Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — Назарбаеву: Мы самыя блізкія дзяржавы 


Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў праходзяць перад ротай ганаровай варты
Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў праходзяць перад ротай ганаровай варты

Аляксандар Лукашэнка разьлічвае на стварэньне больш магутнай гандлёва-эканамічнай базы ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Казахстанам. Пра гэта ён сказаў падчас перамоваў у вузкім складзе з казахстанскім калегам Нурсултанам Назарбаевым.

«Нарэшце мы пачынаем пераадольваць спад у нашых гандлёва-эканамічных адносінах, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Ваш візыт паслужыць таму, каб мы маглі нарасьціць таваразварот, і ў нас для гэтага ўсё ёсьць. Нашы спэцыялісты, чальцы ўраду прапануюць нам варыянты. Калі мы пагодзімся з гэтымі прапановамі, будзе значны крок наперад».

Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка канстатаваў поўнае супадзеньне поглядаў Менску і Астаны на ўвесь спэктар міжнароднай палітыкі і дыпляматыі.

«Мы падтрымліваем адзін аднаго ўсюды і заўсёды, бо мы самыя блізкія дзяржавы. Я ўчора прымаў амбасадара Казахстану і казаў пра тое, што бліжэй, чым тры дзяржавы, якія стварылі Эўразійскі эканамічны саюз, сёньня наогул на плянэце няма. І мы павінны гэтае сяброўства і супрацоўніцтва ўмацоўваць, падводзячы пад яго магутную эканамічную базу», — сказаў беларускі кіраўнік.

Ён таксама заўважыў, што Нурсултан Назарбаеў заўсёды «душэўна адзываецца пра народ Беларусі», аддае даніну павагі беларусам за тое, што яны зрабілі, калі яшчэ жылі ў адной дзяржаве.

Кіраўнікі Казахстану і Беларусі ў менскім Палацы незалежнасьці
Кіраўнікі Казахстану і Беларусі ў менскім Палацы незалежнасьці

«Мы заўсёды рады таму, як разьвіваецца Казахстан. Цяперашняе пакаленьне на чале з вамі ўзьвяло помнік, які застанецца на стагодзьдзі (пра сталіцу Астану. — РС). Мы вельмі многае бяром у вас у будаўніцтве, вучымся шмат чаму, некаторыя элемэнты пераносім у Беларусь», — сказаў Лукашэнка на перамовах у Палацы незалежнасьці.

29–30 лістапада адбываецца афіцыйны візыт у Беларусь прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Сёньня ён праводзіць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама мае ўзяць удзел у беларуска-казахстанскім бізнэс-форуме.

Заўтра ў Менску пройдзе саміт краін – удзельніц Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Анансуецца прыняцьце дэклярацыі з нагоды 15-годзьдзя стварэньня АДКБ.

Перад гэтым Нурсултан Назарбаеў наведваў Беларусь з афіцыйным візытам у 2012 годзе. Аляксандар Лукашэнка апошні раз быў у Казахстане з аналягічным візытам у 2014-м.

Чым падобныя і чым адрозьніваюцца Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG