Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка, вазьмі наш дом пад свой кантроль!» — шматдзетныя семʼі ў Салігорску сталі закладнікамі даўгабуду


Чальцы каапэратыву «Вежа-179»
Чальцы каапэратыву «Вежа-179»

На вуліцы Кавалёва ў Салігорску больш за пяць гадоў ня могуць здаць шматкватэрны дом для шматдзетных семʼяў. Гэта адзіны выпадак такога адраснага даўгабуду ў Беларусі. З жыльцоў задняй датай патрабуюць істотнай даплаты, а выхад з каапэратыву каштуе ў сярэднім паўсотні тысяч даляраў. Чаму ў адным з самых заможных гарадоў краіны дэкляраваны клопат пра дэмаграфічную сытуацыю разыходзіцца са справай?

У 2010 годзе салігорскія ўлады зарэгістравалі жыльлёва-будаўнічы спажывецкі каапэратыў «Вежа-179», чальцы якога за ўласныя ці крэдытныя сродкі браліся прафінансаваць будаўніцтва 144-кватэрнага дому. З абʼектыўных прычын, пра якія гаворка ніжэй, склад забудоўшчыкаў істотна мяняўся, на фінішы абсалютную большасьць — 80% — склалі шматдзетныя семʼі. І хоць у доме не прадугледжваліся кватэры вялікага мэтражу, у якасьці кампэнсацыі жыльлёвы аддзел прапаноўваў сумешчаныя адна- і двухпакаёўкі. З гэтай прычыны канчатковая колькасьць семʼяў зафіксавалася на адзнацы 120. Сьціплую кампанію шматдзетным склалі вайскоўцы, інваліды, а таксама тыя, хто больш за 10 гадоў пражыў у інтэрнатах.

«Лукашэнка, нам ужо няма ў каго пазычаць!»

Будтрэст № 3 ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі павінен быў распачаць будоўлю на наступны год. Згодна з нарматывамі працы павінны былі скончыцца ў наступныя 14 месяцаў. Іншымі словамі, адзначыць навасельлі людзі спадзяваліся максымум да канца 2012-га. Аднак працы застопарыліся на ўзроўні падмурку і ў такім стане перавалілі ў 2014-ы. Тым часам, у 2013-м, дом трапіў у лік праблемных.

Неўзабаве зьявіўся прэзыдэнцкі ўказ адносна даўгабудаў, якія неабходна здаць да 1 ліпеня 2014 году. Старшыня Менскага аблвыканкаму Сямён Шапіра прыгразіў кіраўніку салігорскай раённай вэртыкалі Аляксандру Рымашэўскаму звальненьнем, калі пасьля гэтага тэрміну «Вежа» застанецца недакончанаю.

Прадстаўніца праблемнага дому Юлія Адайнік
Прадстаўніца праблемнага дому Юлія Адайнік

Юлія Адайнік па спэцыяльнасьці архітэктар-будаўнік, сама шматдзетная мама. У 2014-м яе абралі старшынёй каапэратыву «Вежа-179», але летась у выніку «паддыванных інтрыгаў і канфлікту інтарэсаў» яна страціла гэтую пасаду і ў перадінфарктным стане трапіла ў шпіталь. Цяпер, насуперак гарвыканкаму, спрабуе аднавіцца, адначасна выступае ў судах у якасьці афіцыйнага прадстаўніка пацярпелага боку. Дык чаму ж дом, дзьве траціны будучых жыхароў якога — ільготнікі, стаў месцам разладу?

«Справа ў тым, што да самага моманту ўводу дому не агучваўся рэальны кошт будаўніцтва, — тлумачыць спадарыня Адайнік. — Казалі толькі, што раз дом праблемны, будуць замарожаныя індэксы, то бок усе працы — у цэнах 2013 году. Але пасьля таго як у чэрвені 2014-га яго здалі, у лістападзе раптам заяўляюць: нам неабходна заплаціць па 20, 30, 40 тысяч даляраў за апошні месяц будаўніцтва. Гэта нібыта дадатковыя працы пасьля здачы дому, за якія нас не дакрэдытавалі. І калі шматдзетныя пачалі адмаўляцца, ім заявілі: добра, але спачатку заплаціце 50–60 тысяч даляраў банку, вярніце крэдыт — і тады выходзьце».

Больш за два гады чальцы шматпакутнага каапэратыву «Вежа-179» дамагаюцца ўвагі да сваёй праблемы, аднак атрымліваюць дзяжурныя адпіскі — маўляў, дом здадзены, даплаціце, што вінныя, і засяляйцеся. Калі пры канцы мінулага году ў спрэчцы Юліі Адайнік з «Будтрэстам № 3» суд заняў бок апошняга, людзі пачалі зьвяртацца ў апошнюю інстанцыю — да прэзыдэнта.

«Мы шматдзетная сямʼя, не па сваёй віне апынуліся ў цяжкім фінансавым становішчы, — піша ў скарзе Дзьмітры Пілат. — У жыльлёвым аддзеле выканкаму нас пераканалі ўнесьці вялікую суму ўласнымі сродкамі, частку мы пазычылі ў валюце. Пасьля здачы дому нам заявілі, што трэба даплаціць яшчэ 25 тысяч даляраў, а калі захочам выйсьці з каапэратыву — мусім вярнуць банку 60 тысяч даляраў. Што нам рабіць? У нас няма такіх грошай, няма ў каго пазычыць. Мы лічым, што кошт працаў завышаны. Я аплаціў незалежнага экспэрта, але для ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва гэта нічога ня значыць. Прасіў суд прызначыць судовую экспэртызу, але і ў гэтым адмовілі. Вазьміце наш дом пад свой кантроль», — у роспачы зьвяртаецца да Лукашэнкі адзін з забудоўшчыкаў.

Юлія Адайнік пацьвярджае, што да разьвязаньня канфліктнай сытуацыі былі далучаныя аўтарытэтныя спэцыялісты, але іх заключэньні ігнараваліся на ўсіх узроўнях:

«Мы замовілі незалежнага экспэрта, заплацілі 100 мільёнаў рублёў. Ён налічыў завышэньняў на 20 мільярдаў! Уласна кажучы, якраз на тую суму, якую нам выставілі. Будаўнікі нічога не прызналі, заяўляюць, што ў нас нейкі „левы“ спэцыяліст, хоць ён з усімі патрэбнымі дакумэнтамі. Пасьля быў банкаўскі абмер, прыяжджала экспэрт зь Менску. Сказала, што ўпершыню ў сваёй практыцы сутыкнулася з тым, каб будаўнікі абмяжоўвалі доступ да дакумэнтацыі. Але ўрэшце праверыла каля 40% дакумэнтаў, выбарна прагледзела акты і знайшла завышэньні на 4 мільярды рублёў. Мы сабралі грошы, каб наняць юрыста і падаць пазоў у эканамічны суд. І акурат у гэты момант мяне прымусілі сысьці з пасады. Пайшлі ананімкі ў пракуратуру, сталі запускаць плёткі сярод чальцоў каапэратыву. Давялі да перадынфарктнага стану, трапіла ў шпіталь. І звольнілася».

«Шапіра, мы на мяжы поўнай галечы!»

Прызначаная выканкамам замест Юліі Адайнік упаўнаважаная асоба ня толькі спаралізавала ўсю ранейшую працу, адмовіўшыся ад судовых цяжбаў, але праз два гады падала ў суд на чальцоў каапэратыву — ужо з новай сумай, пералічанай упраўленьнем капітальнага будаўніцтва. Пад той маркай, што «праблемны дом даўно не праблемны», чальцам каапэратыву не даюць магчымасьці праверыць мэханізм цэнаўтварэньня і яго аспрэчыць пры неабходнасьці. Хоць ва ўсіх справаздачах па даўгабудах дом у Салігорску па-ранейшаму фігуруе ў сьпісе праблемных. Дарэчы, кіраўнік раёну Рымашэўскі, нягледзячы на запалохваньні Шапіры, па-ранейшаму на сваім месцы.

Людзі, якім абяцалі вырашэньне жыльлёвага пытаньня, у поўным адчаі:

«Вымушаная прасіць дапамогі, бо не атрымліваецца вырашыць пытаньне ўласнымі сіламі, — зьвяртаецца да кіраўніка дзяржавы шматдзетная маці Вікторыя Жылінская. — Увайшла ў каапэратыў „Вежа-179“ за 2 месяцы да завяршэньня будаўніцтва. Мяне пераканалі, што цана канчатковая, дом праблемны, крэдыт цалкам усё пакрые. У нашай сямʼі невялікія прыбыткі, усе зьберажэньні ідуць на навучаньне і аздараўленьне дзяцей. Але ў верасьні 2014-га сказалі, што я павінна ўнесьці за апошні месяц амаль 20 тысяч даляраў. Паколькі новага крэдыту не далі, я адмовілася ад кватэры. Тады запатрабавалі вярнуць 50 тысяч даляраў банку! У мяне няма 20 тысяч, адкуль узяць 50? У чым вінаватая я і што рабіць маёй сямʼі? Нас заманілі ў нейкую афёру».

Пасьля таго як працы на пляцоўцы застопарыліся, не пасьпеўшы толкам пачацца, шмат хто пасьпеў саскочыць з сумнеўнай будоўлі. Але бальшыня спадзявалася, што цяжкасьці часовыя і абавязкова вырашацца. Як Аляксандар Цяляк — «вэтэран» «Вежы-179»: чальцом каапэратыву ён стаў яшчэ ў 2010 годзе:

«На пачатку 2011-га пачаў выплочваць паявыя ўнёскі — будоўля то пачыналася, то спынялася. У 2013-м дом трапіў у сьпіс даўгабудаў, а на момант аднаўленьня працаў я страціў статус для льготнага крэдытаваньня. Працягваў за ўласныя сродкі. Сумы, выстаўленыя на агульных сходах, аплочваў своечасова і ў поўным абʼёме — узяў крэдыт у банку пад 39,5% для пагашэньня паю за апошнія месяцы. Разьлічваў на свае сілы, прыблізны кошт кватэры мяне задавальняў. На сходах выступалі прадстаўнікі выканкаму і будтрэсту, запэўнівалі, што цана калі і зьменіцца, то ў меншы бок: маўляў, дом праблемны, на кантролі ў прэзыдэнта. Але пасьля здачы аказалася, што я вінен 172 мільёны недэнамінаваных рублёў! Для мяне сума непадʼёмная. Выйшаў з каапэратыву, але грошы не вярталі, адпаведна, ня мог плаціць крэдыт, даўгі, за найманую кватэру. Зноў вярнуўся і ня бачу ніякага выйсьця...»

Сьпіс прэтэнзіяў да будаўнікоў
Сьпіс прэтэнзіяў да будаўнікоў

Некаторыя жыльцы ўсё ж засяліліся ў свае праблемныя кватэры, але пры гэтым аўтаматычна сталі закладнікамі замкнёнага кола: бяз сплаты доўгу іх не прапісваюць, а пакуль у кватэры ніхто не прапісаны, трэба плаціць 100% камунальных паслугаў.

«Мы пачыналі будаўніцтва як шматдзетная сямʼя, у нас малыя дзеці — тлумачыць іншы закладнік даўгабуду Яўген Майко. — Нас пераканалі, што дом пад асаблівым кантролем, нечаканасьцяў ня будзе. Крэдыту на льготныя мэтры не хапіла, мы аплацілі 100% кошту за пазычаныя грошы і чэкі „Жыльлё“, якія нам падарылі бацькі. І шок! Пасьля ўводу дому нам налічылі яшчэ 20 тысяч даляраў! Прапіскі не даюць, штомесяц плацім 5 мільёнаў рублёў за камунальныя паслугі. Мы на мяжы галечы, у нас няма сродкаў да існаваньня, суд нас ня чуе. А яшчэ і дзяржпошліну налічылі, ведаючы, што ў бальшыні няма сродкаў, каб судзіцца далей. Тым больш у гарвыканкаме пра гэта ведаюць, прыносілі даведкі аб сваіх даходах. Хто абароніць нашых дзяцей ад самаўпраўства, паспрыяе дамагчыся хоць бы судовай экспэртызы, калі ў казьне няма сродкаў на тое, каб нас падтрымаць?».

«Рымашэўскі, куды зьнікаюць сродкі каапэратыву?»

Разьвязаньню тупіковай сытуацыі не спрыяе нават статус асобных жыльцоў — сярод забудоўшчыкаў ёсьць ардэнаносныя маці-гераіні, якіх Аляксандар Лукашэнка ўзнагароджвае асабіста:

«У нас 5 дзяцей, жонка мае ордэн маці, — кажа салігорац Сяргей Шафрановіч. — Жонка прадавец (цяпер у дэкрэце), я кіроўца. Нам некалькі разоў прапаноўвалі каапэратывы для будаўніцтва, але ўсюды патрабавалі ўносіць уласныя сродкі, якіх у нас няма. У заяве мы ўказалі, што мы маламаёмныя і нам ня трэба прапаноўваць дарагія варыянты. Нам параілі ўвайсьці ў каапэратыў „Вежа-179“ — даўгабуд, які на кантролі ў прэзыдэнта і здаецца літаральна праз пару месяцаў. Дапамаглі сабраць дакумэнты, за два дні адкрылі крэдытную лінію. Дом сапраўды хутка здалі, але паведамілі, што трэба заплаціць... 16 тысяч даляраў! Альбо плаці, альбо суд і канфіскацыя. У мяне 5 дзяцей, я адзін кармілец. Што зь мяне ўзяць? І дзе мне ўзяць такія грошы? Я скідваўся на адвакатаў, на пазовы, але нам прызначылі ўпаўнаважаную асобу па кіраваньні домам, і кудысьці ўсё зьнікла. Без дапамогі ў дакрэдытаваньні доўга мы не працягнем...»

Інэса Церашкова адна выхоўвае двух сыноў: адзін першаклясьнік, другі — інвалід І групы зь дзяцінства. Кватэры чакае ад 2010 году, але чым далей, тым большы адчай:

І што рабіць мне — за доўг амаль у 300 мільёнаў лезьці ў пятлю? Дзе ўзяць такія грошы, жывучы на дапамогу па доглядзе за інвалідам?

«Вакол нашага дому адбываецца самаўпраўства. Прызначылі ўпаўнаважаным камунальнае прадпрыемства „Комплекс“, якое без усялякіх дамоваў сьпісвае ўсе сродкі з рахункаў нашага каапэратыву. Гэты ж „Комплекс“ у 2011 годзе па дамове субпадраду пачаў працы на будаўніцтве. Цяпер яны зьвярнуліся ў суд, схаваўшы ўсе дакумэнты — маўляў, ніякая будоўля і не пачыналася. Але гэта хлусьня, я плаціла ім у 2011-м вялікія грошы. А цяпер усё шыта-крыта, ім прэзыдэнцкае распараджэньне ня ўказ, мы задняй датай ужо не даўгабуд. Таму робяць усё, каб не дапусьціць судовай экспэртызы, бо разумеюць: калі іх правераць на 100%, то ня мы, а яны будуць вінныя нам. Як так магчыма, што нічога не баяцца? І што рабіць мне — за доўг амаль у 300 мільёнаў лезьці ў пятлю? Дзе ўзяць такія грошы, жывучы на дапамогу па доглядзе за інвалідам?»

Паводле Інэсы Церашковай, яшчэ ў траўні 2014 году яе выклікалі ў гарвыканкам, каб яна адказала на пытаньне, чаму своечасова не аплаціла чарговы пай. Тады жанчына хацела выйсьці з каапэратыву, але супрацоўнікі жыльлёвага аддзелу пераканалі пазычыць грошай, бо дом кроў з носу будзе здадзены не пазьней за 1 ліпеня — загад прэзыдэнта. І запэўнілі, што канчатковая сума будзе пералічаная ў бок зьніжэньня.

На нажыўку танных квадратных мэтраў папаліся практычна ўсе, хто паверыў у цудадзейную сілу Лукашэнкі і ягонай вэртыкалі. Аднак пайшоў трэці год, а людзям толькі і застаецца, што пазіраць у цёмныя вокны свайго праблемнага дому.

Дарэчы, нават няўзброеным вокам шмат хто канстатуе разыходжаньне паміж абяцаным наборам выгодаў і тым, што атрымалася на выхадзе. Напрыклад, замест прыстойных шклопакетаў — бюджэтны варыянт вокнаў, якім шкляць адміністрацыйныя карпусы. Меркавалася, што сьцены будуць уцепленыя, а іх проста пафарбавалі. Дарагія электронныя лічыльнікі не працуюць з прычыны тэхнічнага збою сыстэмы. Спробы перагледзець закладзены кошт і асвоеныя сродкі нічога не далі. У гэтым зьвязку людзі патрабуюць калі не суду, то адкрытасьці хаджэньня сродкаў на рахунках свайго каапэратыву.

«Я стала чальцом каапэратыву ў ліпені 2014 году, — кажа шматдзетная маці Жанна Баталава. — Мала таго, што мяне падманулі — цана пералічвацца ня будзе, стане яшчэ меншай — дык яшчэ і не прапісваюць. Я трачу ўвесь заробак на 100-працэнтную камуналку. І гэта з улікам таго, што плаціла ўжо па новай цане — выдаткі пакрыў крэдыт, таму што будую адну кватэру, а ня дзьве. Прызначылі ўпраўляючым „Комплекс“, але домам без дамовы кіруе Вольга Яфімава, яна сьпісвае ўсе сродкі з рахунку каапэратыву. За два гады не правяла ніводнага сходу, не паставіла ў вядомасьць па затратах. Мяне не прапісваюць нібыта за доўг па ўнёсках (сяброўскія і на юрыста). Так, я не здавала грошы, але ж юрыста ў нас няма! Мы самі ўсё аплочваем, наяўнымі. І я ня буду плаціць тым, хто парушае дамову і Жыльлёвы кодэкс. Час навесьці парадак у каапэратыве, абавязаць упраўляючую кампанію даць справаздачу, куды Яфімава сьпісала ўсе грошы».

Колішняя кіраўніца жыльлёва-будаўнічага каапэратыву «Вежа» Юлія Адайнік лічыць: яе наступнік на пасадзе павінен працаваць на карысьць пацярпелых людзей, а не «Будтрэсту № 3». А паколькі такога імпэту не назіралася, людзі сабралі сродкі на аказаньне юрыдычных паслугаў па абароне інтарэсаў каапэратыву і падрыхтавалі пазоў да будаўнічай арганізацыі. Аднак з ініцыятывы ўпаўнаважанай асобы рух усіх дакумэнтаў быў спынены, справа да суду так і не дайшла. Паколькі спрэчка ня вырашаная, у каапэратыва расьце памер агульнай завінавачанасьці, а пэрспэктыва засяленьня ў новыя кватэры становіцца ўсё больш прывіднай.

Пакрыўджаныя чальцы каапэратыву
Пакрыўджаныя чальцы каапэратыву

Як тлумачыў канфліктную сытуацыю намесьнік генэральнага дырэктара «Будтрэсту № 3» Аляксей Кузьмін, будаўніцтва дома пачалося ў 2011 годзе, але з прычыны адсутнасьці фінансаваньня тэрміны неаднаразова карэктаваліся. Фактычна да закладкі падмурку прыступілі ў сьнежні 2013-га. А 30 чэрвеня 2014 году — у апошні дзень перад днём «Ч» — быў падпісаны акт на ўвод жылога дому.

Па словах Аляксея Кузьміна, заказчыкам будоўлі выступала Салігорскае ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва, дамова зь якім была складзеная ў цэнах жніўня 2013 году. Але цягам будаўніцтва індэкс штомесяц удакладняўся. У зьвязку з падаражэньнем матэрыялаў і працаў, каштарыснага кошту і іншых выдаткаў пералік быў праведзены паводле індэксаў траўня 2014-га. Менавіта таму, словамі Кузьміна, кошт абʼекта ўзрос у паўтара раза.

Але куды падзеліся сродкі, якія «каапэратары» пачалі ўносіць яшчэ ў 2011 годзе? Выглядае, што да канца 2013-га, пакуль будаўніцтва, па сутнасьці, было замарожанае, грошы недзе круціліся і спраўна прыносілі прыбытак. Адно што зусім ня тым, хто разьлічваў на іх больш эфэктыўнае асваеньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG