Візыт у Беларусь прэзыдэнта Казахстану (ці, як яго называюць у краіне, Елбасы) Нурсултана Назарбаева, сумешчаны з самітам АДКБ, можна лічыць крокам ветлівасьці. Аляксандар Лукашэнка мінулымі гадамі ўжо некалькі разоў наведаў Казахстан. Апошнім разам ён быў там з працоўным візытам сёлета ў чэрвені.
Палітычную вагу гэтаму візыту Назарбаева надае тое, што ён абвешчаны афіцыйным. Да таго ж яму спадарожнічае беларуска-казахстанскі бізнэс-форум, на які з Казахстану прыляцелі каля 130 бізнэсоўцаў.
Хоць Лукашэнка назваў Казахстан стратэгічным партнэрам, хоць дзьве краіны — саюзьнікі па сяброўстве ў постсавецкіх інтэграцыйных абʼяднаньнях, ключавыя чальцы такіх арганізацый, як АДКБ і ЭАЭС, але ўзровень эканамічнага супрацоўніцтва паміж імі невялікі. Па выніках 2016 году Казахстан — толькі 13-ы гандлёвы партнэр Беларусі пасьля Турэччыны, Італіі, ЗША і Бразыліі. На яго долю прыпадае толькі 0,8% усяго беларускага таваразвароту.
Напярэдадні візыту агенцтва БелТА з гонарам паведамляе, што за студзень-верасень 2017 году двухбаковы таваразварот павялічыўся ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2016 году на 64,8%. Але трэба мець на ўвазе, што ў 2015 годзе двухбаковы гандаль абваліўся на 40%, а ў 2016 — яшчэ прыкладна на 30%.
Прамыя казахстанскія інвэстыцыі на чыстай аснове склалі 130,7 тыс. даляраў. Гэта амаль нічога
Акрамя таго, у 2016 годзе абʼём інвэстыцый з Казахстану ў беларускую эканоміку скараціўся ў 4 разы. Прамыя казахстанскія інвэстыцыі на чыстай аснове склалі 130,7 тыс. даляраў. Гэта амаль нічога. Ня думаю, што цяперашні бізнэс-форум нешта радыкальна зьменіць. Купляць нафту і газ у Казахстану Беларусь ня можа, бо ўсе трубаправоды праходзяць праз тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. А Расея ня хоча дапускаць, каб Беларусь страціла поўную залежнасьць ад паставак расейскіх энэргарэсурсаў. На гэтым фоне заявы Лукашэнкі падчас перамоваў з Назарбаевым пра неабходнасьць стварэньня сумесных транснацыянальных карпарацый выглядаюць маладасяжнай марай.
Для Беларусі сальда ў гандлі з Казахстанам станоўчае. Асноўныя беларускія экспартныя тавары — гэта прадукцыя машынабудаўнічых прадпрыемстваў і прадукты харчаваньня. Абедзьве гэтыя галіны эканомікі Беларусі працуюць ва ўмовах вялікіх ільготаў, якія ім дае беларускі ўрад. Гэта значыць, што яны выжываюць на мяжы рэнтабэльнасьці або нават па-за гэтай мяжой. Што служыць натуральным барʼерам для павелічэньня экспарту іхнай прадукцыі.
Хоць Лукашэнка ня раз называў Назарбаева сябрам, аднак асабістыя дачыненьні паміж лідэрамі не заўсёды былі сяброўскімі. Вось некалькі фактаў.
У 1996 годзе, калі Аляксандар Лукашэнка «даставаў» усіх лідэраў постсавецкіх краінаў заклікамі да неадкладнай рэінтэграцыі вакол Расеі, Нурсултан Назарбаеў у інтэрвію польскай «Gazecie Wyborczej» ня вытрымаў паліткарэктнасьці і выславіўся гэтак:
«Лукашэнка няхай сабе кажа, што хоча. Гэта ваш сусед — вам і галава балець павінна. Лукашэнка ёсьць Лукашэнка, няма пра што гаварыць».
Пра адзін з эпізодаў саміту СНД у 1996 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, сам Лукашэнка апавёў у адным інтэрвію:
«Каля мяне сядзіць Назарбаеў. Я штурхаю яго: слухай, Нурсултан, скажы што-небудзь. „Ды не, лепш ты, табе зручней, ты побач, Садружнасьць“. Я кажу: чаго ж мне вылазіць, звычайна ж парадак вызначаны, па старшынстве. Штурхаю Аліева, ён зьлева сядзеў. Аліеў мне: дай закусіць! Яшчэ 10 хвілін прайшло. Я выступіў. Я вельмі коратка заўсёды выступаю, адкрыта, сумленна. Памятаю, сказаў: Барыс Мікалаевіч, вам трэба будзе цяжкае выпрабаваньне, дай Бог, каб вы яго вытрымалі, дай Бог вам здароўя. Ну, а потым усіх прарвала. Кучма пачаў, яшчэ нехта. Падымаецца Карымаў. Р-раз, мяне зачапіў — што я, маўляў, камуністаў у Расеі ня лаю. Падымаецца Назарбаеў. Таксама мяне падчапіў, зноў за камуністаў. Я не стрываў: ды хопіць вам, кажу, што вы, Палітбюро сабралася тут! Што вы на мяне наваліліся?!» («Совершенно секретно», 1997, № 9).
Лукашэнка адказваў той жа манэтай. Калі прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў у 1999 годзе сказаў, што не разумее, як будзе функцыянаваць канфэдэратыўнае абʼяднаньне Беларусі і Расеі, Лукашэнка пакрыўдзіўся і даў адказ:
«Незразумела? Калі незразумела — чытай кніжкі. Прэзыдэнтам стаў, а ня ведае, што такое канфэдэрацыя». («Белорусская деловая газета», 1999, 25 студзеня).
За 20 гадоў Лукашэнка навучыўся палітэсу. Дый пазыцыі лідэраў Беларусі і Казахстану ў пытаньні інтэграцыі з Расеяй цяпер сталі вельмі блізкімі. Таму ў дзьвюх краін і кіраўнікоў няма асаблівых праблем у двухбаковых дачыненьнях. Праўда, і вялікіх пэрспэктываў для супрацоўніцтва таксама не відаць. Амаль ідэальныя стратэгічныя партнэры.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.