўкраінскія ўлады затрымлівалі, і сэпаратысты. Але каб завязвалі вочы і рукі і трымалі некалькі дзён, такога больш не было.

— Якую рэакцыю выклікала гісторыя з расейскім салдатам, калі вы адсачылі яго шлях у Данбас?

— Я лічу, што гэты матэрыял быў вельмі пасьпяховы. Менавіта таму ён і прыцягнуў увагу расейскіх уладаў. Тым больш што гэта вельмі датклівая тэма для Расеі. Яны там усякімі спосабамі спрабуюць забараніць інфармацыю пра тое, што ёсьць расейскія ўдзельнікі вайны, нават увялі закон пра забарону гаварыць пра салдацкія сьмерці ў так званы мірны час, які нельга называць ваенным часам. Наш фільм набраў амаль мільён праглядаў на Youtube, ён карыстаецца посьпехам, бо ёсьць шмат людзей у Расеі, якія яго глядзяць, якія да гэтага часу ня ведаюць, што іх краіна ўдзельнічае ў гэтым канфлікце. Я лічу, што пакуль Расея не прызнае, што яна ваюе ва Ўкраіне, канфлікт нельга будзе вырашыць. Цяпер парадаксальная сытуацыя, у якой украінскія ўлады вядуць перамовы зь мяцежнікамі, але не з галоўным удзельнікам — Расеяй.

Кадар зь фільму
Кадар зь фільму

— Як вы лічыце, калі ўсё ж сытуацыя вырашыцца і вайна скончыцца?

— Тады, калі яе ўдзельнікі прызнаюць свой удзел. Я гавару пра Расею і Ўкраіну. Калі Расея захоча, каб вайна скончылася, тады яна і скончыцца. Таму што вайсковая моц Расеі перасягае ў шмат разоў вайсковую моц Украіны. Таму ўсё залежыць ад рашэньня Расеі. Я ня веру, што НАТО ці Эўразьвяз прыскачуць на белым кані і вырашаць усе праблемы.

— Вы пасьпяховы журналіст. Скажыце, што вы лічыце самым вялікім посьпехам і самай вялікай паразай у сваёй прафэсійнай дзейнасьці?

— У рамках VICE News у нас была пасьпяховая сэрыя кароткамэтражных навінавых дакумэнтальных фільмаў, якія мы выпускаем з моманту анэксіі Крыму. Гэтая сэрыя называецца «Руская рулетка», яна набрала шмат мільёнаў праглядаў. Можна сказаць, што мы паказваем гэтую вайну з самага пачатку — як яна пачыналася, як яна ператварылася ў нешта жахлівае. Я лічу, што гэтая сэрыя зрабіла імя нашаму навінаваму каналу VICE News. З таго, што не ўдалося, — гэта немагчымасьць быць адначасова ўсюды, бо мы маленькая арганізацыя з адной здымачнай групай. Напрыклад, мы не былі ў Адэсе, калі здарыўся той жахлівы пажар, у якім загінула шмат людзей.

У красавіку мінулага году журналіст амэрыканскага навінавага інтэрнэт-каналу VICE News Сайман Астроўскі быў захоплены ўзброенымі прарасейскімі баевікамі ў Славянску Данецкай вобласьці, які тады быў пад іхнім кантролем. Чатыры дні яго гвалтоўна ўтрымлівалі ў захопленым прарасейскімі актывістамі будынку Службы бясьпекі Ўкраіны.

На мінулым тыдні на канале VICE News выйшла дакумэнтальнае відэарасьсьледаваньне Саймана Астроўскага «Сэлфі-салдаты», у якім журналіст знайшоў у сацыяльных сетках доказы прысутнасьці расейскіх вайскоўцаў на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG