Савет міністраў Беларусі апублікаваў пастанову аб будаўніцтве жытла і абʼёмах дзяржаўнага фінансаваньня будаўніцтва ў 2017 і 2018 гадах.
Абʼёмы будаўніцтва маюць скараціцца: і на 2017, і на 2018 гады заплянавана ўвесьці ў эксплюатацыю 3,5 млн м² жытла. У 2015 годзе было ўведзена больш за 5 млн м², за 2016 мае быць каля 4 млн м² (паводле Белстату, 3,8 млн м² уведзена за студзень-лістапад).
Значна скароціцца дзяржаўнае фінансаваньне будаўніцтва жытла. Калі ў 2015 годзе было ўведзена ў эксплюатацыю 1,6 млн м² жытла, збудаванага зь дзяржаўнай падтрымкай, а за студзень-лістапад 2016-га — 0,9 млн м², то на 2017 год плянуецца 0,375 млн м², а на 2018-ы — 0,186 млн м². І гэта з пазнакай: пры наяўнасьці фінансаваньня.
«І гэта шмат, бо чакаюць дна»
«Дзяржаўная падтрымка была, калі былі грошы ў бюджэце, калі трэба было стымуляваць унутраны попыт, інвэстыцыйныя выдаткі, — тлумачыць Свабодзе эканаміст Яраслаў Раманчук. — Гэта была мадэль на рост эканомікі, спадзевы, што гэта панацэя на доўгатэрміновы эканамічны рост.
Сёньня відавочна: калі дзірка ў бюджэце, калі падаюць даходы, няма з чаго фінансаваць. А больш за тое, няма і такой патрэбы: мы бачым, як прасядае рынак нерухомасьці. Бурбалка, што надзьмулася за апошнія 10 гадоў, лопаецца, як гэта было ў іншых краінах. Невядома, колькі будзе каштаваць квадратны мэтар жытла. Як улады кажуць, што мэтар квадратны будзе каштаваць як сярэдні заробак, дык у рэгіёнах такое ўжо ёсьць, па 350-400 даляраў.
У гэтым кантэксьце 3,5 млн м² жытла — гэта шмат. Я думаю, што нават на гэты ўзровень ня выйдуць. Браць грошы ў банкаў пад велізарны адсотак мала хто будзе, бо невядома, што будзе з заробкамі і магчымасьцю аддаць гэтыя крэдыты. Іпатэчнае крэдытаваньне ў нас так і не пачало працаваць. Вось жа, думаю, рынак нерухомасьці ў нас чакае доўгая паўза ці нават стагнацыя.
Няма такога попыту за такія цэны — трэба, каб цэны былі значна меншыя. У Менску і абласных гарадах яшчэ будуюць такія алігапалістычныя структуры зь велізарнымі выдаткамі нават напачатку будаўніцтва — напрыклад, трэба аддаць 15% кошту будынку да таго, як пачалі капаць пад фундамэнт. Сёньня няма такога, як 10 год таму, калі людзі мелі нейкія ашчаджэньні. Людзі прадчуваюць, што надыходзіць дзень, калі не да куплі жытла.
Людзі будуць чакаць дна гэтага крызісу на рынку нерухомасьці, а потым ужо будуць купляць. Але, думаю, гэты рынак можа пачаць ажываць налета, калі ўлады не наробяць яшчэ больш памылак у ручным рэгуляваньні эканомікі».