Вёска — калыска нацыі
Нурсултан Назарбаеў нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Чэмалган Каскеленскага раёну Алма-Ацінскай вобласьці.
Я — сын, унук і праўнук чабаноў, гэта значыць не з дваранаў
Н. Назарбаеў
Аляксандар Лукашэнка нарадзіўся ў 1954 годзе ў вёсцы Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці.
У дзяцінстве я рос сярод жывёл і расьлін.
А. Лукашэнка
Партыйная намэнклятура
Назарбаеў — чалец КПСС з 1962 году, чалец ЦК КПСС (1986-1991), старшыня Савету міністраў КазССР (1984–1989), першы сакратар ЦК Казахстану (1989-1991), чалец палітбюро ЦК КПСС (1990-1991). Выйшаў з КПСС у 1991 годзе.
Лукашэнка — чалец КПСС з 1979 году. З партыі не выходзіў. У партыйнай намэнклятуры ня быў. Самая высокая пасада да прыходу ў палітыку — дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці.
Пяцікратныя прэзыдэнты
У красавіку 2015 годзе на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах Назарбаеў быў у пяты раз абраны прэзыдэнтам (паводле афіцыйных зьвестак за яго прагаласавалі 97.75% выбаршчыкаў). У кастрычніку таго ж году таксама ў пяты раз быў абраны прэзыдэнтам Лукашэнка (паводле дадзеных ЦВК РБ за яго прагаласавалі 83.49% выбаршчыкаў).
Упершыню Назарбаеў быў абраны прэзыдэнтам яшчэ Казахскай ССР у красавіку 1990 году. З 16 сьнежня 1991 году — прэзыдэнт Рэспублікі Казахстан.
Лукашэнка ўпершыню быў абраны прэзыдэнтам у чэрвені 1994 году.
«Бацькі» нацыі: фармальны і нефармальны
У 1994 годзе неўзабаве пасьля абраньня прэзыдэнтам Лукашэнка заявіў у інтэрвію, што ён для беларусаў не прэзыдэнт, а «бацька». Так яго называюць у прастамоўі, часам іранічна.
У Назарбаева «елбасы» (лідэр нацыі) — афіцыйны тытул з 2010 году. Паводле закону елбасы ня можа быць затрыманы, арыштаваны, прыцягнуты да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасьці за свае дзеяньні. За псаваньне выяваў першага прэзыдэнта — лідэра нацыі, публічныя абразы і скажэньне фактаў яго біяграфіі ўведзеная крымінальная адказнасьць.
Правы чалавека
- Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» адзначае дрэнную сытуацыю са свабодай слова ў Казахстане. Казахстан у рэйтынгу Freedom House свабоды слова ў СМІ займае 175 месца з 197 краінаў.
- У рэйтынгу, складзеным Economist Intelligence Unit, па ўзроўні разьвіцьця дэмакратыі Казахстан займаў 137 месца з 167 краін.
- Згодна з справаздачамі арганізацыі «Freedom House» краіна ў гады прэзыдэнцтва Назарбаева заўсёды прызнавалася «несвабоднай».
- Міжнародныя праваабарончыя і рэйтынгавыя арганізацыі вельмі крытычна ацэньваюць стан дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Да расейскай анэксіі Крыму ў 2014 годзе Лукашэнку на Захадзе часта называлі «апошнім дыктатарам Эўропы»
Лідэр АБСЭ на год
У 2010 годзе Казахстан стаў старшынём у Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.
Інтэгратары
Назарбаеў, як і Лукашэнка, неаднаразова выступаў з рознымі праектамі інтэграцыі на постсавецкай прасторы.
Лукашэнка і Назарбаеў, разам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным — ініцыятары ўтварэньня спачатку Мытнага саюзу, потым Эўразійскага эканамічнага саюзу.
Вобраз елбасы ў культуры
- Жыцьцёваму шляху Назарбаева прысьвечаная кінаэпапея «Шлях лідэра». Першыя чатыры стужкі кінаэпапеі — «Неба майго дзяцінства» (2011), «Вогненная рака» (2013), «Жалезная гара» (2013), «Разрываючы замкнёнае кола» (2014), якія распавядаюць пра дзяцінства, юнацтва і маладосьць будучага прэзыдэнта. Завяршальны фільм эпапеі «Так склаліся зоркі» ахоплівае пэрыяд 90-х гадоў, на якія прыпадаюць пераломныя моманты гісторыі Казахстана.
- Былы зяць прэзыдэнта Казахстана Рахат Аліеў напісаў пра Назарбаева кнігу «Хросны цесьць», якая была забароненая ў Казахстане
- Помнікі Назарбаеву ўсталяваныя ў прэзыдэнцкім парку ў Алма-Аце, у Чолпан-Аце, барэльефы зь яго выявай — у Астане і ў Анкары. Яго імя носяць вуліцы ў Ярданіі, Турэччыне, у Чачні і у Казані.
Трое дзяцей
У Нурсултана Назабраева тры дачкі. Дарыга — доктар палітычных навук, намесьнік прэм’ер-міністра Рэспублікі Казахстан, Дынара ўзначальвае Фонд адукацыі імя Назарбаева, самая багатая жанчына Казахстану па вэрсіі часопісу Forbes у 2011 годзе, Алія займаецца бізнэсам, кіруе будаўнічай кампаніяй «Элітбуд».
У Назарбаева — восем унукаў і пяць праўнукаў.
У Аляксандра Лукашэнкі тры сыны — Віктар, Дзьмітры і Мікалай. Віктар — памочнік прэзыдэнта Беларусі па нацыянальнай бясьпецы, Дзьмітры — старшыня Прэзыдэнцкага спартовага клюбу", Мікалай — школьнік.
У Лукашэнкі — сямёра ўнукаў.
Цытаты Назарбаева
- Цяпер нам трэба вучыць ангельскую мову, пачынаючы з 1-й клясы. Так робіць Малайзія. Калі яны атрымалі незалежнасьць пасьля вайны, то вырашылі разьвіваць дзяржаўную малайскую мову, а яе ніхто ня ведае ў сьвеце, і перайшлі зноў на ангельскую мову.
- Мы выглядаем лепш за ўсіх, уключна з Расеяй. Чаму лепш за ўсіх? Таму што мы апярэджваем у рэформах. Апярэджвае ў рэформах таму, што мы здолелі своечасова стварыць заканадаўчыя акты для рэформаў.
- Мы ў Казахстане не шкадуем грошай, каб жанчыны сьмялей нараджалі, а мужчыны іх мацней любілі.
- Я катэгарычна супраць паранджы. Асабліва супраць таго, каб студэнты, навучэнкі, моладзь насіла хіджаб і паранджу. У нас ніколі такога не было ў гісторыі, наша рэлігія не мела такой традыцыі. Трэба ўмець адрозьніваць сапраўдную рэлігію ад навязанай нам. Але ў нас свая дарога.
- Незалежныя СМІ таму так і называецца, што ад іх нічога не залежыць
- Самы асноўны фактар, які кансалідаваў казахаў як нацыю, гэта нашая цудоўная мова.
- Мяне папракаюць ва ўсіх розных грахах, ці то я кшталту аўтакрат ці то я дыктатар. Я заўсёды кажу: калі кожныя пяць гадоў мой народ на альтэрнатыўных выбарах галасуе за мяне, і ні разу гэта галасаваньне не было ніжэй за 80 працэнтаў, пра што можна казаць?
Анэкдоты пра Назарбаева
Прэсавая канфэрэнцыя з нагоды пераезду прэзыдэнта Назарбаева ў новую сталіцу Астану.
Пытаньне: Ці праўда, што прэзыдэнт, у сувязі зь пераездам, вырашыў аддаць свой прэзыдэнцкі палац у Алматы дзецям?
Адказ: Праўда. А банк і тэлеграф — унукам.
***
Урад Казахстану: Назарбаеў абяцаў, што цяперашнія выбары будуць свабоднымі.
Народ: А папярэднія якімі былі?
550 гадоў Казахскаму ханству
Беларусь і Казахстан у лічбах